Тры замахі на Зяленскага
Супрацоўнікі расейскага ФСБ, якія выступаюць супраць вайны, сарвалі тры замахі на Ўладзіміра Зяленскага за тыдзень. Пра гэта паведамляе The Times. На забойства ўкраінскага прэзыдэнта Пуцін адправіў наймітаў групоўкі Вагнэра і чачэнскі спэцназ. Крыніца, блізкая да вагнэраўцаў, сказала выданьню, што інфармаванасьць украінскіх сілавікоў стала для іх «страшнай».
Што адбываецца на франтах расейскай вайны супраць Украіны
Генштаб Украіны падсумоўвае: па ўсіх кірунках войскі РФ маюць страты, дэматываваныя расейскія вайскоўцы здаюцца ў палон і кідаюць тэхніку.
Баі за Запароскую АЭС. Расею заклікаюць спыніць баявыя дзеяньні
Да раніцы 4 сакавіка баі каля АЭС спыніліся, але існуе небясьпека іх аднаўленьня.
Вялікая Брытанія на 4 сакавіка склікае экстранае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН з прычыны падзей на Запароскай АЭС. Неадкладна прыпыніць баі каля Энэргадару, дзе знаходзіцца АЭС, Расею заклікалі ў Белым доме.
Зьявіліся кадры ракетнай атакі Запароскай АЭС
Здымкі зроблены зь відэакамэры назіраньня, на іх відаць момант, як ракета ўпала на Запароскую АЭС падчас абстрэлу ў Энэргадары, Запароская вобласьць, 4 сакавіка 2022 года.
МАГАТЭ: пажар на Запароскай АЭС не закрануў асноўнага абсталяваньня
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі паведаміла, што пажар, які ўзьнік на АЭС ва ўкраінскім Энэргадары, не пашкодзіў абсталяваньня, якое магло б выклікаць атамную катастрофу.
«Свободный Идель-Урал» рыхтуе перадумовы да прызнаньня незалежнасьці некалькіх нацыянальных рэспублік Расеі
Грамадзкая плятформа «Свободный Идель-Урал», якая абараняе нацыянальныя правы народаў Паволжа, заявіла, што ў вайне, якая цяпер ідзе на тэрыторыі Ўкраіны, Татарстану браць удзелу ня варта і што рэспубліка, «скарыстаўшыся шанцам, павінна разарваць адносіны з маскоўскім рэжымам», піша спэцпраект Радыё Свабода Idel.Realii.
«Напаўшы на Ўкраіну, Пуцін аб’яднаў супраць дзяржавы ўвесь сьвет, Расея ня вытрымае такога ціску. Гэтую краіну, хворую на „імпэрыялізм“, цяпер ненавідзіць увесь сьвет. Наша дзяржава ня мае ніякага дачыненьня да гэтай агрэсіўна распачатай вайны. Гэта ня наша вайна! Прыйшоў час парваць адносіны з маскоўскім рэжымам і ўзяць свой лёс у свае рукі, для гэтага ў нас рэсурсаў дастаткова. Акрамя таго, такім чынам нам будзе лягчэй дамовіцца аб зьняцьці катастрафічных санкцый, уведзеных супраць нас», — гаворыцца ў заяве руху.
У лютым Генэральная пракуратура Расеі прызнала рух «Свободный Идель-Урал» непажаданай арганізацыяй.
«Падазраем, што ў Крамлі знаюць нашу палітычную кампанію, праведзеную ва Ўкраіне і некалькіх краінах Эўропы. Не раскрываючы імёнаў палітыкаў, зь якімі трымаем сувязь, можам пра гэта заявіць адкрыта. Калі Масква прызнае незалежнасьць так званых „ЛНР“ і „ДНР“ , то „Свободный Идель-Урал“ рыхтуе перадумовы да прызнаньня незалежнасьці некалькіх нацыянальных рэспублік Расеі», — заяўлялі ў руху.
Грамадзкая плятформа «Свободный Идель-Урал» створана ў сакавіку 2018 году ў Кіеве. Сябра праўленьня Ўсетатарскага грамадзкага цэнтру Рафіс Кашапаў і прадстаўнікі ўкраінскай грамады эрзя Баляень Сырась (Аляксандар Болькін) і Ажамасінь Кірдзя (Расьціслаў Мартынюк) аб’ядналіся з мэтай прыцягненьня ўвагі да праблем карэнных народаў Паволжа і Ўралу. Асноўныя прынцыпы плятформы — негвалтоўныя дзеяньні ў рамках міжнароднага права з мэтай дамагчыся рэалізацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту татараў, башкір, удмуртаў, марыйцаў, чувашоў, эрзян і макшан.
Airbnb больш не працуе ў Беларусі
Пляцоўка для пошуку жытла ў арэнду Airbnb прыпыняе дзейнасьць у Расеі і Беларусі. Пра гэта напісаў выканаўчы дырэктар кампаніі Браян Чэскі. Гэта, відавочна, зьвязана з вайной, якую вядзе супраць Украіны Расея, а рэжым Лукашэнкі прадаставіў сваю тэрыторыю для ракетных абстрэлаў суседняй дзяржавы.
Вялікая Брытанія запатрабуе скліканьня экстранага пасяджэньня Рады бясьпекі ААН
Брытанцы абяцаюць зрабіць гэта «ў бліжэйшыя гадзіны» з-за сытуацыі вакол Запароскай АЭС, заявіў у ноч на 4 сакавіка пасьля перамоў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан.
«Абодва лідэры пагадзіліся з тым, што Расея павінна неадкладна спыніць атаку на электрастанцыю і дазволіць бесьперашкодны доступ аварыйных службаў да электрастанцыі. Прэм’ер-міністар заявіў, што неабдуманыя дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна цяпер могуць пагражаць бясьпецы ўсёй Эўропы. Паводле яго слоў, Вялікая Брытанія зробіць усё магчымае, каб сытуацыя не пагоршылася», — гаворыцца ў заяве офісу брытанскага прэм’ер-міністра.
Пакуль невядома, калі адбудзецца пасяджэньне Рады бясьпекі ААН і якія рашэньні прапануюць на ім. Расею дагэтуль не пазбавілі права вета ў арганізацыі.
Тэрміновы зварот Зяленскага па сытуацыі на Запароскай АЭС
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці наконт сытуацыі на Запароскай АЭС, што знаходзіцца ў Энэргадары. Зяленскі адзначыў, што расейцы абстрэльваюць атамную электрастанцыю з танкаў, абсталяваных цеплавізарамі, што яскрава сьведчыць аб тым, што яны рыхтаваліся да гэтай апэрацыі. АЭС мае 6 энэргаблёкаў.
«Выбух на Запароскай АЭС — гэта эвакуацыя Эўропы. Крычыце сваім палітыкам, расейскія войскі трэба спыніць неадкладна. Не дапусьціце катастрофы на атамнай станцыі».
Запароская АЭС — найвялікшая атамная электрастанцыя Эўропы.
Лякалізавалі пажар на Запароскай АЭС
Увесь вечар і ноч ішлі баі за Запароскую АЭС у Энэргадары. Расейскім інтэрвэнтам удалося падпаліць вучэбна-трэнавальны корпус, пажар на ім лякалізавалі сіламі ДСНС Украіны. Папярэдне ахвяр і пацярпелых няма.