Сыстэма продажу электронных квіткоў на Беларускай чыгунцы не працуе ўжо тыдзень. Як паведамляюць крыніцы Свабоды, не ўдалося ліквідаваць і праблемы з аўтаматызацыяй і кіраваньнем руху цягнікоў, якія ўзьніклі на БЧ у апошнія дні лютага. Адказнасьць за дывэрсіі на чыгунцы бяруць на сябе суполкі «Кібэрпартызанаў» і згуртаваньне былых праваахоўнікаў ByPol.
Чыгуначны тэлеграм-канал @bel_zhd паведамляе, што праблемы з рэгуляваньнем руху ўзьнікаюць на чыгунцы па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у Маладэчне, Берасьці, Гомлі і іншых мясцовасьцях.
«Станцыя „Мінск-Сарціровачны“, — гаворыцца ў адным з паведамленьняў за 28 лютага. — Адсутнасьць магчымасьці афармленьня дакумэнтаў на прыбыцьцё/адпраўленьне цягнікоў з прычыны непрацаздольнасьці АСК САПОД (Сыстэма аўтаматызацыі прадстаўленьня апэратыўных дадзеных), не працуе АСК „Экспрэс“ на станцыях Менскага аддзяленьня Беларускай чыгункі і тэрміналы сыстэмы БУГ-2 на станцыях Негарэлае, Гудагай, Багданаў, Орша-Ўсходняя, Чэрвень і Асінаўка. Выпадак расьсьледуецца».
«Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай»
Вінаватых у пашкоджаньні праграмнага забесьпячэньня БЧ пакуль не знайшлі, афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. Пры гэтым СК і Генпракуратура паведамляюць, што міліцыянты затрымалі некалькі чалавек, датычных да фізычнага пашкоджаньня інфраструктуры чыгункі. Затрыманых абвінавачваюць у тэрарызьме.
«Генэральным пракурорам Рэспублікі Беларусь на падставе прадстаўленых ад Сьледчага камітэту матэрыялаў прынята рашэньне аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле ч.3 арт.289 (акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай) Крымінальнага кодэксу Беларусі, расьсьледаваньне якога даручана Галоўнаму ўпраўленьню па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Сьледчага камітэту», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.
Зьвестак пра асобы затрыманых удзельнікаў «рэйкавай вайны» няшмат. Паводле інфармацыі СК, за падпал чыгуначнай інфраструктуры ля Стоўпцаў былі затрыманыя муж з жонкай. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што яны прызналі віну і раскайваюцца ў зьдзейсьненым. Іншай інфармацыі пра іх няма. Абаіх сужэнцаў зьбіраюцца абвінаваціць у акце тэрарызму, артыкул КК прадугледжвае за гэта пакараньне ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня.
Яшчэ аднаго чалавека спэцслужбы затрымалі ў Сьветлагорску. СК сьцьвярджае, што ён дзейнічаў у змове са сваім сваяком, які пасьля падзей жніўня 2020 году выехаў зь Беларусі ў Літву, дзе хаваўся ад крымінальнага перасьледу. Ад BYPOL затрыманы нібыта «атрымаў заданьне ажыцьцявіць акты тэрарызму на чыгунцы». СК сьцьвярджае, што затрыманы меў «падрабязныя інструкцыі і відэаўрокі пра тое, як вырабляць прылады злачынства і ўчыняць тэракты на чыгуначных аб’ектах».
Адбылося затрыманьне і ў Полацку. Там супрацоўнікі СК арыштавалі 28-гадовага жыхара райцэнтру. Падрабязнасьцяў пра яго справу пакуль няма. У пятніцу 4 сакавіка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйным папярэджаньнем пра недапушчальнасьць дывэрсій на Беларускай чыгунцы.
«Зьвяртаем асаблівую ўвагу грамадзян, што якое-небудзь умяшаньне ў бясьпечнае функцыянаваньне чыгункі можа прывесьці да цяжкіх наступстваў, у тым ліку да траўмаваньня і гібелі людзей, тэхнагенных катастроф, прычыненьня шкоды дзяржаве і іншым субʼектам гаспадараньня, — гаворыцца ў ім. — Ня стаўце пад небясьпеку сябе і навакольных!»
«Боепрыпасы перавозяць у звычайных вагонах»
4 сакавіка стала вядома, што Міжнародная рада чыгунак адхіліла чыгункі Расеі (РЖД) і Беларусі (БЧ) ад сустрэч, форумаў, працоўных груп і атрыманьня пераваг ад сэрвісаў асацыяцыі. На практыцы гэта азначае дадатковыя ўскладненьні ў арганізацыі міжнародных перавозак. Прычынай выключэньня стала салідарнасьць з Украінскай чыгункай.
Новых вайсковых эшалёнаў з расейскай тэхнікай на Беларускай чыгунцы больш не заўважаюць. Паводле інфармацыі чыгуначнага тэлеграм-каналу belzhd_live, гэта яшчэ і таму, што боепрыпасы для расейскіх войскаў сталі падвозіць у звычайных таварных вагонах.
«З прычыны дывэрсій і кібэратак на інфраструктуру Беларускай чыгункі па Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя воінскія эшалёны з тэхнікай і боепрыпасамі расейскіх войскаў», — гаворыцца ў паведамленьні каналу.
Аднак для перавозкі боепрыпасаў прыдумалі новы спосаб. Іх сталі перавозіць у звычайных таварных цягніках. Боепрыпасы грузяць у звычайныя паўвагоны, часта пад тэнтамі.
Крыніцы канала пры гэтым сьцьвярджаюць, што боепрыпасы могуць перавозіцца без пазнакаў на вагонах пра небясьпечны груз, а машыністы лякаматываў, у тым ліку беларусы, могуць нават ня ведаць, які небясьпечны груз вязуць.