Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расьсьледаваньне ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан пачаў расьсьледаваньне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Пры абстрэле Ахтыркі загінулі дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў
Дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў і мірных жыхароў загінулі ў выніку абстрэлу расейскай артылерыяй у Ахтырцы Сумскай вобласьці. Пра гэта ў ноч на 1 сакавіка паведаміў начальнік Сумскага абласнога вайсковага ўпраўленьня Дзьмітро Жывіцкі, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
«Вайсковую частку прыкрыла варожая артылерыя. Працягвайце даставаць целы з-пад завалаў. Працуюць СЭС і валянтэры. Многія загінулі. Зараз на могілках рыхтуюцца месцы для каля 70 загінулых украінскіх вайскоўцаў. Мы рыхтуем дадзеныя нашых 200-х. Але й вораг атрымлівае тое, што заслугоўвае. Расейскіх целаў у горадзе было шмат, мы зьбіраем. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа адвозяць іх дадому», — сказаў кіраўнік Сумскай вобласьці.
Украіна кажа пра расейскі абстрэл радзільні, у «ДНР» вінавацяць Украіну ў абстрэле Горлаўкі
28 лютага снарад трапіў у прыватную радзільню Adonis, якая знаходзіцца ў вёсцы Бузава Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці. Ад гэтага спатрэбілася эвакуацыя пэрсаналу і пацыентаў установы. Позна ўвечары таго ж дня генэральны дырэктар кампаніі Adonis Віталь Гірын заявіў, што зь людзьмі ўсё добра.
«У радзільню трапіў снарад, пашкоджаньні вялікія, але будынак стаіць. Усе былі эвакуаваныя. Галоўнае, каб зараз ня трэба было кагосьці падбіраць. Усе ў надзейным і бясьпечным месцы», — сказаў Віталь Гірын.
28 лютага расейскія войскі, якія імкнуцца павялічыць радыюс блякады Кіева з захаду, часткова выйшлі на Жытомірскую шашу, побач зь якой знаходзіцца радзільня. Таксама зьнішчылі прылеглую да шашы вёску Бузава. Побач зь вёскай таксама аднайменны спартовы аэрадром Цэнтральнага аэраклюбу Таварыства дапамогі абароне Ўкраіны, ён лічыўся галоўным плянэрным аэрадромам Украіны.
У той жа час у «ДНР», як піша расейскае агенцтва ТАСС, абвінавацілі Ўкраіну ў абстрэле Горлаўкі з буйнакалібэрнай артылерыі.
ААН: Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла паўмільёна чалавек
Уварваньне Расеі прывяло да таго, што больш за паўмільёна жыхароў Украіны сталі ўцекачамі. Сама меней 160 000 сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі.
Mastercard адключыў замежнае абслугоўваньне картак некалькіх расейскіх банкаў
Карткі гэтых расейскіх банкаў ня будуць працаваць за мяжой і на замежных інтэрнэт-сайтах, піша РБК. Раней пад санкцыі ЗША патрапілі ВТБ, «Открытие», «Совкомбанк», «Промсвязьбанк» і «Новикомбанк».
У Расеі карткі будуць дзейнічаць, бо ўнутры краіны плацяжы апрацоўваюцца ўнутранай Нацыянальнай сыстэмай аплатных картак.
Зяленскі: «На перамовах з Расеяй пакуль не ўдалося дасягнуць выніку»
Прэзыдэнт Украіны паведаміў пра пакуль беспасьпяховыя перамовы з расейскім агрэсарам. Таксама Зяленскі нагадаў пра тое, што Расея працягвала абстрэлы падчас сустрэчы. Напярэдадні прэзыдэнт Украіны падпісаў заяву на ўступленьне краіны ў Эўразьвяз.
Херсон трапіў у расейскую аблогу
На выездах з гораду расейскія захопнікі ставяць блёкпасты. Пра тое, што горад акружаны, паведаміла херсонская журналістка ў этэры тэлеканалу «Україна 24». Празь няспынныя абстрэлы 28 лютага там прайшла эвакуацыя жыхароў з раёну Антонаўскага моста. Расейцы забіраюць у людзей тэлефоны і абстрэльваюць аўтамабілі. Так было і каля Кахоўскай ГЭС. Усе камунальныя службы Херсона працуюць, неабходныя прадукты пакуль ёсьць.
Мост у Бучы зруйнаваны
Пасьля баёў у Бучы Кіеўскай вобласьці аказаўся зруйнаваным мост.
Кіеў: расейскія войскі за 28 лютага страцілі па 5 самалётаў і зьнішчальнікаў, верталёт і крылатую ракету
Камандаваньне ВПС Узброеных сіл Украіны паведаміла аб стратах, якія панесьлі расейскія вайскоўцы за мінулыя суткі. Паводле статыстыкі ўкраінцаў, пяць самалётаў праціўнік страціў пад Васільковам і Браварамі. Да стратаў прывялі ўдалыя дзеяньні ўкраінскіх лётчыкаў-зьнішчальнікаў і зэнітных ракетных дывізіёнаў С-300. Каля Кіева сілы абароны зьбілі крылатую ракету і верталёт расейцаў з дапамогай устаноўкі Бук М-1.
Таксама ўкраінцы наносілі зьнішчальныя ўдары на танкавых калёнах, калёнах мэханізаванай тэхнікі, маторных калёнах з гаруча-змазачнымі матэрыяламі.
ААН: За чатыры дні вайны, якую вядзе Расея супраць Украіны, загінулі больш за 100 цывільных
442 тысячы ўкраінцаў пакінулі сваю краіну як уцекачы ад вайны. У выніку нападу Расеі на Ўкраіну, паводле зьвестак ААН, загінулі больш за 100 мірных жыхароў і больш за 300 былі параненыя. Пра гэта ўвечары 28 лютага ў Жэневе паведаміла вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Башэле. Паводле яе, сярод пацярпелых ня менш як сямёра дзяцей. Большасьць ахвяраў выклікалі артылерыйскі і ракетны абстрэлы, а таксама авіяцыйныя абстрэлы, гаворыцца ў заяве Вярхоўнага камісара ААН.
Расейцы працягнулі абстрэлы Харкава. ВІДЭА
Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка апублікаваў у сваім тэлеграм-канале відэа абстрэлу цэнтру Харкава. Ён прынёс аднаму з найбуйнейшых гарадоў краіны чарговыя разбурэньні.
Ад авіянападу на казарму ў Ахтырцы загінула каля 70 чалавек
1 сакавіка пачаўся разбор завалаў разбуранай 28 лютага 2022 году авіяўдарам вайсковай казармы ў горадзе Ахтырка Сумскай вобласці Ўкраіны, у выніку дзе загінулі каля 70 чалавек.
Антываеная акцыя ў Менску
У адным зь менскіх падземных пераходаў скрыпач граў гімн Украіны.
У Менску за ўдзел у антываенных акцыях 28 лютага затрымалі больш за 60 чалавек
У панядзелак адбыліся суды над тымі, каго затрымалі ў дзень рэфэрэндуму. «Суткі» атрымалі 63 чалавекі, у сярэднім кожнага затрыманага арыштавалі на 10−15 дзён, некалькі чалавек атрымалі 30 дзён арышту кожны. Штрафы па 200 базавых атрымалі 2 чалавекі, піша «Вясна».
Белы дом: «Санкцыі супраць Расеі ў энэргетычным сэктары абмяркоўваюцца»
Прэс-сакратарка Белага дому сказала, што ЗША працуюць над тым, каб паскорыць пастаўкі ва Ўкраіну ў рамках апошняга пакету дапамогі, зацьверджанага Байдэнам.
Жывы эфір Радыё Свабода і «Настоящего времени» пра вайну Расеі супраць Украіны
Уначы расейскія войскі абстралялі Марыюпаль і суседнюю вёску Стары Крым
У цяперашні час баі ідуць на ўскраінах Марыюпалю. Няма цяпла, у частцы горада — электрычнасьці, перабоі з мабільнай сувязьзю, паведаміла журналістка «Громадського» радыё.
Міністар абароны Ўкраіны пра абстрэлы мірных грамадзян: «Яны ня здольныя ваяваць з узброенымі ўкраінцамі»
«Барбарскія абстрэлы ракетамі і РСЗ мірных гарадоў – гэта сьведчаньне, што яны няздольныя больш ваяваць з узброенымі ўкраінцамі. Толькі зь мірнымі, як апошнія баязьліўцы», – напісаў міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, камэнтуючы масавыя абстрэлы Харкава і іншых украінскіх гарадоў.
Ён назваў такія дзеяньні Расеі ваеннымі злачынствамі, якія стануць прадметам разбору ў трыбунале:
«Будзе справядліва, калі спэцыяльны міжнародны трыбунал будзе створаны ў Харкаве. Дарэчы, менавіта ў Харкаве ў 1943 годзе адбыўся першы працэс, у выніку якога нацыстаў асудзілі за ваенныя злачынствы», – перакананы міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў.
Сродкі супрацьпаветранай абароны Беларусі ў гатоўнасьці
На паседжаньні Савету бясьпекі ў Менску заявілі, што «ў Беларусі прыведзены ў гатоўнасьць сродкі СПА, каб «не дапусьціць удараў у сьпіну расейскім войскам».
Пад Кіевам абстралялі рэабілітацыйны цэнтар для вэтэранаў
Міністарка Ўкраіны ў справах вэтэранаў Юлія Лапуціна заявіла аб абстрэле расейскімі войскамі рэабілітацыйнага цэнтру для вайскоўцаў у паселішчы Барадзянка Кіеўскай вобласьці.
«Гэта акт парушэньня міжнароднага гуманітарнага права, акт гвалту, які будзе пакараны. Я ганаруся супрацоўнікамі нашага рэабілітацыйнага цэнтру, якія ў такой складанай ваеннай сытуацыі працягваюць выконваць свае абавязкі», – сказала міністар. Але яна не ўдакладніла маштабу руйнаваньня.
Масква за ўвесь час абстрэлаў не прызнае, што вядзе абстрэл па цывільных і мэдычных аб’ектах.