«На гэты момант сайт БЧ недаступны. Кампутарная сетка БЧ знаходзіцца ў стане каляпсу. Дарога пераходзіць у ручны рэжым кіраваньня, што істотна запаволіць рух цягнікоў, але ня створыць аварыйных сытуацыяў», — удакладнілі «Кібэрпартызаны»
У сваім паведамленьні яны таксама падкрэсьлілі, што ўнутраная сетка будзе адключаная, пакуль расейскія войскі не пакінуць тэрыторыю Беларусі і «ўдзел вайсковых сілаў Беларусі ў фашысцкай агрэсіі ня спыніцца».
Таксама пра спэцапэрацыю на Беларускай чыгунцы дзеля фізычнага прывядзеньня ў непрыдатнасьць шляхоў-злучэньняў, каб прыпыніць эшалёны да ўкраінскай мяжы, заявіла арганізацыя былых сілавікоў BYPOL.
Акцыі, паводле BYPOL, зьдзейсьненыя ў знак салідарнасьці з украінскім народам і дзеля дапамогі яму ў вайне супраць расейскага агрэсара.
«У выніку фізычна пашкоджаныя прылады сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня, а таксама кантактная сетка. Частка абсталяваньня не падлягае аднаўленьню. Паралізаваны рух на некалькіх участках дарогі», — паведаміў BYPOL.
Паводле тэлеграм-каналу @belzhd_live «Сообщество железнодорожников Беларуси», дыспэтчарская цэнтралізацыя «Нёман» выведзена са строю, спадарожнае праграмнае забесьпячэньне не працуе, БЧ пераведзена на ручны рэжым працы.
Таксама вядома, што хакеры атакавалі сайты шэрагу беларускіх дзяржаўных установаў. Цяпер яны не працуюць. Пра гэта паведаміла дзяржаўная служба спэцсувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны.
Ідуць кібэратакі і на вэб-рэсурсы Расеі, піша тэлеграм-канал Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Не працуюць зараз, сярод іншага, сайты СК РФ, ФСБ РФ, «Сбербанку». Заблякаваныя такія беларускія і расейскія рэсурсы, як sberbank.ru, vsrf.ru, scrf.gov.ru, kremlin.ru, radiobelarus.by, rec.gov.by, sb.by, belarus.by, belta.by, tvr.by.