Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 сакавіка: Зьмітра Дашкевіча і ягоную цяжарную жонку Насту выклікалі на допыт

абноўлена

Сям'я Дашкевічаў
Сям'я Дашкевічаў

Пра гэта актывіст Зьміцер Дашкевіч паведаміў у фэйсбуку.

«Калі прыйшла позва на трэці допыт, я ня проста спужаўся — я разгубіўся, бо разам з позвай на мяне прыйшла позва і на маю жонку Насту. Нас выклікалі на допыт удваіх, а пойдзем мы ўтраіх», — падкрэсьліў Зьміцер Дашкевіч.

Ён зазначыў, што гэта, напэўна, найцяжэйшае выпрабаваньне ў ягоным жыцьці.

«Я ці не ўпершыню за змагарскія гады задумаўся, заставацца нам ці ехаць. Я разумею: каб жыць спакойна, трэба ехаць. Каб стаць героем — трэба ехаць і абвінавачваць тых, хто застаўся. А так што я тут: сяджу пад акупацыяй, рэжым не валю і танкі не спыняю — агент і здраднік, дый толькі. Але для мяне заставацца ў Беларусі — найцяжэйшае штодзённае рашэньне. І нават не таму, што зона (там нічога новага), а таму, што ты не належыш сам сабе. Вядома, можна было б жыць спакойна. І нават стаць там героем. Але я не хачу такога геройства. Дый сёньня нават ніякага не хачу. Я хачу проста данесьці свой крыж».

Зьміцер ня ўпэўнены, што вернецца з допыту дадому:

«Калі я вярнуся сёньня, я ня ведаю, ці я вярнуся наступны раз. Але дазвольце мне паўтарыць тое, што я напісаў больш за тысячу разоў у лістах палітвязьням: сёньня нам трэба з усяе моцы ўчапіцца за Ісуса Хрыста і родную мову, толькі тады выратуемся — і кожны з нас як асоба, і мы ўсе разам — як нацыя. На зоне нічога новага, і гэта не канец сьвету. Таму за мяне не хвалюйцеся».

Ён заклікаў памаліцца за ягоную цяжарную жонку Насту «і таго, хто ў яе пад сэрцам і пойдзе на допыт разам зь ёю».

Актывіст і колішні лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны паводле крымінальных артыкулаў у 2006 і ў 2011 гадах. Правёў за кратамі некалькі гадоў.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020-га ён двойчы адбыў адміністрацыйны арышт — у студзені 2021 году пасьля затрыманьня ў Курапатах, дзе ён цягам двух з паловай гадоў штопятніцу трымаў варту каля рэстарацыі «Поедем поедим» і ўвосень 2020 году — за ўдзел у шэсьці 25 кастрычніка.

Жыхару Смаргоні прысудзілі 2,5 гады «хіміі» за малюнак і надпісы пра Лукашэнку ў «Однокласниках»

15-16 сакавіка суд Смаргонскага раёну разглядаў справу мясцовага жыхара Яўгена Шулюка, якога абвінавачвалі паводле ч.1 арт. 367 КК РБ («Паклёп на прэзыдэнта»). У віну мужчыне ставілі тое, што на сваёй старонцы ў «Однокласниках» ён разьмясьціў знойдзены ў інтэрнэце малюнак з выявай Лукашэнкі з надпісамі, якія зьмяшчалі словы «коварен», «жаден», «таракан», «обманщик» і іншыя. Судова-лінгвістычная экспэртыза вырашыла, што гэтыя словы абразьлівыя, нэгатыўна характарызуюць Лукашэнку і зьмяшчаюць у сабе паклеп, паведамляе «Вясна».

Палітвязьня Сяргея Красоўскага асудзілі да 1,5 гадоў калёніі агульнага рэжыму

Такі прысуд сёньня вынес у судзе Маскоўскага раёну судзьдзя Юры Машкетаў, піша «Вясна». Палітвязьня прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Ён знаходзіцца пад вартай ужо амаль 5 месяцаў. Падставай для завядзеньня справы стаў ягоны ўдзел у «счэпцы» на акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году. У той дзень ён быў моцна паранены.

Юлію Гарачка асудзілі да года калёніі, але вызвалілі з-пад варты па прычыне адбыцьця пакараньня

У судзе Савецкага раёну Менску вынесьлі прысуд па крымінальнай справе валянтэркі і актывісткі «Нашага Дому», палітзьняволенай Юліі Гарачка. Яе абвінавацілі ў «падрыхтоўцы асобаў (па матэрыялах абвінавачаньня, ня менш за 178 чалавек) для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч. 2 арт. 342 КК РБ). Юлія кампэнсавала і сплочвала штрафы і іншыя выдаткі ахвярам рэпрэсій.

Судзьдзя Сяргей Шаціла прысудзіў ёй год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысудам суда Час затрыманьня і ўтрыманьня пад вартай залічаны ў тэрмін адбыцьця пакараньня, у выніку Гарачку вызвалілі з-пад варты ў залі суда, паведамляе «Вясна».

Жыхара Бараўлянаў арыштавалі на 10 дзён за пікет супраць вайны ва Ўкраіне

14 сакавіка ў Бараўлянах затрымалі 38-гадовага Віталя Азаронка за адзіночны пікет супраць вайны ва Ўкраіне. У РАУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). У чым дакладна выявіўся пікет — невядома. Суд Мінскага раёну 15 сакавіка прызначыў Азаронку 10 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе «Вясна».

У Менску суседзяў затрымалі пасьля таго, як яны спрабавалі ачысьціць бамбасховішча Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 15 сакавіка ў адным зь менскіх двароў затрыманыя двое суседзяў. Яны ачышчалі бамбасховішча, пасьля чаго ў двор заехалі «бусікі» і сталі правяраць ува ўсіх тэлефоны. Суседзі пасьпелі зайсьці ў пад’езд, але супрацоўнікі міліцыі прыйшлі па іх і прымусілі паказаць тэлефоны. Дзе яны зараз — невядома.

Затрымалі кікбаксэра Івана Ганіна

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманьне кікбаксэра Івана Ганіна. Яго забралі з дому ў Менску, піша @viasna96. Пазьней стала вядома, што яго выпусьцілі.

Іван Ганін — шматразовы чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу і тайскім боксе. Вядома, што ў 2020 годзе Ганіна і лёгкаатлета, алімпійскага прызэра Андрэя Краўчанку асудзілі на 10 сутак.

Раней Ганін і Краўчанка асудзілі гвалт з боку сілавікоў і выступілі за новыя сумленныя прэзыдэнцкія выбары. Абодва ўваходзяць у Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў.

На 15 сутак арыштавалі былога палітвязьня Алега Корбана

Лідэра грамадзкай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алега Корбана затрымалі ўвечары 14 сакавіка ў Менску. Ён ішоў ад лекара праз парк у Драздах, яго спынілі супрацоўнікі, праверылі прозьвішча па базе і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС. Там на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне). У чым яно выяўлялася — невядома. У выніку суд Цэнтральнага раёну арыштаваў Алега на 15 сутак, паведамляе «Вясна».

У Мазыры затрымалі супрацоўніка НПЗ

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што сёньня ў Мазыры на працоўным месцы затрымалі рабочага мясцовага НПЗ Вячаслава Прушака. Падрабязнасьці здарэньня высьвятляюцца. Пакуль невядома, дзе цяпер знаходзіцца мужчына.

Паўла Вінаградава асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі

Паўла Вінаградава затрымалі 22 сьнежня 2021 году ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязень стаў фігурантам крымінальных спраў па арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на прэзыдэнта) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Сьледзтва па «справе Вясны» працягнулі яшчэ на 2 месяцы

Сьледзтва па «справе Вясны» працягнулі да 14 траўня. Ужо 245 дзён пад вартай застаюцца старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, намесьнік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімер Лабковіч. Іх абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 342 КК), а таксама ў арганізацыі групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК). Таксама вядома, што розных людзей актыўна працягваюць выклікаць на допыты па гэтай справе.

Пэнсіянэрка Алена Гнаўк адзначае 65-годзьдзе ў «Навінках»

Сёньня Дзень народзінаў адзначае актывістка з Пружанаў Алена Гнаўк. Днямі яе перавялі з «Валадаркі» ў «Навінкі» для псыхіятрычнай экспэртызы.

Ёй выставілі абвінавачваньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Згодна з матэрыяламі справы, Гнаўк у лістападзе 2021 разьмясьціла ў Facebook і Instagram «загадзя ілжывыя зьвесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена распавядала пра курдзкія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі. Цяпер жанчыне пагражае да 6 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG