Першая інфармацыя пра пацярпелых ад абстрэлаў Харкава
У выніку абстрэлу будынка Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі пацярпелі 6 чалавек, у тым ліку 1 дзіця. Колькасць загінулых высьвятляецца, паведамляе МНС Украіны. Пажар на даху опэрнага тэатру зьліквідавалі.
Расейскія войскі штурмуюць Херсон, горад аточаны, але не здаецца
У ноч на 1 сакавіка расейскія войскі пачалі штурмаваць Херсон. Мэр горада заклікаў жыхароў не выходзіць на вуліцы, каб тэрытарыяльная абарона і ўкраінскія войскі маглі бесьперашкодна зьнішчаць агрэсара і ня ставіць у небясьпеку мірных жыхароў.
«Я прашу кожнага з вас захоўваць спакой і разважлівасьць. Не выходзьце на вуліцы ў камэнданцкі час. Не пачынайце ні з кім агрэсіўных перамоў і не правакуйце супраціўніка на канфлікты. Найбольшая каштоўнасьць – гэта вашы жыцьці. Херсон утрымаецца. Але дайце яму шанц гэта зрабіць», – зьвярнуўся мэр гораду Ігар Калыхаеў уночы да гараджан.
У сваю чаргу кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Генадзь Лагута паведаміў, што «акупанты заходзяць на тэрыторыю горада, захопліваюць мясцовых у палон. Магчыма, іх будуць выкарыстоўваць як жывы шчыт для прасоўваньня наперад», – паведаміў Генадзь Лагута.
У той жа час ён падкрэсьліў, што горад не захоплены, ён абложаны акупацыйнымі войскамі.
Ці быў бунт расейцаў?
Як паведамляе адэскі сайт «Думская», расейскія марскія пехацінцы на тэрміновай службе зладзілі бунт на караблі і адмовіліся высадзіцца ў Адэсе. Выданьне спасылаецца на размовы сваіх карэспандэнтаў са сваякамі вайскоўцаў 810-й брыгады РФ, што дысьлякуецца ў акупаваным Крыме. З расейскага боку і афіцыйных крыніц пацьверджаньня няма.
Яшчэ адзін снарад трапіў у жылы дом у Харкаве
Другі дзень Харкаў застаецца мішэньню расейскіх ракетных атак, ёсьць забітыя і параненыя, моцныя разбурэньні.
У Марыюпалі працягваецца страляніна
Як паведамляе праект Радыё Свабода «Новини Приазов’я», у горадзе няма інтэрнэту. Тэхніка страляе зь лініі жылых раёнаў, страляніна не прыпыняецца. Увечары 28 лютага ў частцы гораду зьніклі газавае забесьпячэньне і электрычнасьць. Мясцовая тэрытарыяльная абарона не выключае, што ў гэтыя дні расейскія войскі пачнуць «глушыць сувязь, інтэрнэт і тэлебачаньне ў прыфрантавой зоне».
Кіеў блякаваў уезды ў горад, ноччу ішлі вулічныя баі
Кіеўская гарадзкая адміністрацыя паведаміла, што ноч на 1 сакавіка, нягледзячы на неаднаразовае абвяшчэньне паветранай трывогі, прайшла спакойна, але з вулічнымі баямі.
«Гарадзкія службы ствараюць абаронныя збудаваньні на ўездах у сталіцу. Гарадзкая інфраструктура працуе, падаецца электрычнасьць, цяпло і вада. Лекары працуюць ва ўзмоцненым рэжыме і забясьпечаныя ўсім неабходным», – адзначаецца ў паведамленьні.
У Кіеве стварылі гуманітарны штаб, які зьбірае харчы і тавары першай неабходнасьці.
Вядомы ўкраінскі тэатар адмовіўся слова «рускі» ў сваёй назве
«У гэтыя неспакойныя дні ня можа быць двух розных пунктаў гледжаньня на тое, што сёньня адбываецца ва Ўкраіне. Ня можа быць двух розных пунктаў гледжаньня і наконт афіцыйнага афармленьня рашэньня аб зьмене назвы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра рускай драматургіі імя Лесі Ўкраінкі, які даўно высьпеў у калектыве тэатру», – адзначаецца ў звароце.
Цяпер гэты тэатар будзе называцца Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Лесі Ўкраінкі, адмовіўшыся ад назвы «рускай драматургіі», якую мелі ў сваёй стогадовай гісторыі.
Мэр Херсону: «Горад па-ранейшаму Ўкраіна».
Ва ўкраінскім Херсоне, на ўездах да якога расейскія вайскоўцы выставілі блёк-пасты, абстаноўка спакойная, ноччу горад не абстрэльвалі. Пра гэта напісаў у фэйсбуку мэр гораду Ігар Калыхаеў.
Напярэдадні Калыхаеў паведамляў, што на ўездах у Херсон войска РФ паставіла блёк-пасты. «Цяжка сказаць, як будзе разьвівацца сытуацыя далей», — пісаў мэр.
Зь сёньняшняга дня ў Расею пачынаюць прыбываць першыя загінулыя і параненыя
Першыя целы загінулых ва Ўкраіне вайскоўцаў пачынаюць прыбываць у Расею, паведаміў 1 сакавіка дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка.
«Вядома, праз сем дзён рэвалюцыі ня будзе, ня трэба цешыцца ілюзіямі, што людзі выйдуць на вуліцу. Але пра гэта пачнуць гаварыць на кухнях і іх дух зламаецца. Для нас гэта вельмі важна, бо магчыма, што Пуцін захоча зрабіць новую мабілізацыю. І нам трэба сарваць гэтую новую мабілізацыю і падарваць маральны дух расейцаў», – сказаў дарадца міністра.
Украінцы сьцьвярджаюць, што ўзялі ў палон каля 200 расейскіх байцоў
Сярод палонных, чые допыты даступныя, падпалкоўнік расейскай Нацгвардыі, а таксама салдаты тэрміновай службы бранятанкавых частак, у тым ліку элітнай Кантэміраўскай дывізіі.
Зяленскі пракамэнтаваў бамбаваньне Харкава
«Пасьля нападу на плошчу Свабоды ў Харкаве Расея стала тэрарыстычнай дзяржавай». Пра гэта ў сваім звароце сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. «Ніхто не даруе. Ніхто не забудзе», — дадаў ён.
«Харкаў. Крылатая ракета нанесла ўдар па найбольшай плошчы ў Эўропе. Плошча Свабоды. Дзясяткі ахвяраў. Гэта цана свабоды. Гэта раніца», — сказаў прэзыдэнт.
Зяленскі заявіў, што «гэта тэрор супраць гораду, тэрор супраць Харкава, тэрор супраць Украіны». «На плошчы не было ніводнай ваеннай мэты, як і ў тых жылых раёнах Харкава, па якіх б’юць з рэактыўнай артылерыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Раніцай расейская ракета ўдарыла па цэнтральнай плошчы Харкава, істотна пашкодзіўшы будынкі на ёй. Пад заваламі знаходзяць целы людзей. Расея бамбіць Харкаў ужо некалькі дзён.
Украіна запускае аплікацыю для смартфонаў «паветраная трывога»
Украіна запускае праграму «паветраная трывога», якая будзе папярэджваць аб небясьпецы ў пэўным рэгіёне.
Яе можна спампаваць з Google Play Market і AppStore.
«Не патрабуе рэгістрацыі, не зьбірае пэрсанальных або геалякацыйных зьвестак. Адпраўляе самыя гучныя крытычныя абвесткі аб паветраных, хімічных, тэхнагенных або іншых відах сыгналізацыі цывільнай абароны нават у бясшумным або сьпячым рэжыме смартфона», — гаворыцца ў паведамленьні.
Каб атрымліваць апавяшчэньні, трэба:
- Усталяваць праграму праз Google Play Market або AppStore. Даць ёй дазвол адпраўляць апавяшчэньні і важныя папярэджаньні.
- Выбраць вобласьць, пра якую трэба атрымліваць апавяшчэньні.
- Сачыць за пачаткам і канцом паветраных сыгналаў.
Ва Ўкраіне разблякавалі сацыяльную сетку «ВКонтакте», каб даць інфармацыю расейцам
Дарадца Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Вадзім Дзенісенка заявіў, што сацыяльную сетку разблякавалі з мэтай інфармаваць расейцаў аб вайне ва Ўкраіне.
«ВКонтакте» цяпер разблякавалі знарок для таго, каб усе ўкраінцы маглі зарэгістравацца і публікаваць максымальна відэа і фота дакумэнтаў тых расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў палоне, і фота таго, што адбываецца ў Харкаве. Гэта дэмаралізуе», — паведаміў Вадзім Дзенісенка ў эфіры тэлеканалу «Рада».
Зяленскі ўзмацніў кіраўніцтва Кіева: разам з мэрам Клічко будзе працаваць генэрал
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прызначыў генэрала Міколу Жарнова кіраўніком Кіеўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі для ўзмацненьня абароны сталіцы.
Раней украінскі прэзыдэнт падпісаў указ аб стварэньні вайсковых адміністрацый на базе дзейных абласных і раённых адміністрацыяй. Гэта першае кадравае прызначэньне пасьля ўказу.
«Віталь Клічко застаецца мэрам Кіева, у яго будзе свая сфэра адказнасьці і цяпер гэта будзе супольная праца – мэра і вайсковай адміністрацыі. Пасьля вайны вернем усё на месца», – паведаміў Зяленскі.
Разбор завалаў у Харкаве пасьля абстрэлу гораду. Фота, відэа
У Харкаве разьбіраюць завалы пасьля моцнага абстрэлу гораду. Увага, на відэа жорсткія кадры.
Раніцай 1 сакавіка на цэнтар Харкава абрынуліся расейскія ракеты. Шмат цывільных ахвяраў і разбурэньняў жылых дамоў і гарадзкой інфраструктуры. 10 чалавек загінулі, больш як 20 траўмаваныя, паведамілі ў Харкаўскай адміністрацыі.
У расейскім Новасібірску зьявіліся плякаты супраць вайны ва Ўкраіне
ByPol заявіў аб праведзеных дывэрсіях на Беларускай чыгунцы, каб сарваць перасоўваньне расейскіх войскаў у Беларусі
Акцыі скіраваныя на блякаваньне руху на чыгуначных шляхах.
«Зьнішчаны шляхам падпалу дзьве шафы ўпраўленьня СЦБ (прылада сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня) на ўчастках абслугоўваньня Баранавіцкага і Гомельскага аддзяленьняў БЧ, чым была парушана работа сьвятлафораў і стрэлачных пераводаў і заблякаваны рух на гэтых участках чыгункі. Таксама на ўчастку абслугоўваньня Магілёўскага аддзяленьня БЧ праведзена заварочваньне рэйкавых ланцугоў», — паведамляе ByPol.
Паводле ByPol, у выніку гэтых і папярэдніх акцый расейскія эшэлоны не перасоўваюцца па беларускай чыгунцы ўначы.
«У выніку гэтых і папярэдніх пасьпяхова праведзеных акцый „РосЖД“ забараніла перасоўваньне сваіх рухомых саставаў, у тым ліку вайсковых эшалёнаў, па тэрыторыі Беларусі ў начны час. А беларускія машыністы масава адмаўляюцца ад кіраваньня лякаматывамі і выезду на перагоны», — піша ByPol.
Лукашэнка павялічыць колькасьць батальённых тактычных групаў на паўднёвай мяжы з 5 да 10
Пра гэта непрызнаны кіраўнік Беларусі заявіў 1 сакавіка ў Менску на паседжаньні Савету бясьпекі. Ён перасьцярог кіраўніцтва Генэральнага штабу ад «украінскіх дывэрсійных групаў», якія, паводле яго, «маюць на мэце пранікненьне ў Беларусь».
Зяленскі выступае перад Эўрапарлямэнтам. ВІДЭА
Уначы на Кіеўшчыне зьнішчылі калёну расейскай вайсковай тэхнікі
Калёну зьнішчылі ў горадзе Барадзянка.