Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пісьменьнік папярэджвае пра «новага Пуціна»


Міхаіл Шышкін
Міхаіл Шышкін

Расейскі пісьменьнік Міхаіл Шышкін даўно жыве ў эміграцыі ў Швайцарыі. Ён адзіны, хто атрымаў і прэмію «Русский Букер», і «Национальный бестселлер», і «Большая кніга». Прапануем вашай увазе ў скароце ягоны артыкул з брытанскага выданьня The Guardian.

— Я расеец. Уладзімір Пуцін учыняе жахлівыя злачынствы ў імя майго народу, маёй краіны і мяне. Пуцін гэта не Расея. Расея пакутуе і ёй сорамна. Ад імя маёй Расеі і майго народу я прашу ўкраінцаў аб дараваньні. Але я разумею: нішто з таго, што там робіцца, нельга дараваць.

Гэтая вайна пачалася ня толькі што, але ў 2014 годзе, з захопу Пуціным Крыму. Заходні сьвет адмаўляўся разумець сур’ёзнасьць гэтага і рабіў выгляд, што нічога жахлівага не адбывалася. Усе гэтыя гады я спрабаваў у сваіх заявах і публікацыях патлумачыць людзям, хто такі Пуцін. Гэта не працавала. А цяпер Пуцін сам патлумачыў гэта ўсім...

Раней ці пазьней бруднае, бессэнсоўнае жыцьцё дыктатара скончыцца, але культура працягваецца заўсёды і будзе працягвацца пасьля Пуціна. Літаратура не павінна быць пра Пуціна. Літаратура не павінна тлумачыць вайну. Вайну немагчыма патлумачыць. Чаму людзі загадваюць салдатам адной нацыі забіваць салдат іншай? Літаратура — гэта тое, што супрацьстаіць вайне. Сапраўдная літаратура — заўсёды пра патрэбу чалавека ў любові, а не ў нянавісьці.

Што чакае наперадзе? У лепшым выпадку ня будзе ядзернай вайны. Я шчыра спадзяюся, што варʼяту не дазволяць націснуць чырвоную кнопку ці што адзін зь ягоных халуёў адмовіцца выконваць апошні загад. Але выглядае, што гэта адзінае добрае, што можа нас чакаць наперадзе. Пасьля Пуціна Расейская Фэдэрацыя зьнікне з мапы як краіна. Працэс развалу імпэрыі працягнецца. За незалежнасьцю Чачні наступіць незалежнасьць іншых народаў і рэгіёнаў.

У выніку адбудзецца змаганьне за ўладу. У насельніцтва ня будзе жаданьня жыць у хаосе, і зноў узмоцніцца запыт на цьвёрдую руку. Нават у самых свабодных выбарах — калі такія будуць — да ўлады можа прыйсьці новы дыктатар. А Захад будзе падтрымліваць яго, бо ён паабяцае кантраляваць чырвоную кнопку. І хто ведае? Аднойчы гэта можа паўтарыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG