У Гомлі завялі крымінальную справу за фота расейскай тэхнікі
Ліцэіст з Гомельскай вобласьці сфатаграфаваў вайсковую тэхніку для тэлеграм-канала. Супраць яго завялі крымінальную справу, піша «Вясна»
У канцы лютага — пачатку сакавіка падлетак сфатаграфаваў расійскую вайсковую тэхніку і яе перамяшчэньне. Здымкі ён адправіў у тэлеграм-канал, прызнаны беларускімі ўладамі экстрэмісцкім.
Хлопца затрымалі, у дачыненьні да яго распачалі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 361-4 КК (Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Жыхару Берасьця прысудзілі 2,5 года зьняволеньня за заклік разабрацца зь міліцыянтамі
У Берасьцейскім абласным судзе прайшоў разгляд справы Аляксандра Базарава, піша «Вясна». Яго абвінавацілі ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або розьні» і прысудзілі яму 2,5 года калёніі.
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, мужчына «разьмясьціў паведамленьне, якое зьмяшчае выказваньне пабуджальнага характару, якое заклікае да гвалтоўна-агрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі». Што менавіта напісаў Аляксандар Базараў — невядома.
Вырак у Мазыры за акцыю, якая не адбылася
9 сакавіка ў Мазыры на 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму асудзілі Антона Кошчанку, піша «Вясна».
Судзьдзя Валянціна Новікава абвінавацілі яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (арт. 342 КК).
Згодна з матэрыяламі справы, Кошчанка распрацаваў і зьмясьціў на абмеркаваньне ў мясцовым тэлеграм-канале плян Палескага шляху-2020 на ўзор Балтыйскага шляху 1989 году. Людзі меліся стаць жывым ланцугом спачатку ад Мазыра да Калінкавічаў, а пазьней маглі далучацца і жыхары іншых гарадоў і вёсак.
Аднак такой падзеі ў 2020 годзе ў мазырска-калінкавіцкім рэгіёне не адбывалася.
Таксама нібыта Кошчанка ў жніўні 2020 году прапанаваў блякаваць райвыканкам, РАУС, пракуратуру і Сьледчы камітэт ды патрабаваць ад іх выкананьня заканадаўства, нібыта заклікаў выкарыстоўваць кактэйлі Молатава.
У Жодзіне для затрыманых ня будуць прымаць перадачы яшчэ мінімум два тыдні
Праваабаронцам стала вядома, што для затрыманых па адміністрацыйных справах у ІЧУ Жодзіна ня будуць прымаць перадачы з 9 па 17 сакавіка.
На мінулым тыдні перадач таксама не прымалі ні ў жодзінскім ізалятары, ні ў ІЧУ на Акрэсьціна. Прычына — каранавірус. Перадаваць можна толькі лекі.