Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 сакавіка: 25 і 15 сутак за антываенныя ўлёткі


Галіна Лагацкая
Галіна Лагацкая

У Беларусі ў апошнія дні пераважна затрымліваюць за пратэсты супраць вайны Расеі супраць Украіны і магчымага ўступленьня беларускіх вайскоўцаў у баі на баку маскоўскага агрэсара.

Старшыню незалежнага прафсаюзу «Нафтан» асудзілі трэці раз запар

Вольгу Брыцікаву затрымалі ў Наваполацку 27 лютага на выбарчым участку. Яе абвінавацілі ў тым, што яна сфатаграфавала бюлетэнь. За гэта суд пакараў жанчыну 15-дзённым арыштам. Празь некалькі дзён над Вольгай адбыўся ўжо другі суд. Ёй прызначылі яшчэ 15 сутак за антываенную вопратку. Сёньня стала вядома, што яе зноў асудзілі.

Па зьвестках «Вясны», гэтым разам Вольгу пакаралі за лісты паперы з надпісам «Не — вайне» на вокнах. Вынік — чарговыя 15 сутак.

Агулам Брыцікава правядзе за кратамі 45 сутак. Арышт яна адбывае ў часовым ізалятары горада Ушачы.

Былую выкладчыцу філфаку БДУ арыштавалі на 13 сутак

Ала Кожынава — прафэсарка катэдры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філялягічнага факультэта БДУ, выбітная дасьледчыца ў галіне паляністыкі. У 2020 годзе яна ўдзельнічала ў відэазвароце супраць гвалту сілавікоў і неўзабавае пасьля гэтага была звольненая. Сёньня стала вядома, што яе асудзілі на 13 сутак.

У баранавіцкім ІЧУ і на Акрэсьціна ў Менску не прымаюць перадач

Учора зьявілася інфармацыя, што для затрыманых у адміністрацыйных справах у ІЧУ Жодзіна ня будуць прымаць перадач з 9 па 17 сакавіка. Сёньня таксама не прымалі перадач у турме на вуліцы Акрэсьціна ў Менску і ў баранавіцкім ІЧУ. У Баранавічах сваякам арыштаванага паводле «палітычнага» артыкулу адказалі: «Нам забаранілі», піша «Вясна». Прычына — нібыта каранавірус. Перадаваць можна толькі лекі.

Арышты за антываенныя ўлёткі

Пэнсіянэрку Галіну Лагацкую затрымалі ўвечары 6 сакавіка ў Заводзкім раёне Менску. Там яна разьвешвала ўлёткі «Не — вайне». Цяпер праваабаронцам стала вядома, што 9 сакавіка Галіну арыштавалі за «несанкцыянаванае пікетаваньне» (арт. 24.23 КаАП) на 15 сутак.

Сьвятлану Гацко, якую затрымалі разам з Лагацкай, пакаралі большым, 25-дзённым арыштам.

Затрыманыя на антываенных акцыях расказалі, як зь імі абыходзіліся.

Адна з затрыманых дзяўчат раскаала «Вясне» што ў пяцімясцовай камэры ўтрымлівалі 35 мужчын, а затрыманых 27 лютага жанчын першы раз пакармілі толькі 1 сакавіка.

«Ад тых, каго забралі 27 лютага, я даведалася, што іх накармілі толькі раніцай 1 сакавіка. Тых, каго перавозілі ў Жодзіна, увогуле не кармілі. Аднак рахункі павыстаўлялі ўсім за трохразовае харчаваньне».

Апроч усяго, дзяўчына паведаміла і пра канфлікт з супрацоўнікам ЦІПа Яўгенам Урублеўскім. «Мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі «За што змагаліся, на тое і напароліся» і лаянку. Адну жанчыну Ўрублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сьцяну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG