На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі сацыёляг, суаўтар кнігі «Зразумець Беларусь. Запіскі вандроўных сацыёлягаў» Сяргей Барысаў.
Барысаў
- Паколькі я знаходжуся ў Расеі, я часам вымушаны не называць ката катом. За гэта ў нас ужо прадугледжаныя турэмныя тэрміны. Таму прашу прабачэньня за тое, што буду называць рэчы ня тымі імёнамі, якія ім адпавядаюць.
- Калі твая краіна робіць тое, што яна робіць, у многіх людзей разбураецца карціна сьвету. Зараз недарэчныя тэлефонныя апытаньні. Вы ня бачыце таго чалавека, зь якім вы размаўляеце. У вас уключаецца і пачуцьцё самазахаваньня, і пачуцьцё самавызначэньня.
- У такі час у людзей зьяўляецца падзел «свае-чужыя». Тыя, хто не свае, — тыя ворагі. Гэта архаіка, гэта пад слоем цывілізацыі.
- Ёсьць мэм — мая краіна ня мае рацыі, але гэта мая краіна. Ёсьць людзі, якія так лічаць. Маюць свае рацыю ці не, потым разьбярэмся. Праўда, жыцьцё паказвае, што ніякага «потым» ня будзе. Я б не сьпяшаўся называць людзей, якія так разважаюць, крыважэрнымі монстрамі.
- У гэтай сытуацыі не выпадае спадзявацца, што нехта будзе падаваць аб’ектыўную інфармацыю. У галовах людзей каша. Чалавек можа на адно і тое ж пытаньне, проста крыху інакш сфармуляванае, даць супрацьлеглыя адказы.
- Калі ЗША вялі вайну ў Віетнаме, у Амэрыцы быў масавы антываенны рух. Але тады ж, паводле сацыялягічных апытаньняў, там разьмеркаваньне думак было 50 на 50. Прыкладна палова амэрыканцаў не падтрымлівалі антываенны рух.
- У Беларусі няма рудымэнтаў імпэрскай сьвядомасьці, якія прысутнічаюць у сьвядомасьці расейцаў. Стаўленьне беларусаў да агрэсіі, да сілавых спосабаў вырашэньня жыцьцёвых праблемаў — яно рознае ў расейцаў і беларусаў.
- Беларусы разумеюць, што калі іх дзяржава, іх войска будзе наўпрост удзельнічаць у канфлікце, то гэта будзе мець вельмі сурʼёзныя наступствы.
- Тут велізарная маральная праблема. Краіны, якія ўратавалі сьвет, губляюць свой маральны капітал. З гэтым і ў Расеі складана. А ў Беларусі тым болей.
- У Расеі зараз галоўнае пытаньне, якое задаюць людзі, — навошта? Ніхто не разумее адказу на гэтае пытаньне.
- У беларусаў вельмі абвостранае пачуцьцё кепскіх наступстваў і імкненьне іх пазьбегнуць. Беларуская памяркоўнасьць фармавалася стагодзьдзямі. Тут падзел праходзіць не зусім па лініі — пратэст ці ляяльнасьць уладзе. Шмат што будзе залежаць ад таго, ці будзе Беларусь «у адным акопе» з Расеяй у гэтай вайне.
- Расея ўжо атрымала велізарныя рэпутацыйныя страты і будзе працягваць іх несьці. І гэта будзе адбівацца і на Беларусі. Асноўныя санкцыі цяпер накладзеныя і на Расею, і на Беларусь.
- Калі Беларусь захавае свой голас, калі знойдзе магчымасьць дыстанцыявацца, тады ёсьць шанцы, што яна захаваецца.
- Беларуская грамадзкая думка можа сказаць уладзе — гэта ня наша вайна. І ўкраінцы нам браты не таму, што ў нас добрыя адносіны з Расеяй. У нас асобныя адносіны з Украінай і з украінцамі. І мы ня хочам іх разбураць з прычыны адносінаў з трэцяй, хай і братэрскай краінай — Расеяй.
- У сьвеце, акрамя міжнароднага права, ёсьць і права сілы. Гэта ня значыць, што таго, хто гэтым правам валодае, паважаюць. Але зь ім лічацца. На гэтым і пабудаваная лёгіка Крамля.
- Ня выключана, што малая ў параўнаньні з Расеяй Беларусь скажа — трэба быць рэалістамі. Давайце мы перабудуемся пад сілу. Мы ўсе хочам, каб сьвет будаваўся на праве закону і дабра. Але мы бачым, што гэта не зусім так, а мо і зусім ня так.
- Ранейшае стаўленьне беларусаў да Расеі, безумоўна, зьменіцца.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.