У МУС паведамілі пра амаль 800 затрыманых пасьля рэфэрэндуму
У сваім паведамленьні МУС напісаў, што «нягледзячы на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, масавымі пратэставыя акцыі не атрымаліся». Там нагадалі, што заведзены крымінальныя справы па артыкуле 342 КК за грубае парушэньне грамадзкага парадку і арганізацыю масавых несанкцыянаваных акцый і нібыта затрыманыя датычныя да гэтага людзі.
Праваабаронцы ведаюць 530 прозьвішчаў затрыманых на антываенных акцыях людзей.
Улады назвалі першыя вынікі «галасаваньня»
Згодна з папярэднімі дадзенымі, удзел у рэфэрэндуме прынялі 5359471 чалавек, або 78,63% грамадзян Беларусі, уключаных у сьпісы для галасаваньня. За ўнясеньне зьмен і дапаўненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прагаласавала 4 440 813 чалавек, ці 65,16% ад агульнай колькасьці ўдзельнікаў. Супраць – 686 165 чалавек ці 10,07%, паведамляе БелТА.
Калі падлічваць вынікі галасаваньня ад колькасьці тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, атрымліваецца, што зь іх «за» прагаласавала 82,85%, «супраць» — 12,8%, несапраўдных бюлетэняў — 4,35%.
Ужо 500 затрыманых у Беларусі
Паводле дадзеных ТГ-канала Списики Окрестина, па стане на 00:13 28 лютага вядомыя прозьвішчы 500 затрыманых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі.
У Менску прайшлі акцыі пратэсту супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну, затрымалі 300 чалавек
Лякальныя акцыі пратэсту супраць расійскага ўварваньня ва Украіну прайшлі 27 лютага ў розных раёнах Менска. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі, які закліканы яшчэ больш умацаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі. Згодна са сьпісамі праваабаронцаў «Вясны» затрымалі 300 чалавек.
«Не — вайне!», «Слава Ўкраіне!» Як беларусы пратэставалі ў дзень рэфэрэндуму. ФОТА
Лякальныя акцыі пратэсту супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну прайшлі 27 лютага ў Менску і розных гарадах Беларусі. Акцыі супалі з асноўным днём галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьмяненьні Канстытуцыі, які мае на мэце яшчэ больш умацаваць уладу Аляксандра Лукашэнкі.
Напярэдадні дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская заклікала суграмадзян а 14-й гадзіне прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і «актыўна выказаць пратэст супраць вайны».
Ціханоўская заклікала працягнуць акцыі пратэсту 28 лютага
Сьвятлана Ціханоўская заклікала працягнуць акцыі пратэсту супраць вайны заўтра, 28 лютага, на прывакзальных плошчах гарадоў а 18-й гадзіне. Пра гэта яна заявіла на прэсавай канфэрэнцыі.
У Гомлі затрымалі юрыстку, кандыдата навук Ірыну Кучвальскую
Яна прыйшла да выбарчага ўчастку ў школе нумар 66 з антываенным плякатам.
«Жанчыны адбівалі затрыманых», — менчукі расказваюць, як схадзілі прагаласаваць на рэфэрэндуме
У Беларусі 27 лютага — асноўны дзень галасаваньня на рэфэрэндуме аб зьменах у Канстытуцыі. Многія жыхары краіны адгукнуліся на заклік лідэраў апазыцыі прыходзіць на ўчасткі а 14-й гадзіне. Пра свой досьвед удзелу ў рэфэрэндуме Свабодзе расказалі трое менчукоў.
Колькасьць затрыманых у Беларусі падчас рэфэрэндуму і на акцыях пратэсту вырасла да 182 чалавек
Людзей затрымлівалі на ўчастках для галасаваньня, а таксама ў цэнтры Менску падчас антываенных акцыяў, на якія выйшлі людзі каля Генэральнага штабу і на Нямізе. «Вясна» складае сьпіс затрыманых.
У цэнтры Менску беларусы скандавалі «Пуцін — х*йло!»
У Менску працягваюцца антываенныя пратэсты. Беларусы гукаюць «Не — вайне!», «Слава Ўкраіне» і нават «Пуцін — х*йло!»
На Нямізе ў Менску гудуць машыны, пратэстоўцы гукаюць „Не — вайне!“
У Беларусі працягваюцца антываенные пратэсты. Затрымалі ўжо больш за 110 чалавек.
У пратэстах супраць вайны ва Ўкраіне ў дзень галасаваньня на рэфэрэндуме прынялі ўдзел каля 70 тысяч беларусаў па ўсім сьвеце
Пра гэта Свабодзе расказала Сьвятлана Ціханоўская.
У Беларусі на рэфэрэндуме і акцыях пратэсту затрымалі ўжо 100 чалавек
Праваабаронцы складаюць сьпіс затрыманых у Беларусі падчас рэфэрэндуму і антываенных акцыях пратэсту. У сьпісе ўжо больш за 100 чалавек.
У Менску надалей затрымліваюць удзельнікаў антываеннай акцыі
Зьявілася відэа затрыманьняў у Менску каля Опэрнага тэатру. Людзі гукаюць «Не — вайне!» Некаторыя трымаюць украінскія сьцягі.
Колькасьць затрыманых вырасла да 88 чалавек
Як паведамілі праваабаронцы, на акцыях супраць вайны ва Ўкраіне і ўдзелу ў ёй беларусаў затрыманыя ўжо 88 чалавек, вядомыя іх імёны. Колькасьць удакладняецца, а затрыманьні працягваюцца. Яны прайшлі прынамсі ў 12 гарадах.
Хакеры «паклалі» сайт ЦВК
Перастаў адкрывацца сайт Цэнтравыбаркаму Беларусі. На 17:50 на сайт ЦВК і шэраг іншых сайтаў дзяржаўных структураў РБ няма доступу. Каля гадзіны ночы на сайце ЦВК мусілі публікаваць папярэднія вынікі рэфэрэндуму. Адказнасьць за блякаваньне сайту ўзялі на сябе ўкраінскія хакеры.
Галасаваньне ў Сьветлагорску. ВІДЭА
Вось так выглядае паход чальцоў камісіі па дамах для збору галасоў на поўдні краіны.
Пачаліся затрыманьні каля Генэральнага штабу
Каля будынку Генэральнага штабу ў Менску сілавікі пачалі затрымліваць удзельнікаў акцыі пратэсту супраць вайны. Агулам за дзень у Беларусі ўжо мінімум 66 затрыманьняў.
«Слава Ўкраіне! Героям слава!» каля Генэральнага штабу ў Менску. ВІДЭА
Антываенны пратэст у Менску працягваецца. Людзі сабраліся каля будынку Генэральнага штабу, як заклікала Сьвятлана Ціханоўская, і пратэстуюць супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і ўдзелу ў ім Беларусі.
Сілавікі перакрываюць праезд да Генэральнага штабу
У Менску перакрылі пад’езды да Генэральнага штабу на вуліцы Камуністычнай, 1. Улады спрабуюць перашкодзіць пратэстам супраць вайны ва Ўкраіне і ўдзелу ў ёй беларускіх вайскоўцаў.