Галоўнае на гэты момант
- Перамовы паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі, якія раней праходзілі ў Беларусі, працягваюцца праз відэасувязь. «Створаныя спэцыяльныя працоўныя падгрупы. Пазыцыі Украіны вызначаны жорсткімі папярэднімі дырэктывамі» — заявіў дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што падчас вайны загінулі ўжо 1300 украінскіх вайскоўцаў. Ягоныя словы перадае Hromadske. Пра гэта ён заявіў у размове з прэсай 12 сакавіка.
- Прэзыдэнт Украіны таксама паведаміў, што на сёньняшні дзень Украіна ўзяла ў палон каля 600-700 расейскіх вайскоўцаў.
- Два тыдні працягваецца аблога расейскімі войскамі Марыюпалю, што на Азоўскім моры; 400-тысячны горад акружаны з усіх бакоў, абясточаны, але абараняецца. Гараджане цярпяць ад голаду, холаду, нястачы вады, штогадзінных абстрэлаў.
- За 12 сутак блякады Марыюпалю загінулі ўжо 1582 мірныя жыхары. Гэта здарылася ў выніку расейскіх абстрэлаў, паведамляе марыюпальская гарадзкая рада. Расейскія войскі 5 дзён не прапускаюць у горад гуманітарныя канвоі з харчамі і вадой і аўтобусы для эвакуацыі цывільных.
- Тэрыторыя Херсонскай вобласьці захопленая расейцамі, штодня ў акупаваных гарадах людзі выходзяць на мітынгі за Ўкраіну. Акупацыйныя войскі спрабуюць усталёўваць свае парадкі і агітуюць за далучэньне да Расеі.
- Акупанты выкралі мэра Мелітопаля Івана Фёдарава, які адмовіўся ім падпарадкавацца. Намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Кірыла Цімашэнка паведаміў аб выкраданьні расейцамі мэра Мелітопаля Івана Фёдарава і апублікаваў відэазапіс, як гэта адбывалася.
- Расейскія вайскоўцы забралі з мітынгу ў Мелітопалі каардынатара штодзённых акцый пратэсту ў акупаваным горадзе Вольгу Гайсумаву. Гэта адбылося пасля акцыі пратэсту. Жыхары з раніцы пратэстуюць, патрабуючы вярнуць выкрадзенага напярэдадні мэра Івана Фёдарава.
- Пад абстрэламі з пачатку вайны застаецца Харкаў, траціна жыхароў якога здолела эвакуавацца. У горадзе шматлікія разбурэньні і ахвяры, украінскія войскі і тэрытарыяльная абарона спрабуюць контратакаваць, над Харкавам ужо зьбілі шмат расейскіх самалётаў.
- Расейскія войскі, прыйшоўшы зь Беларусі, працягваюць спробы з поўначы прарвацца ў Кіеў, яны разбурылі і захапілі прыгарады сталіцы Ўкраіны Бучу, Гастомель і іншыя. Украінскае войска трымае абарону Кіева. Паводле мэра гораду Віктара Клічко, амаль палова жыхароў эвакуавалася.
- Расейскія войскі захапілі закрытую Чарнобыльскую АЭС і дзейную Запароскую АЭС. Існуе пагроза радыяцыйнага заражэньня. Самі станцыі застаюцца пад кіраваньнем украінскага пэрсаналу. Лукашэнка заявіў, што на просьбу Пуціна Беларусь дала на станцыю ток са сваёй энэргасыстэмы.
- З пачатку маштабнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны 31 батальённа-тактычная група яе расейскай арміі страціла баяздольнасьць, паведамілі ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.
- У выніку ракетных удараў расейскіх войскаў па Васількове Кіеўскай вобласьці аэрапорт быў цалкам разбураны, у тым ліку ўзьлётная паласа, сховішчы нафтапрадуктаў і боепрыпасаў, паведаміла мэр гораду Натальля Баласіновіч.
Што адбываецца 12 сакавіка
«Трупы расейцаў вязуць у аэрапорт, пачалі закопваць каля гораду». Што адбываецца ў шпіталях і моргах Гомля і Мазыра
Зь першага дня вайны беларускія шпіталі ў Гомлі, Мазыры і Нароўлі пачалі прымаць параненых расейцаў, а моргі — забітых.
Ад крыніц Свабоды з 3 сакавіка паступае інфармацыя, што моргі ў Мазыры і Гомлі перапоўненыя трупамі расейцаў. У Мазыры зь мінулага тыдня іх адразу грузілі ў цягнікі расейскай чыгункі.
«Трупаў было нерэальна шмат! Людзі, якія былі на станцыі Мазыр якраз, выпадкова, былі проста ў шокавым стане ад колькасьці трупаў, якія загружалі ў цягнік», — кажа жыхар Мазыра.
Жыхары Гомля таксама расказваюць, што аўтобусы і ПАЗ (з параненымі расейцамі) і грузавікі «Ўрал» (з забітымі) — частае відовішча ў абласным цэнтры.
Вайскоўцы РФ пачалі паводле сьпісаў затрымліваць актывістаў, журналістаў і былых сілавікоў у Хэрсоне
У акупаваным расейскім войскам Хэрсоне сілавікі РФ перасьледуюць і затрымліваюць украінскіх актывістаў, журналістаў, былых вайскоўцаў і ўсіх, хто не хавае праўкраінскую пазыцыю.
Пра гэта ўкраінскай службе Радыё Свабода распавёў журналіст з Хэрсона Канстанцін Рыжэнка, якога таксама шукаюць.
Паводле яго слоў, у расейцаў ёсьць сьпісы актывістаў, якія выступаюць супраць вайны і акупацыі, ці проста выказвалі сваю праўкраінскую пазыцыю. Таксама шукаюць тых, хто фатаграфуе перамяшчэньне расійскай тэхнікі і перадае інфармацыю ўкраінскім сілавікам.
У Мелітопалі расейскія вайскоўцы прызначылі новага кіраўніка гораду
Ім стала дэпутатка гарадзкога саавету Галіна Данільчанка, якая прадстаўляла так званы «Оппоблок».
Ім стала дэпутатка гарадзкога саавету Галіна Данільчанка, якая прадстаўляла так званы «Опоблок».
Пра гэта пішуць мясцовыя СМІ і гаворыцца ў звароце Данільчанкі. Дэпутатка заклікала мясцовых жыхароў «падстроіць усе мэханізмы пад новую рэчаіснасьць, каб як мага хутчэй пачаць жыць па-новаму».
Раней жыхары Мелітопаля выйшлі на мітынг, патрабуючы вярнуць скрадзенага мэра Івана Фёдарава:
Працягваюцца абстрэлы і бамбаваньні Мікалаева, Дніпра, Крапіўніцкага, Чарнігава
Мэр гораду Дніпро Барыс Філатаў заявіў, што ў выніку авіяўдараў, паводле папярэдняй інфармацыі, у горадзе няма разбурэньняў і пацярпелых. «Працавала супрацьпаветраная абарона. Усе службы працуюць. Папярэдне ахвяр і разбурэньняў няма», — напісаў Барыс Філатаў у сваім тэлеграм-канале.
Мікалаеў таксама моцна абстралялі. «У выніку бамбардаваньня ў розных раёнах адна асоба атрымала раненьне, два снарады трапілі ў жылыя будынкі, яшчэ адзін трапіў у кацельную, у адной з кавярань пачаўся пажар», — паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай вайсковай адміністрацыі Віталь Кім.
У ноч на 12 сакавіка пад бамбаваньне трапіў Чарнігаў, зруйнаваны гатэль «Украіна» ў цэнтры гораду.
Мясцовыя ўлады ў Крапіўніцкім (цэнтар Кіраваградзкай вобласьці) таксама паведамілі пра абстрэлы свайго гораду.
Расейцы раніцай атакавалі з паветра Васількоў у Кіеўскай вобласьці, за 36 км ад Кіева. Расейская авіяцыя скінула ня менш як 6 ракет у раёне вайсковага аэрадрома. Пашкоджаны склад боепрыпасаў. Дэтануюць снарады. Узьнік пажар.
Чарговыя гуманітарныя канвоі і эвакуацыя з аточаных гарадоў
12 сакавіка з Запарожжа ў аточаны расейцамі Марыюпаль накіраваўся пяты гуманітарны канвой, папярэднія не змаглі трапіць у горад праз абстрэлы расейцаў.
Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны, міністар рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заявіла аб арганізацыі пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа 12 гуманітарных калідораў для эвакуацыі цывільнага насельніцтва.
Паводле яе, з Запарожжа ў аточаны расейскімі войскамі Марыюпаль з абавязковым разьмінаваньнем маршруту выйдуць аўтобусы з гуманітарным грузам і з далейшай эвакуацыяй грамадзян на зваротным шляху.
Атакі Кіева спыніліся, расейскія войскі перагрупоўваюцца
«Праціўнік прыпыніў наступ на Кіеў, але не адмовіўся ад намераў атачыць сталіцу. Вораг дэмаралізаваны і ня мае дастаткова сіл і сродкаў для наступу. Абарона Кіева актыўная і прымушае праціўніка пастаянна несьці страты і перагрупоўвацца. Замест гэтага ад бездапаможнасьці і злосьці ён працягвае варварскія бамбардзіроўкі нашых гарадоў», — сказаў кіраўнік кіеўскай вайсковай адміністрацыі Жырноў.
Апошнія некалькі дзён узмацніліся баявыя дзеяньні ў так званым «залатым поясе» Кіева — пад Бучай, Барадзянкай, Кухарамі, Андрэеўкай, Матыжыным і Гарэнічамі.
Адначасова расейскія войскі спрабуюць прарвацца на Кіеў па чарнігаўскім і сумскім напрамках, пэрыядычна праводзячы, як сьцьвярджае Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, наступальныя апэрацыі, а на асобных участках нават часткова пасьпяхова.
Кіеў застаецца галоўнай мэтай расейскіх войскаў. Асобнымі нападамі на навакольныя паселішчы расейцы спрабуюць горад заблякаваць і адрэзаць яго ад галоўных крыніц забесьпячэньня цывільнага і вайсковага сэктару. Раніцай 12 сакавіка расейская артылерыя абстраляла два склады з харчовымі прадуктамі пад Браварамі, а зь іншага боку ўкраінскай сталіцы, у Васількове, зьнішчылі склад боепрыпасаў і нафтабазу.
Расейскія войскі таксама бамбавалі Мікалаеў і аточаны Марыюпаль.
Генштаб Украіны паведаміў, што расейскія войскі нясуць сур’ёзныя страты ў баях. У некаторых населеных пунктах расейцы рабуюць насельніцтва і бяруць людзей у закладнікі.
Камандаваньне паветраных сіл паведаміла, што за 10 сакавіка ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі 10 расейскіх самалётаў, у тым ліку штурмавікі Су-25 і Су-34.
11 сакавіка атакі зазнаў Луцк, у атакаваным будынку пачаўся пажар. У выніку ўдараў расейскай авіяцыі па Луцку (цэнтар Валынскай вобласьці) загінулі 4 грамадзян і яшчэ 6 атрымалі раненьні. Таксама авіяўдары 11 сакавіка былі па Івана-Франкоўску, Харкаве і Чарнігаве.
Уцекачы ад вайны
Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах уцекачоў, з Украіны зьехалі 2 504 893 грамадзяніны. Найбольш — 1 524 903 асобы — знайшлі прытулак у Польшчы. 225 046 грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 176 092 — у Славаччыну, 104 929 — у Малдову, 105 897 — у Расею (пераважна з так званых «народных рэспублік»), 84 671 — у Румынію, 858 — у Беларусь.
Небясьпека на акупаванай расейцамі ЧАЭС
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра намер Расеі справакаваць новую тэхнагенную катастрофу на захопленай расейскімі войскамі Чарнобыльскай АЭС і ўскласьці адказнасьць за гэта на ўкраінскую ўладу.
«Цяпер ЧАЭС цалкам адключана ад сыстэм маніторынгу Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ). Станцыя абясточаная. Расейцы адмовіліся даць доступ на станцыю ўкраінскім рамонтнікам. Замест гэтага па ўказаньні Аляксандра Лукашэнкі туды зайшлі „беларускія спэцыялісты“. Сярод іх пад выглядам атамнікаў заходзяць і расейскія дывэрсанты, якія рыхтуюць тэракт», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.
Міністэрства энэргетыкі Беларусі раней паведаміла, што нібыта ўвяло напругу на электралінію «Мазыр — Чарнобыльская АЭС», каб забясьпечыць станцыю электрычнасьцю. У нацыянальнай кампаніі «Укренерго» абверглі гэта і назвалі правакацыяй.
Славуціцкая гарадзкая рада паведаміла са спасылкай на нацыянальную кампанію «Укренерго» аб пачатку рамонтных прац у чарнобыльскай зоне адчужэньня для аднаўленьня энэргазабесьпячэньня закрытай Чарнобыльскай АЭС і горада Славуціча. Горад Славуціч застаецца без электрычнасьці, але забясьпечаны вадой і цяплом.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
Тым часам ва Ўкраіне фармуецца беларускі добраахвотніцкі батальён імя Кастуся Каліноўскага, які зьбіраецца ваяваць супраць расейскіх акупантаў. Цяпер байцы праводзяць трэніроўкі.
Пасьля інцыдэнту на беларуска-ўкраінскай мяжы, калі расейскі самалёт страляў па незаселенай тэрыторыі з украінскага боку, і ў Менску і ў Кіеве выступілі з заявамі, якія маюць на мэце заспакоіць грамадзтвы наконт магчымага далучэньня беларускіх салдат да расейскай вайны з Украінай.
11 сакавіка Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Маскве.
«Украіна атакавала б Беларусь, калі б не прэвэнтыўны ўдар з боку Расеі», — заявіў Лукашэнка, яго цытуе агенцтва ТАСС. Ніякіх доказаў гэтым словам Лукашэнка не прывёў, сказаўшы толькі, што прывёз з сабой зь Менску нейкую мапу. Ён лічыць, што апраўдвацца за налёты на Ўкраіну ня варта, бо Ўкраіна нібыта за шэсьць гадзін да расейскага нападу сама рыхтавала атаку на Беларусь, у першую чаргу на расейскія і беларускія войскі, якія знаходзіліся на вучэньнях.
Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што Расея імкнецца ўцягнуць Беларусь у вайну з Украінай.
Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што, паводле наяўнай у ведамства інфармацыі, камандаваньне расейскіх войскаў рыхтуе «шэраг крывавых правакацыяў»: расейская авіяцыя рыхтуецца да ўдару па шэрагу населеных пунктаў Беларусі ля ўкраінска-беларускай мяжы (у прыватнасьці, ён назваў вёску Капані Столінскага р-ну). Пазьней інфармацыя пра напад расейцаў на беларускую тэрыторыю не пацьвердзілася.
Палітвязень Мікола Статкевіч праз жонку Марыну Адамовіч, якая была ў яго на спатканьні, папрасіў прабачэньня ва украінцаў і сказаў, што адчувае сваю адказнасьць за напад Расеі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Па словах Марыны Адамовіч, Статкевіч мяркуе, што Ўкраіна ня можа не перамагчы ў гэтай вайне. Палітвязень таксама папрасіў перадаць свае прабачэньні ўкраінскаму народу.
«За тое, што вайна пачалася ў тым ліку з нашай зямлі, — расказала Марына Адамовіч. — З нашай акупаванай на сёньняшні дзень зямлі. Мікалай гатовы прызнаць сваю адказнасьць за гэта і прыняць сваю долю адказнасьці за гэта. Як і кожны з нас».
Канфіскацыя беларускай маёмасьці ва Ўкраіне
У зоне мытнага кантролю ў пункце пропуску «Ягадзін» (Валынская вобласьць) для патрэб украінскага войска канфіскавалі 23 беларускія грузавікі, якія заехалі на тэрыторыю Ўкраіны да пачатку ваеннай агрэсіі Расеі.
Як рэагуе сьвет
Краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія ўвялі санкцыі супраць Расеі і Беларусі як саўдзельніцы ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Сотні замежных кампаній заявілі пра вывад свайго з бізнэсу з Расеі і Беларусі.
12 сакавіка чакаецца чарговы, ужо чацьвёрты, пакет санкцый Эўразьвязу супраць Расеі і Беларусі.
У Італіі арыштавалі яхту расейскага мільярдэра Андрэя Мельнічэнкі (ён нарадзіўся ў Гомлі), піша La Repubblica. Яхта «А» — найбуйнейшая ў сьвеце ветразевая яхта, яе кошт ацэньваюць у € 530 млн. 9 сакавіка Мельнічэнка трапіў у санкцыйныя сьпісы ЭЗ з прычыны вайны ва Ўкраіне.
Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць дэпутатаў Дзярждумы Расеі, якія галасавалі за прызнаньне незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР». Як паведамляе BBC, санкцыі закрануць 386 дэпутатаў. Ім забаронены ўезд у Вялікую Брытанію, доступ да маёмасьці ў каралеўстве, а таксама да рахункаў і любых дзелавых апэрацый.
Вядомы фінансіст і філянтроп Джордж Сорас мяркуе, што лідэр КНР Сі Цзіньпін даў Пуціну карт-блянш на ўварваньне ва Ўкраіну і што гэта «стала пачаткам трэцяй сусьветнай вайны, якая патэнцыйна можа зьнішчыць нашую цывілізацыю».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.