Пасьля сустрэчы міністраў замежных справаў краін NATO ў Брусэлі 4 сакавіка генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг заявіў, што самалёты NATO не павінны лётаць у паветранай прасторы Ўкраіны падчас канфлікту з Расіяй, нягледзячы на просьбы Кіева ўвесьці беспалётную зону над украінскай тэрыторыяй.
Заходнія лідэры адкінулі ідэю беспалётнай зоны, асьцерагаючыся, што гэта прывядзе да большай эскаляцыі вайны.
«Свабода» расказвае, што такое беспалётная зона, чаму яе так складана ўвесьці над Украінай і ці ёсьць іншыя варыянты, якія можна было б разгледзець.
Што такое беспалётная зона?
Зона, забароненая для палётаў. Гэта абшар паветранай прасторы, цэлая краіна альбо яе частка, дзе не дазваляецца лётаць самалётам або іншым паветраным аб’ектам. Выключэньне толькі для апаратаў, якія ахоўваюць закрытую паветраную прастору. Беспалётныя зоны звычайна ўводзяць для абароны цывільнага насельніцтва на зямлі падчас вайны, а таксама для бясьпечнай дастаўкі гуманітарнай дапамогі.
Гэты тып паветранай паліцыі ўхваліла ААН. Яго ўжывалі, напрыклад, у Босьніі і Герцагавіне ў 1992 годзе, у лібійскім канфлікце ў 2011 годзе. У абодвух выпадках даручалі NATO забясьпечыць выкананьне забароны. Аднак падтрыманьне ААН у гэтым пытаньні не заўсёды неабходнае. Падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе менавіта ЗША і іх хаўрусьнікі стварылі дзьве беспалётныя зоны ў паўночнай і паўднёвай частках Іраку, каб абараніць тамтэйшыя меншасьці.
Што неабходна для захаваньня беспалётнай зоны?
Адзін з найважнейшых кампанэнтаў безупыннага кантролю паветранай прасторы — сыстэма папярэджаньня і кіраваньня (AWACS), так званае «вока ў небе». Самалёты сыстэмы AWACS функцыянуюць як радыёлякацыйныя сыстэмы, якія выяўляюць у паветры любыя аб’екты — у тым ліку самалёты і ракеты, нават выпушчаныя здалёк.
Акрамя маніторынгу, для забесьпячэньня беспалётнай зоны таксама неабходная зьнішчальная авіяцыя. Бэн Годжэс (Ben Hodges), які камандаваў арміяй ЗША ў Эўропе, а цяпер працуе ў амэрыканскім Цэнтры аналізу эўрапейскай палітыкі, так апісаў колькасьць сродкаў, неабходных для ўвядзеньня беспалётнай зоны:
«Неабходныя самалёты, падрыхтаваныя да паветранага бою, каб зьбіваць іншыя самалёты. Неабходныя самалёты, гатовыя зьбіваць бесьпілётнікі, і трэба мець напагатове іншыя самалёты, здольныя паражаць наземныя цэлі. Напрыклад, супрацьпаветраную абарону. Таксама неабходна мець сродкі радыёэлектроннай барацьбы і гелікоптэры для выратаваньня пілётаў зьбітых самалётаў».
Ці можна цяпер увесьці беспалётную зону над Украінай?
Гэта малаімаверна. Прычына ў тым, што Расея і Захад асьцерагаюцца ўцягваньня ў канфлікт, асьцерагаюцца сытуацыі, якая можа значна абвастрыць вайну. Пэтр Павэл (Petr Pavel), генэрал чэскай арміі ў адстаўцы, які займаў пасаду старшыні Вайсковага камітэту NATO, зазначае, што зону, забароненую для палётаў, «нельга ўвесьці, бо гэта будзе неадкладна растлумачана як вайна паміж NATO і Расеяй, будзе такі ж эфэкт, як калі б войскі NATO далучыліся да ўкраінскіх войскаў у барацьбе з расейскімі войскамі на зямлі».
Тое ж можна будзе сказаць, калі адзін сябра NATO, напрыклад ЗША, паспрабуе самастойна стварыць беспалётную зону.
«Як толькі якая-небудзь асобная краіна NATO або NATO як арганізацыя далучаецца да Ўкраіны ў барацьбе з расейцамі, гэта фактычна абвяшчэньне вайны паміж Расеяй і NATO, — сказаў Павэл. — Мы апынуліся б у сытуацыі значна большага канфлікту са значна больш небясьпечнай зброяй, аж да магчымасьці ўжываньня ядзернай зброі з боку Расеі».
На думку Годжэса, ёсьць і іншыя прычыны быць асьцярожнымі.
«Мы ніколі не паднялі б лётнікаў у паветра, калі б не былі гатовыя зьнішчыць супрацьпаветраную абарону праціўніка на зямлі, — сказаў Годжэс. — Такім чынам, цяпер вы кажаце пра зьнішчэньне, напад на расейскія наземныя цэлі ў межах Украіны і, імаверна, нават унутры Расеі. І яшчэ адна думка. Мы ніколі не падымаем пілётаў у паветра, калі ня будзем гатовыя знайсьці і забраць іх, калі яны будуць зьбітыя і змушаныя скочыць з парашутам. Такім чынам, мы павінны мець магчымасьць знайсьці пілётаў на зямлі ва Ўкраіне ці нават у Расеі».
Ці магчыма ўвесьці часткова забароненую для палётаў зону для аказаньня гуманітарнай дапамогі?
Праўдападобна, гэта будзе залежаць ад Расеі.
«Калі гэта будзе гуманітарная апэрацыя, то на гэта павінны пагадзіцца расейцы. Бо калі яны не пагодзяцца, то могуць зьбіць гуманітарны рэйс, — сказаў Пэтр Павэл. — Таму калі маем пагадненьне аб забароненай для палётаў зоне ў гуманітарных мэтах з абодвух бакоў, тады ўсё нармальна».
Чым гэта адрозьніваецца ад забароненых для палётаў зонаў у Лібіі і Іраку?
Што асабліва важна, у Лібіі і Іраку Расея не была супраць беспалётных зонаў. Яна пагадзілася з рашэньнем міжнароднай супольнасьці, што гэтыя зоны неабходныя для абароны цывільнага насельніцтва на зямлі. Пры гэтым былы камандзір арміі ЗША Годжэс не выключае, што NATO можа ўмяшацца ў падзеі пазьней.
«Можа наступіць момант, калі альянс скажа, што мы ня можам проста стаяць убаку, як падчас Срэбраніцы, і дазваляць такім чынам забіваць украінцаў, — сказаў Годжэс. — Але зноў жа — вы ведаеце, што робіць альянс вялікім. Гэта тое, што мы маем дыпляматычную, эканамічную і вайсковую моц 30 дзяржаваў. Але гэта азначае, што мы павінны правесьці кансультацыі агулам з усімі трыццацьцю, перш чым прымем гэтае рашэньне».
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.