Прагнозы Фрэнсіса Фукуямы, якія складаюцца з 12 пунктаў, апублікаваў онлайн-часопіс American Purpose.
- 1. Поўная параза Расеі ва Ўкраіне ўсё бліжэй. Расею падвяло плянаваньне, заснаванае на лжывай здагадцы, што ўкраінцы добразычліва ставяцца да Расеі, а войска Ўкраіны падзе адразу пасьля ўварваньня. Расейскія салдаты везьлі з сабой уніформу для параду ў Кіеве замест дадатковай амуніцыі і харчоў. Цяпер Пуцін накіраваў на гэтую апэрацыю асноўную частку сваіх сіл — у яго няма вялікіх рэзэрваў, якія можна было задзейнічаць у баі. Расейскія войскі загразлі пад рознымі ўкраінскімі гарадамі і цярпяць ад недахопу рэсурсаў і пастаянных нападаў украінцаў.
- 2. Крах іх становішча мог быць раптоўным і катастрафічным, а не адбывацца павольна ў выніку вайны на зьнясіленьне. Войска ў палявых умовах дасягне пункту, калі яно ня зможа ні атрымаць рэсурсы, ні адступіць, і баявы дух выпарыцца. Прынамсі, гэта ўжо адбываецца на поўначы Ўкраіны; расейцы адчуваюць сябе лепш на поўдні, але гэтыя пазыцыі будзе цяжка ўтрымаць, калі групоўкі на поўначы будуць разьбітыя.
- 3. Да таго, як гэта адбудзецца, дыпляматычнае рашэньне канфлікту немагчымае. Не існуе мажлівага кампрамісу, прымальнага як для Расеі, так і для Ўкраіны, улічваючы панесеныя імі на гэты момант страты.
- 4. Рада Бясьпекі ААН чарговы раз даказала сваю бескарыснасьць. Адзінай карыснай рэччу было галасаваньне на Генэральнай Асамблеі, якое дапамагае выявіць дрэнных ці ўніклівых гульцоў у сьвеце.
- 5. Абодва рашэньні адміністрацыі Байдэна — не закрываць неба над Украінай і не перадаваць ёй польскія «МіГі» —былі правільнымі. Яны захавалі халодную галаву ў гэты вельмі эмацыйны час. Лепш, каб украінцы перамаглі расейцаў самастойна, пазбавіўшы Маскву магчымасьці апраўдацца, што на іх напала NATO, а таксама пазьбегнуўшы відавочных магчымасьцяў эскаляцыі. Польскія «МІГі» ня надта дапамаглі б украінцам. Значна важней бесьперапынная пастаўка Javelins, Stingers, TB2, лекаў, камунікацыйнага абсталяваньня для сувязі і абмену выведнымі дадзенымі. Я думаю, што ўкраінскія сілы ўжо карыстаюцца дадзенымі выведкі NATO, якая дзейнічае за межамі Ўкраіны.
- 6. Украіна плаціць вельмі вялікую цану, гэта праўда. Але больш за ўсё шкоды наносяць ракеты і артылерыя, зь якімі ні «МіГі», ні беспалётная зона нічога ня могуць зрабіць. Адзінае, што спыніць кровапраліцьце — гэта параза расейскага войска на зямлі.
- 7. Пуцін не перажыве паразы свайго войска. Яго падтрымліваюць, бо лічаць моцным чалавекам; што ён зможа прапанаваць, калі прадэманструе некампэтэнтнасьць і будзе пазбаўлены сваёй сілы прымусу?
- 8. Уварваньне нанесла велізарную шкоду папулістам ва ўсім сьвеце, якія да нападу выказвалі сымпатыю да Пуціна — Матэа Сальвіні, Жаіру Балсанару, Марын Лё Пэн, Віктару Орбан і, вядома, Дональду Трампу. Палітыка вайны агаліла іх адкрыта аўтарытарныя схільнасьці.
- 9. Гэтая вайна ў пэўнай ступені — добры ўрок для Кітаю. Як і Расея, Кітай на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя нарошчваў нібыта высокатэхналягічныя вайсковыя сілы, але гэтыя сілы ня маюць рэальнага баявога досьведу. Кітайская авіяцыя, пэўна, паўторыць сумны прыклад расейскіх паветраных сілаў, у якіх таксама няма досьведу складаных апэрацый у паветры. Мы можам спадзявацца, што кітайскае кіраўніцтва ня будзе жыць такімі ж ілюзіямі, як расейцы, абдумваючы будучыя дзеяньні супраць Тайваню.
- 10. Спадзяёмся, што Тайвань самастойна зразумее, што трэба рыхтавацца да бою, гэтак сама, як гэта рабілі ўкраінцы, і адновіць прызыў на вайсковую службу.
- 11. Турэцкія дроны «Байрактар» сталі бэстсэлерамі.
- 12. Параза Расеі зробіць магчымым «новае нараджэньне свабоды» і пазбавіць нас ад турботы з нагоды заняпаду глябальнай дэмакратыі. Дух 1989-га будзе жыць і далей, і ўсё дзякуючы групе адважных украінцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.