Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшлі акцыі пратэсту супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну, затрымалі 500 чалавек

абноўлена

Лякальныя акцыі пратэсту супраць расійскага ўварваньня ва Украіну прайшлі 27 лютага ў розных раёнах Менска. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі, які закліканы яшчэ больш умацаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі.

Каля 30 чалавек прайшлі маршам у мікрараёне Усход, скандуючы «Не вайне». Такі ж лёзунг гучаў каля школ, дзе разьмешчаны выбарчыя ўчасткі.

Напярэдадні дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская заклікала суграмадзян да 14 гадзін прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і «актыўна выказаць пратэст супраць вайны».

Паводле праваабаронцаў, у міліцыю дастаўлена не менш як 500 чалавек, вядомыя іх прозьвішчы.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную спраў «за грубае парушэньне грамадзкага парадку, супраціўленьне праваахоўнікам і заклікі да такіх дзеяньняў» (арт. 342 КК).

«Цяпер у экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах і на розных інфармацыйных рэсурсах публікуюцца заклікі да ўчыненьня дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, арганізацыі масавых несанкцыянаваных акцый і дзеяньняў, накіраваных на зрыў рэфэрэндуму, які праводзіцца ў краіне», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паведамляецца аб затрыманьні больш за 10 арганізатараў, якія «заклікалі да экстрэмісцкіх дзеяньняў». «Па ўсёй краіне» сумесна з органамі ўнутраных спраў «устанаўліваюцца іншыя актыўныя ўдзельнікі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Вечарам група грамадзян сабралася недалёка ад генэральнага штаба Узброеных сіл, каб выказаць пратэст супраць удзелу беларускай арміі ў вайне супраць Украіны. Вадзіцелі віталі іх гукавымі сыгналамі. Таксама пратэсты прайшлі на Нямізе, у раёне «Маяк Менску» ды іншых месцах.

А 20 гадзіне закрыліся выбарчыя ўчасткі, паводле ЦВК Беларусі яўка склала «вышэй за 70%». Удзень людзі прыходзілі на ўчасткі для галасаваньня са сьцягамі Ўкраіны, выкрыквалі лёзунгі «Не вайне!» і «Слава Ўкраіне».

Сьвятлана Ціханоўская падчас прэсавай канфэрэнцыі заклікала людзей сабрацца заўтра 28 лютага на прывакзальных плошчах гарадоў а 18-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG