Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расею пайшлі першыя «пахаронкі». Маці палоннага расейскага салдата напісала Лукашэнку


Маці Максіма Ханыгіна
Маці Максіма Ханыгіна

Расейскія ўлады працягваюць хаваць дадзеныя аб гібелі расейцаў ва Ўкраіне, на вайне, якую ў Расеі называюць «спэцапэрацыяй».

За лічбай у 498 чалавек — трагедыі канкрэтных сем’яў, якім у адказ на звароты ў ваенкаматы гавораць «гэта фэйк», нават калі сваякі прыносяць фатаграфіі і відэа сваіх блізкіх у палоне.

Украінскі бок апошнія зьвесткі пра сваіх загіблых і параненых вайскоўцаў пакуль не апублікаваў. Раней прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведамляў, што за першы дзень расейскага ўварваньня загінулі 137 вайскоўцаў. Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што загінулі каля трох тысяч украінскіх вайскоўцаў, параненыя 3700.

Паводле дадзеных тэлеграм-канала «Шукай сваіх», створанага ўкраінскімі валянтэрамі для дапамогі расейцам у вышуку сваіх родных, у палон ва Ўкраіне патрапілі ня менш як пяць вайскоўцаў з Саратаўскай вобласьці. Мясцовыя ўлады гэтага не прызнаюць. Як не прызнаюць і загіблых саратаўскіх байцоў, хаця семʼі ўжо атрымалі паведамленьні аб іх гібелі.

Карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода пабывала ў сямʼі забітага ва Украіне Максіма Ханыгіна зь вёскі Азёрнае Аткарскага раёну і паразмаўляла з маці палоннага Рафіка Рахманкулава зь Пятроўску.

Пустая магіла

Гэта магіла Максіма Ханыгіна, вясковага хлопца, які нарадзіўся і вырас тут, у Азёрным. Салдата-тэрміновіка, які загінуў на ўкраінскай зямлі. Толькі пакласьці туды няма каго. Цела не аддаюць.

Максім загінуў 24 лютага, у першы дзень баявых дзеяньняў. На наступны дзень маці Максіма Людміле Ханыгінай патэлефанаваў кіраўнік Тацішчаўскага райваенкамату, каб паведаміць ёй вестку.

Бабуля Натальля стала арганізоўваць пахаваньне: пайшла ў пахавальнае агенцтва, потым замовіла пірагі на памінкі, пасьля ў царкву, да мясцовага бацюшкі.

— Усе пытаюцца: «Калі? Калі? Калі?» А мы ня ведаем калі. Прыходзіў наш ваенкам, кажа, што не прывязуць майго ўнука, пакуль уся гэтая спэцапэрацыя ня скончыцца. Каб паніку не выклікаць. Кажа, лаюць, што ён нам пахавальную даслаў, — распавядае яна.

Людміла Ханыгіна
Людміла Ханыгіна

У маці Максіма, Людмілы Ханыгінай трое сыноў. Сярэдні, Станіслаў, ужо адслужыў. Малодшаму, Фёдару, васямнаццаць споўнілася восеньню, калі ў войска сыходзіў Максім. Ён павінен пайсьці служыць вясной.

— Не аддам! — амаль крычыць Людміла. — Прыйдуць за ім — віламі закалю! Не аддам. Яны яшчэ і яго забʼюць.

Пасьля таго як Людміла ачулася, яна перш за ўсё патэлефанавала ў Белгарад, у частку:

— Спытала: «Дзе маё дзіця?» І мне адказалі: «Ён на вучэньнях». — «На якіх вучэньнях, калі мне пахаронка прыйшла?» — «Якая пахаронка? У нас няма такой інфармацыі».

Апошняя фраза стала ўнівэрсальным адказам любых службоўцаў і вайскоўцаў. Маці цела сына не вяртаюць. Дзе яно і куды за ім ехаць, не гавораць. Хто адказвае за гэта, не прызнаюцца. З таго часу Ханыгіна абтэлефанавала ўсіх, каго магла: белгарадзкую пракуратуру, саратаўскую абласную пракуратуру, Камітэт салдацкіх маці. Усюды ёй адказваюць адно і тое ж: «У нас няма такой інфармацыі». Апошні раз у частцы дзяжурны ёй адказаў: «Я ня ведаю, чым вам дапамагчы. Тэлефануйце ў ФСБ».

Мой сын — ня фэйк!

Рафік Рахманкулаў з Пятроўска Саратаўскай вобласьці стаў адным зь першых раейскіх палонных салдат. У першы дзень так званай спэцапэрацыі фатаграфію Рафіка і яго таварыша па службе з Дагестану сталі рассылаць усім яго сябрам.

— Я не магла паверыць, што гэта ён, — кажа Натальля Рузанава, маці Рахманкулава. — Хлопцы на фота ў летняй форме, у розным абутку. На фоне — сьнег. Я была ўпэўнена, што там у гэты час сьнега ўжо няма. А калі я ўбачыла допыт на відэазапісу, я адразу пазнала сына, хоць ён там і сядзіць у куце, увесь скручаны і заматаны скотчам.

Рафік Рахманкулаў
Рафік Рахманкулаў

У частцы, дзе служыў Рафік, не было ніякай пацьвярджальнай інфармацыі. Натальля, якая апошнія некалькі месяцаў працуе ў Маскве, паехала ў прыёмную прэзыдэнта. Адтуль яе адправілі ў Мінабароны. Там маці сказалі: прабачце, у нас непрыёмны дзень. Толькі ў Камітэце салдацкіх маці знайшлася інфармацыя пра тое, як сын Рузанавай патрапіў у палон:

— Сказалі, нешта здарылася з тэхнікай, на якой ехалі хлопцы. Ці то паліва скончылася, ці нешта яшчэ. Яны адсталі ад калёны і засталіся адны. Гэта значыць, калёна іх кінула. Яны патрапілі пад абстрэл. А потым — у палон.

Натальля напісала электронныя лісты кіраўніку Чачні Рамзану Кадыраву (няхай яго байцы ведаюць, што ў палоне ёсьць расейскі вайсковец) і кіраўніку Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку (няхай на перамовах паставіць пытаньне аб абмене палоннымі).

— Па тэлевізары нам паказваюць, што ўкраінскіх палонных нашы адпускаюць дадому, — кажа ўсхваляваная маці. — А тыя тады чаму гэтак жа не робяць?

На дзяржканалах пры гэтым рэгулярна выкрываюць «фэйкі» з украінскага боку.

— На канале «Зьвязда» я ўбачыла рэпартаж, у якім журналістка паказвала фатаграфію майго сына і казала, што гэта фэйк, — успамінае Натальля. — А я ўжо ведала, што Рафік у палоне. Я знайшла старонку гэтай дзяўчыны ва «УКантакце». Растлумачыла ёй, хто я, пакінула свой нумар тэлефона і прапанавала паразмаўляць. Яна мяне заблякавала.

Поўны тэкст чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG