На ўчастку ў Лугавой Слабадзе ў Менскім раёне бюлетэні не падпісаныя камісіяй
Калі людзі зазначылі, што на іх павінны быць два подпісы, — толькі тады пры іх падпісалі бюлетэні, якія былі на стале. Пра гэта піша ПЦ «Вясна».
Ціханоўская: «Беларусы могуць нават не здагадвацца, што адбываецца»
Выступаючы на брыфінгу з нагоды дня галасаваньня, Ціханоўская адзначыла, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне беларускі рэфэрэндум адышоў на другі плян. А пратэсты падчас самога рэфэрэндуму могуць стаць масавымі пратэстамі супраць вайны.
«Калі выйдуць першыя сотні сьмелых, то далучацца ўсе астатнія, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Я проста вельмі перажываю за тое, што ў Беларусі людзі недаінфармаваныя і не разумеюць, у які час мы цяпер жывём і што адбываецца. Шмат для каго ўсё спакойна».
Збор каля ўчасткаў пачаўся
Беларусы а 14-й гадзіне сталі зьбірацца каля ўчасткаў, на якіх праходзіць галасаваньне аб зьменах у Канстытуцыі. Утварыліся доўгія чэргі. У Менску ўжо скандуюць: «„Не“ — вайне!».
Улады пачалі сьцягваць у цэнтар сталіцы сілавікоў.
На выбарчых участках у Беларусі людзі пратэстуюць супраць вайны. Ёсьць затрыманыя
Адбыліся першыя затрыманьні на ўчастках. Як піша «Вясна», на выбарчым участку № 69 у Стайках затрымалі Канстанціна Шабуніна. Людзі зьбіраюцца на ўчастках у доўгія чэргі і пратэстуюць супраць вайны супраць Украіны, у якую ўступіў Лукашэнка. Таксама яны выступаюць за поўны сыход Лукашэнкі з палітыкі.
Затрыманьні ў Горадні
Міліцыянты правялі затрыманьні ў Горадні, дзе людзі адмаўляліся адысьці ад выбарчага ўчастку.
Спроба затрыманьня побач з участкам. ВІДЭА
На відэа трапіла спроба сілавікоў затрымаць чалавека за антываенны пратэст.
На ўчасткі пад’яжджае АМАП
Менчукі паведамляюць, што да некаторых школ у Каменнай Горцы, дзе сабраліся людзі, ужо пад’ехаў АМАП. Аднак людзі не разьбягаюцца — спакойна адыходзяць за плот і надалей стаяць.
Затрыманьне за сьцяг Украіны
Ніякім заканадаўствам сьцяг Украіны не забаронены. Але сілавікі затрымалі хлопца за тое, што ён прыйшоў зь ім на выбарчы ўчастак на вуліцы Чурлёніса ў Менску.
Затрыманьне ў Магілёве
Каля Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчовых і хімічных тэхналёгіяў (былы МДУХ) супрацоўнікі АМАП затрымалі і павезьлі ў невядомым кірунку пажылую жанчыну.
Таксама сілавікі адагналі ад будынку ўнівэрсытэту, дзе разьмяшчаецца ўчастак для галасаваньня, пару зь дзецьмі.
Напружаньне расьце
На адным з участкаў адбылася штурханіна зь міліцыянтамі.
У Горадні прайшоў адзіночны пікет
Дзяўчыну, якая яго правяла, затрымалі.
Бюлетэнь з патрабаваньнем свабоды Ігару Лосіку
Чытач Свабоды даслаў у рэдакцыю здымак надпісу, які ён зрабіў на бюлетэні, патрабуючы свабоды кансультанту Радыё Свабода Ігару Лосіку, асуджанаму рэжымам Лукашэнкі на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Чалавек запатрабаваў вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
За кратамі цяпер таксама журналісты Свабоды Андрэй Кузьнечык і Алег Грузьдзіловіч. На Кузьнечыка завялі крымінальную справу, а Грузьдзіловіч ужо чакае суду.
На 15:30 ужо 12 затрыманых
Праваабаронцы апублікавалі сьпіс 12 імёнаў затрыманых сілавікамі за антываенныя пратэсты і заклікі да Лукашэнкі сысьці. Сьпіс абнаўляецца, затрыманьні працягваюцца, аднак людзі не адыходзяць ад участкаў.
Ціханоўская заклікала пікетаваць Генэральны штаб а 17-й
Апазыцыйны лідэр Сьвятлана Ціханоўская, якая раней заявіла пра стварэньне пераходнага кабінэту, заклікала да мітынгу каля Генэральнага штабу на вуліцы Камуністычнай, 1 у Менску. На ім мае быць выстаўлена патрабаваньне беларускім афіцэрам спыніць рух войскаў ва Ўкраіну ў падтрымку Пуціна і расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Адначасова з гэтым кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка заклікаў беларускіх афіцэраў не выконваць злачынных загадаў Лукашэнкі, які падтрымаў Пуціна ў вайне супраць Украіны. На гарады паўднёвых суседзяў зь беларускай тэрыторыі ляцелі ракеты. Бамбаваньні разбуралі стратэгічныя аб'екты і жылыя дамы, гінулі людзі, у тым ліку малыя дзеці.
Кветкі да пасольства Ўкраіны
Плот пасольства Ўкраіны ў Менску ўвесь завешаны кветкамі. Дзень таму кветкі былі тут толькі на браме.
Затрыманьне каля Вечнага агню ў Баранавічах
Плякат з надпісам «НЕТ ВОЙНЕ» на адзіночным пікеце стаў прычынай яшчэ аднаго затрыманьня, на гэты раз у Баранавічах. Затрыманы малады хлопец. Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманых ужо 20.
У Менску затрымалі Вольгу Калацкую
Гэта, праўдападобна, адбылося каля аднаго з выбарчых участкаў у сталіцы.
Перакладніцу раней каралі — за поўху, якую яна дала прапагандысту Грыгорыю Азаронку. Затрымалі 15 студзеня 2021 году падчас заняткаў ангельскай мовай з вучнямі. Калацкую зьвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Потым яго зьмянілі на арт. 339 («Хуліганства»).
Калёна людзей выйшла на вуліцу. ВІДЭА
Па адной з сталічных вуліц ідзе калёна людзей з украінскім сьцягам і скандуе антываенныя лёзунгі.
34 затрыманыя
Колькасьць затрыманых за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне вырасла да 34 чалавек. Беларускія міліцыянты працягваюць нападаць на ўсе пікеты, якія адбываюцца ў розных гарадах.
За просьбы паказаць пратаколы выклікалі міліцыю
Магілёўскія праваабаронцы паведамілі, што на ўчастку для галасаваньня ў СШ № 9 пасьля просьбы выбарнікаў паказаць пратаколы з вынікамі датэрміновага галасаваньня чальцы камісіі выклікалі на іх міліцыю. Прыехалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Цімур Пархоменка і, як вынікае з апісаньня, Васіль Карніенка. Абышлося без затрыманьняў. Магілёўцы выказалі сілавікам незадаволенасьць удзелам Беларусі ў вайне з Украінай, пасьля чаго бакі разышліся.