Эканаміст, палітык Яраслаў Раманчук пераехаў у Кіеў летам 2021 году пасьля ператрусу дома і ў офісе. Ён працягвае знаходзіцца ў Кіеве, нягледзячы на абстрэлы і небясьпеку. Яраслаў Раманчук адказаў на пытаньні Свабоды.
— Якая сёньня атмасфэра ў Кіеве?
— Другі дзень вайны. Ноччу ляталі ракеты, зьбівалі іх. Дух людзей абсалютна гераічны. Яны настроены ваяваць так, каб зьнішчыць ворага і выкінуць яго прэч са сваёй краіны. І войскі, і ўлада, і прэзыдэнт — гэта адзін кулак. Такой мабілізацыі ад украінцаў не даводзілася бачыць яшчэ ніколі.
Людзі спакойныя. Учора, каму было неабходна, выехалі з гораду, але панікі не было абсалютна. Мы бачылі гераізм вайскоўцаў на Зьмяіным, у Гастомелі. Па апошняй інфармацыі, у Кіеў закідваюць дывэрсійныя групы, каб забіць кіраўніцтва краіны.
Галоўнае цяпер — не паддавацца паніцы і ня верыць фэйкавым крыніцам інфармацыі. Расейцы вядуць ня толькі гарачую вайну, але і інфармацыйную.
Украіна дае адпор ворагу, я ня бачу шанцаў для расейскіх імпэрыялістаў перамагчы. Дух ня зломлены, рэсурсы ёсьць.
Найбольш горка для мяне сёньня, што некаторыя апэрацыі, як захоп Чарнобыльскай АЭС, адбываліся з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнку тут успрымаюць як суаўтара агрэсіі.
— Ці зьмянілася ад гэтага стаўленьне да беларусаў?
— Мабыць, так. Лукашэнка хлусіць, што мы нічога ня робім, але ягоныя дзеяньні ёсьць саўдзелам у злачынстве. Але я таксама беларус, выказваю сваю думку. Беларусы розныя, ёсьць і тыя, хто ваюе за Ўкраіну з Пуціным. Трэба добра тлумачыць украінцам, што Беларусьсю кіруе хунта, якая захапіла ўладу 27 гадоў таму.
Даводзіцца гаварыць, што беларусы — гэта гераічны народ, які змагаўся і з фашыстамі, і з Лукашэнкам, ня трэба верыць расейскай прапагандзе. На жаль, і ў самой Беларусі ня ўсе яшчэ могуць зразумець, што Пуцін зьяўляецца агрэсарам — проста таму, што ў яго не зьмяшчаецца ў галаве канцэпцыя незалежных Беларусі і Ўкраіны.
— Як вы асабіста правялі гэтую ноч?
— Гэта ня Ібіца, вядома. Спусьціліся ў бамбасховішчы, сядзелі, чакалі. Мабыць, у 2 ночы мяне змарыла. Ранкам прачнуўся, зьвязаўся зь сябрамі, зь якімі мы трымаем сувязь. Кожны сочыць за кожным, і калі трэба нейкая дапамога, то робім усё магчымае. Цяпер такі стан спакойнай напружанасьці.
Усё вельмі добра арганізавана, былі людзі зь дзецьмі. Усе адно адному дапамагаюць. Крамы працуюць, аптэкі працуюць, сьвятло ёсьць, сувязь, інтэрнэт, цяпло.
— Ці вераць людзі кіраўніцтву краіны?
— Такой еднасьці і даверу Зяленскаму ніхто ніколі ня бачыў і не чакаў. Я гляджу па стужцы сваіх сяброў, якія заўжды былі за Парашэнку, цяпер яны прызнаюць, што Зяленскі — гэта «прэзыдэнт зь яйцамі». Ён жалезны, мае вялізны давер ад людзей. Міністэрства абароны — гэта героі краіны. Усё вельмі прафэсійна зроблена, каб ратаваць краіну.
— Ці ёсьць перабоі з харчамі?
— Усё добра. У першы дзень, магчыма, былі перабоі. У крамах хапае прадуктаў. Часам, бывае, бракуе хлеба, але яго потым давозяць. Гэта ўсё такія дробязі, што ня хочацца на іх засяроджвацца. Усё вельмі арганізавана. Цяпер думаюць толькі пра тое, каб зьбіць атаку дывэрсійных групаў, каб яны не змаглі забіць Зяленскага і ягоную сям’ю.
Агрэсары хацелі зьдзейсьніць бліцкрыг, хацелі зрабіць усё хуценька, але не атрымалася. Нават раней захопленыя гарады, як Марыюпаль, Сумы, — усё пад кантролем.
— Зьяўляецца інфармацыя з амэрыканскіх СМІ, што Кіеў можа пасьці цягам 96 гадзін.
— Я таксама гэта бачыў. Паглядзім. Акупанты хацелі зайсьці з боку Беларусі, але іх там разграмілі, падарвалі масты. Я ня думаю, што такое будзе. Пройдзе дні тры і ў расейцаў таксама зьменшыцца запал, у іх таксама ёсьць палонныя, забітыя. Трэба падымаць інфармацыйную хвалю ў Расеі і Беларусі, каб людзі гаварылі пра мір. У многіх усё яшчэ ня ўкладаецца ў галаве, што расейскія самалёты бамбяць Кіеў. Але гэта такая рэальнасьць, у якой мы жывём.
— У вас шмат сяброў і знаёмых у Расеі. Што яны гавораць?
— Гэта інтэлігенты ў асноўным, эканамісты. Яны выбачаюцца за ўсё. Расейцам трэба прызнаць вельмі кепскія рэчы: што іхная краіна зьяўляецца агрэсарам, а Пуцін робіць тое ж, што рабіў Гітлер. Для расейцаў гэта вельмі несумяшчальныя рэчы ў галовах. Узровень замбаваньня там пакуль высокі, і Пуцін гэтым карыстаецца. Людзей падрыхтавалі, як у Оруэла, каб яны ўспрымалі вайну мірам, чорнае белым.
І для расейскіх інтэлігентаў гэта вельмі складаны час. Яны павінны набрацца сілаў, каб казаць праўду. Трэба рабіць усё, каб дагрукацца да простых людзей.
І нам, беларусам, таксама трэба вызначацца. Тыя 35% людзей, якія супраць дэмакратыі, на што яны разьлічвалі? Цяпер такі час, што няма паўтаноў. Трэба ясна сказаць, хто агрэсар, а хто ахвяра.
— Вы зьбіраецеся заставацца ў Кіеве ці маеце пляны ехаць далей на Захад?
— Такіх плянаў няма. Я буду ў Кіеве да канца. Ня ведаю, як гэта ўсё будзе разгортвацца. Амэрыканцы папярэджвалі мяне, што ёсьць сьпісы на зьнішчэньне ня толькі ўкраінцаў, але і беларусаў. Паглядзім. На сёньня я зьбіраюся заставацца ў Кіеве, бо веру ў перамогу. Я лічу, што за тры дні агрэсар страціць увесь азарт і будзе разьбіты.
— Ці ёсьць у вас страх?
— Ён вельмі дзіўны. Калі бачыш нейкія цаляньні снарадаў ці выбухі, то нешта ёсьць. Я пару тыдняў таму быў у Харкаве ў сябра, і ён дасылае здымкі тых месцаў, якія я нядаўна бачыў, а яны разбураныя. Думаеш, ну так, блін, гэта жах.
Але я чалавек не вайсковы, то да мяне гэтая хваля даходзіць пазьней. Калі ўспамінаеш пра тых вайскоўцаў, якія бароняць Украіну, то думаеш, што жывеш у камфорце. Рабі, што можаш, каб даносіць да людзей праўду. Быць салдатам інфармацыйнай вайны гэтак жа сама важна, як быць салдатам з аўтаматам.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.