Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маскуюць пад шкло і трубы». Як расейскія войскі могуць выкарыстоўваць беларускую чыгунку для падвозу боепрыпасаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З канца мінулага тыдня ў тэлеграм-каналах зьявіліся фатаздымкі адразу зь некалькіх станцый Беларускай чыгункі, на якіх, як мяркуецца, зафіксаваныя доказы перавозкі боепрыпасаў з дапамогай цывільнай інфраструктуры.

Інфармацыя пра тое, што інфраструктуру Беларускай чыгункі Расея выкарыстоўвае для перавозкі сваіх салдатаў і вайсковай тэхнікі, пачала зьяўляцца амаль адразу пасьля абвяшчэньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць 2022», у канцы студзеня. У беларускіх тэлеграм-каналах зьявіліся дзясяткі фота і відэа з расейскімі чыгуначнымі вайсковымі эшалёнамі. Асабліва часта такія цягнікі бачылі на чыгуначных станцыях у Асіповічах, Оршы і Баранавічах. Гэта вузлы, адкуль расейскую тэхніку везьлі альбо далей па чыгунцы ў кірунку ўкраінскай мяжы, альбо выгружалі з плятформаў і яна дабіралася на месца сваім ходам.

Усё гэта прывяло да некалькіх дывэрсій на чыгунцы, у выніку якіх беларускія спэцслужбы затрымалі каля дзясятка чалавек, некаторых зь іх абвінавацілі ў спробе зьдзейсьніць акт тэрарызму. Паводле беларускага заканадаўства, за гэта можа пагражаць нават 15 гадоў турмы. Спробы як мінімум запаволіць рух расейскіх вайсковых грузаў па беларускай чыгунцы не спыняюцца дагэтуль. Сапсаваная ў канцы лютага сыстэма продажу электронных квіткоў на БЧ запрацавала толькі 13 сакавіка. Праблемы зь іншымі электроннымі сыстэмамі беларускай чыгункі, адказнымі за арганізацыю руху цягнікоў, па інфармацыі Свабоды, ня выпраўленыя дагэтуль.

«Калі вы чыгуначнік, не выконвайце злачынны загад»

У пятніцу 11 сакавіка да беларусаў з адмысловым відэазваротам зьвярнуўся кіраўнік «Укрзалізниці» Аляксандар Камышын. На відэа ён кажа, што ведае шмат каго са сваіх беларускіх калег-чыгуначнікаў, перакананы, што сярод іх ёсьць сумленныя людзі, і просіць іх перашкодзіць руху войскаў у бок Украіны.

«Я зьвяртаюся да беларусаў, — сказаў Камышын. — Да чыгуначнікаў, калгасьнікаў, людзей іншых прафэсій, і мірных, і вайскоўцаў. Нашая выведка кажа пра тое, што сёньня вашыя войскі высоўваюцца ў бок Украіны. Я вас прашу, я ведаю, сярод вас засталіся яшчэ сумленныя людзі. Зрабіце ўсё, што ў вашых сілах, каб спыніць вашыя войскі. Словам і справай. Словам — паспрабуйце пераканаць. Справай — калі вы чыгуначнік, не выконвайце злачынны загад, сабатуйце. Не вязіце тэхніку і войскі да межаў з Украінай».

Інфармацыі пра тое, што беларускія войскі да мяжы з Украінай перакідаюць з дапамогай чыгункі, пакуль не зьяўлялася. Мінабароны афіцыйна пацьвердзіла што туды перамесьцяць пяць батальённа-тактычных груп (каля 5 тысяч чалавек. — РС), але ў сеціва пакуль траплялі толькі фота аўтамабільных калён з тэхнікай беларускага войска. Але за дзень да звароту кіраўніка ўкраінскай чыгункі да беларусаў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом» апублікаваў некалькі фатаздымкаў, зробленых, як сьцьвярджае іх аўтар, у Баранавічах на тэрыторыі станцыі «Лякаматыўнае дэпо».

«Лякаматыўнае дэпо» ў Баранавічах разьмешчанае на паўднёвы захад ад станцыі «Баранавічы Цэнтральныя» ў кірунку на Берасьце. Гэта зусім побач зь мясцовым СІЗА, куды падчас пратэстаў 2020 году масава прывозілі затрыманых на акцыях пратэсту ў Менску. На апублікаваных кадрах бачна, што людзі ў форме займаюцца выгрузкай вялікіх прадаўгаватых прадметаў з так званых «паўвагонаў» — аднаго з самых пашыраных тыпаў цывільных таварных вагонаў, якія выкарыстоўваюцца ў постсавецкіх краінах. На вагонах можна заўважыць фірмовы лягатып «РЖД», выгружаюць іх зьмесьціва з дапамогай звычайнага аўтамабільнага крана.

«Разгружаюць уначы, побач жылыя дамы»

Інфармацыя пра тое, што па беларускай чыгунцы расейцы возяць боепрыпасы для вайны ва Ўкраіне і выкарыстоўваюць для гэтага звычайныя вагоны, зьяўлялася і раней. Як расказаў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў вялікай вузлавой станцыі, чыгуначнікі актыўна абмяркоўваюць такія зьвесткі, і далёка ня ўсім гэты стан рэчаў падабаецца.

«Пра гэта гавораць яшчэ з пачатку вайны, з канца лютага, — расказаў суразмоўца. — Вагоны звычайныя, іх дастаўляюць на звычайныя таварныя станцыі для разгрузкі, потым ахова вайсковая за імі глядзіць. Машыністы нават ня ведаюць, што яны перавозяць у цягніках, у нас жа шмат расейскіх вагонаў. Разгружаюць уначы, дамы побач жылыя часта ёсьць. У Баранавічах так і ў Асіповічах. Усё можа здарыцца».

Па словах суразмоўцы, усе небясьпечныя грузы на чыгунцы павінны пазначацца адмысловым кодам, для гэтага звычайна выкарыстоўваюцца асаблівыя вагоны. Аднак іх лёгка адрозьніць ад звычайных, і перавозкі боепрыпасаў могуць страціць сакрэтнасьць. Пра перавозку расейскіх боепрыпасаў паведамляюць таксама чыгуначныя тэлеграм-каналы.

«Сёньня вечарам са станцыі „Баранавічы-Цэнтральныя“ ў складзе грузавога цягніка адправілася група вагонаў (14 вагонаў) з авіяцыйнымі бомбамі, — напісаў адзін зь іх 12 сакавіка. — Станцыя прызначэньня — Лунінец. Уначы будзе выгрузка».

Паводле інфармацыі ўкраінскай выведкі, менавіта вайсковы аэрадром «Лунінец» выкарыстоўвае расейская авіяцыя для налётаў на Луцк, Роўна і Чарнігаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца расейскія штурмавікі СУ-25 і зьнішчальнікі-бамбавікі СУ-34. Вылеты з Лунінца пацьвярджаюць таксама пілёты зьбітых расейскіх самалётаў, якія трапілі ў палон да ўкраінцаў.

12 сакавіка ў тым жа тэлеграм-канале зьявіліся здымкі са станцыі ў Баранавічах. Як сьцьвярджае аўтар фота, на ім можна ўбачыць беларускіх вайскоўцаў, якія ахоўваюць расейскія таварныя вагоны.

«На чыгуначным вакзале „Баранавічы-Цэнтральныя“ заўважана 7 паўвагонаў і адзін крыты вагон РФ, — піша сьведка. — Каля іх стаіць вайсковая машына, мяркуючы па ўсім, на беларускіх нумарах. Што знаходзіцца ў вагонах, у дадзены момант невядома. Можна меркаваць, што выгрузка зьмесьціва будзе праходзіць у вячэрні ці начны час».

«Адпраўнік — Аршанскі авіярамонтны завод»

У нядзелю 13 сакавіка тэлеграм-канал belzhd_live таксама паведаміў пра падрабязнасьці магчымай перавозкі расейскіх боепрыпасаў па Беларусі.

«Выяўлены цікавыя дэталі перавозак, — гаворыцца ў паведамленьні. — З Аршанскага вузла прайшоў зборны цягнік, у складзе якога ехалі паўвагоны і крытыя вагоны пад плёмбамі. Згодна з перавозачнай дакумэнтацыяй, з трубамі і шклом. Вагоны са шклом едуць з пазнакай — далікатнае. Адпраўнік — Аршанскі авіярамонтны завод. Атрымальнікі — ІП у Мазыры і Калінкавічах».

Аўтар допісу таксама паведамляе, што на прамежкавых станцыях згаданы цягнік спрабавалі праверыць чыгуначнікі. Гэта стандартная працэдура агляду цягніка на маршруце яго руху. Аднак падчас правядзеньня тэхнічнага абслугоўваньня і камэрцыйнага агляду цягніка работнікі станцый заўважылі ў ім вайсковы каравул, які не дазволіў супрацоўнікам БЧ зрабіць іх працу. Паведамляецца таксама, што індывідуальныя прадпрымальнікі, якім нібыта адрасаваны груз з Аршанскага авіярамонтнага заводу, былі зарэгістраваныя 1 і 6 сакавіка 2022 году.

«Такая схема, калі „Груз 100“ (кодавае абазначэньне боепрыпасаў пры іх транспартаваньні. — РС) пры фармаваньні цягніка маскуюць пад шкло і трубы, праварочваецца зараз на многіх станцыях Беларускай чыгункі і пры прыёме гружаных вагонаў з боку РЖД», — сьцьвярджаюць аўтары тэлеграм-каналу.

Аршанскі авіярамонтны завод, згаданы ў паведамленьні пра магчымую схаваную перавозку боепрыпасаў і авіябомбаў, знаходзіцца побач з былым вайсковым аэрадромам «Балбасава», які некалькі гадоў таму спалучылі з новапабудаваным таварным лягістычным цэнтрам. Аэрадром прыстасаваны для таго, каб прымаць, сярод іншага, цяжкія транспартныя вайсковыя самалёты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG