У сваёй расейскамоўнай калёнцы на сайце Project-syndicate.org Джордж Сорас піша, што ўварваньню 24 лютага папярэднічала доўгая сустрэча Пуціна і Сі Цзіньпіна, пасьля якой яны апублікавалі старанна падрыхтаваны дакумэнт зь пяці тысяч слоў, у якім абвяшчалася цеснае партнэрства дзьвюх краін. Сорас піша, што гэты дакумэнт мацнейшы за любое пагадненьне і абавязкова патрабуе перад сваім прыняцьцем дэталёвых перамоў.
«Я быў зьдзіўлены, што Сі відавочна даваў Пуціну карт-блянш на ўварваньне і вядзеньне вайны супраць Украіны».
Пры падтрымцы Сі Пуцін дамагаўся мары ўсяго свайго жыцьця зь неверагоднай жорсткасьцю, піша Сорас:
«Пуціну хутка споўніцца 70 гадоў, і ён адчувае, што калі хоча пакінуць сьлед у гісторыі Расеі, ён павінен дзейнічаць цяпер або ніколі. Але ў яго скажонае ўяўленьне пра ролю Расеі ў сьвеце. Зважаючы на ўсё, ён лічыць, што расейскаму народу патрэбны цар, за якім той будзе сьлепа ісьці. Гэта прамая супрацьлегласьць дэмакратычнаму грамадзтву, і гэтая канцэпцыя скажае расейскую „душу, эмацыйную да сэнтымэнтальнасьці“».
Між тым Сі, здаецца, зразумеў, што Пуцін «зламаўся», і 8 сакавіка патэлефанаваў прэзыдэнту Францыі Эманюэлю Макрону і канцлеру Нямеччыны Олафу Шольцу і заявіў, што падтрымлівае іх міратворчыя намаганьні, мяркуе аўтар калёнкі.
Сорас заявіў, што напад Расеі на Ўкраіну 24 лютага стаў пачаткам Трэцяй сусьветнай вайны, «якая патэнцыйна можа зьнішчыць нашу цывілізацыю, і застаецца толькі спадзявацца, што да гэтага часу Пуцін і Сі будуць адхіленыя ад улады».
«Калісьці Пуцін быў хітрым апэратыўнікам КДБ, але, здаецца, ён зьмяніўся за апошні час. Прыдумаўшы сабе ідэю-фікс, ён відавочна страціў сувязь з рэальнасьцю. Ён, несумненна, памыліўся ў ацэнцы сытуацыі ва Ўкраіне. Ён чакаў, што рускамоўныя ўкраінцы будуць сустракаць рускіх салдат з распасьцёртымі абдымкамі, а аказалася, што яны нічым не адрозьніваюцца ад украінскамоўнага насельніцтва. Украінцы арганізавалі неверагодна адважны супраціў відавочна пераважным сілам праціўніка».
«Падзеі 2014 году моцна раззлавалі Пуціна. Аднак расейскае войска дрэнна дзейнічала, калі яму загадалі напасьці на ўкраінскіх братоў. Глыбока ўкаранёная карупцыя пры разьмеркаваньні вайсковых дзяржзамоваў таксама адыграла важную ролю ў гэтых слабых выніках. Але замест таго каб вінаваціць сябе, Пуцін, мяркуючы па ўсім, у літаральным сэнсе звар'яцеў. Ён вырашыў пакараць Украіну за тое, што яна супраціўляецца, і стаў дзейнічаць без аніякіх тармазоў. Ён кінуў у бой усё расейскае войска і ігнаруе любыя правілы вайны, напрыклад, без разбору скідаючы бомбы на цывільнае насельніцтва. Пацярпела мноства бальніц; пашкоджаная энэргасетка, якая забясьпечвае Чарнобыльскую АЭС (цяпер занятую расейскімі войскамі). У аточаным Марыюпалі 400 тысяч чалавек сядзяць без вады і ежы ўжо амаль тыдзень».
Сорас дапускае, што Расея прайграе гэтую вайну: ЗША і Эўразьвяз пастаўляюць Украіне абарончыя віды ўзбраеньняў; робяцца спробы купіць зробленыя ў Расеі зьнішчальнікі МіГ, якімі ўмеюць кіраваць украінскія пілёты.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.