УЭФА забрала ў Расеі права правесьці фінал Лігі чэмпіёнаў
За агрэсію супраць Украіны Расею пазбавілі права прымаць матч, права перадалі іншай краіне.
Фінал Лігі чэмпіёнаў, самага прэстыжнага футбольнага турніру ў Эўропе, быў заплянаваны на вечар 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу. Аднак Эўрапейская фэдэрацыя футбольных асацыяцый (УЭФА) забрала ў Расеі права на галоўны матч году ў Эўропе за вайсковую агрэсію Пуціна супраць Украіны.
Украінскі матрос ахвяраваў жыцьцём, каб падарваць мост ля Крыму і спыніць расейскія войскі
Украінскі інжынэр асобнага батальёну матрос Віталь Скакун падарваў Генічаскі мост, каб спыніць перасоўваньне расейскага войска. Пра гэта паведамляе Генштаб Узброеных сілаў Украіны на сваёй старонцы ў facebook.
Байдэн ухваліў адпраўку яшчэ 7 тысяч вайскоўцаў у Нямеччыну
У выніку агульная колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў, накіраваных у Эўропу ў гэтым месяцы, дасягне 12 тысяч. Дадатковы кантынгент, які разгортваецца ў Нямеччыне, будзе ўключаць бранятанкавую брыгадную баявую групу з «адпаведнымі рэсурсамі і сродкамі», гаворыцца ў заяве Пэнтагону.
генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у чацьвер надзяліў амэрыканскага генэрала Тода Уолтэрса, вярхоўнага галоўнакамандуючага аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе, паўнамоцтвамі па мабілізацыі сіл рэагаваньня NATO колькасьцю 40 тысяч чалавек.
«Я застаюся ў Кіеве, бо веру ў перамогу». Эканаміст Яраслаў Раманчук расказвае пра пачатак вайны
Эканаміст, палітык Яраслаў Раманчук пераехаў у Кіеў летам 2021 году пасьля ператрусу дома і ў офісе. Ён працягвае знаходзіцца ў Кіеве, нягледзячы на абстрэлы і небясьпеку.
— Галоўнае цяпер — не паддавацца паніцы і ня верыць фэйкавым крыніцам інфармацыі. Расейцы вядуць ня толькі гарачую вайну, але і інфармацыйную.
Украіна дае адпор ворагу, я ня бачу шанцаў для расейскіх імпэрыялістаў перамагчы. Дух ня зломлены, рэсурсы ёсьць.
Найбольш горка для мяне сёньня, што некаторыя апэрацыі, як захоп Чарнобыльскай АЭС, адбываліся з тэрыторыі Беларусі. Лукашэнку тут успрымаюць як суаўтара агрэсіі.
Польшча вырашыла заблякаваць расейскія тэлеканалы
Нацыянальная рада тэлерадыёвяшчаньня Польшчы (Krajowa Rada Radiofonii i Telewizji) прыбірае расейскія тэлеканалы, а дзяржаўны канал TVP – расейскія сэрыялы паведамляе wyborcza.pl.
Зьнікнуць з польскага тэлеэфіру такія каналы, як RT (Russia Today), RT Documentary, RTR Planeta, Союз ТВ, Россия 24.
Сытуацыя каля Харкава. Відэа
Знойдзена цела расейскага вайскоўца. Відэа Свабоды.
Пад Харкавам украінская армія зьнішчыла расейскія «Грады»
Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць Харкаў, прычым страляюць па жылых масівах. Зацятыя баі з ночы трываюць у 16-кілямэтровым поясе вакол гораду.
Украінскія ўцекачы на мяжы з Малдовай
Зяленскі: «Пачалася вайна супраць Эўропы і яе адзінства»
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў уварваньне Расеі ва Ўкраіну вайной супраць Эўропы і яе адзінства.
«Гэта пачатак вайны супраць Эўропы, супраць адзінства Эўропы. Супраць элемэнтарных правоў чалавека ў Эўропе, супраць усіх правілаў суіснаваньня на кантынэнце», — заявіў Зяленскі ў звароце да ўкраінскага народу.
Жыхары Растова паведамілі пра абстрэл расейскага вайсковага аэрадрому Мілерава
Жыхары Растоўскай вобласьці паведамілі пра абстрэл вайсковага аэрадрому Мілерава на поўначы рэгіёну, паблізу мяжы з Украінай. Карыстальнікі сацсетак публікуюць фота і відэа пажараў зь месца здарэньня. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, людзі пачулі вельмі гучны гук. Жыхары высокіх дамоў убачылі агонь.
Крыніцы растоўскіх СМІ ў сілавых структурах распавялі, што аэрадром быў атакаваны ўкраінскім войскам раніцай у пятніцу. Здарыўся пажар. Раненьні атрымалі некалькі чалавек.
У Марыюпалі шмат параненых, ідуць жорсткія баі на ўсіх кірунках
Мэр Марыюпаля Вадзім Бойчанка сьцьвярджае, што украінскія вайскоўцы кантралююць подступы да гораду. Паводле яго, расейцы перабілі водаправод і трансфарматарныя электрападстанцыі, у выніку чаго мясцовыя ўлады вымушаны былі падключыць рэзэрвовыя крыніцы.
«У нас шмат разбуранага жыльлёвага фонду. Але мы ня можам пачаць яго аднаўляць. Гэта магчыма зрабіць толькі пры спыненьня агню», — паведаміў ён.
Вадзім Бойчанка таксама паведаміў, што ў Марыюпалі затрымалі аднаго дывэрсанта, які падаваў арыентыры расейцам для нанясеньня авіяцыйных ці артылерыйскіх удараў. Паводле яго, напярэдадні ў мясцовыя лякарні шпіталізавалі 35 параненых, зь якіх дзевяць у вельмі цяжкім стане.
Расейцы з «Граду» абстралялі дзіцячы дом пад Кіевам
Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заявіла, што ў дзіцячым доме ў Ворзелі (крыху больш як 30 км ад Кіева) у час абстрэлу знаходзіліся 50 дзяцей і пэрсанал.
Паводле яе, пацярпелых няма, бо якраз у той момант дзеці разам з пэрсаналам знаходзіліся ў іншым памяшканьні. Дзяцей і пэрсанал рыхтуюць да эвакуацыі.
У Чорным моры каля Адэсы падстрэлены малдаўскі карабель
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны паведаміў, што расейскі карабель падбіў малдаўскі бункеровец Millennial Spirit за 12 міляў ад адэскага порту «Південний».
Марское агенцтва Малдовы пацьвердзіла атаку, але заявіла, што яе крыніца невядомая.
Расейская тэхніка ў Берасьці
Кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне і сесьці за стол перамоваў
Сі Цзіньпін заявіў пра гэта падчас тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у пятніцу, 25 лютага.
Паводле агенцтва AFP, Сі Цзіньпін сказаў, што падтрымлівае ўрэгуляваньне ўкраінскага крызісу празь перамовы.
Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю для перамоваў з Украінай
Расея гатовая адправіць у Менск на перамовы з Украінай сваю дэлегацыю, паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў. Пра гэта паведамляе «РИА Новости».
Раней сёньня прэзыдэнт Украіны Зяленскі заявіў аб гатоўнасьці абмяркоўваць нэўтральны статус Украіны.
Польшча рыхтуецца закрыць паветра для расейскіх самалётаў
Польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі даручыў ураду падрыхтаваць пастанову, якая прывядзе да закрыцьця паветранай прасторы краіны для расейскіх авіякампаніяў. Таксама ён нагадаў, што ў супрацы з Эўразьвязам прыняты шырокі пакет эканамічных і палітычных санкцыяў супраць Масквы за ўварваньне ва Ўкраіну.
У Сумскай вобласьці расейцы абстралялі дзіцячы садок
2 чалавекі загінулі, 17 атрымалі раненьні, у тым ліку дзеці. Трое ў цяжкім стане, сказаў дэпутат Вярхоўнай Рады Фёдар Веніслаўскі. Ахтырка знаходзіцца за 80 км ад абласнога цэнтру Сумаў і за 480 км ад беларускага Гомля.
У Ізюмскім раёне пашкодзілі газаправод
Пасьля баёў на Харкаўшчыне выведзены са строю газаправод. Больш за 500 сем’яў у сяле Аскол, а таксама псыханэўралягічны інтэрнат засталіся бяз газу.
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Пуціна і Лаўрова
Краіны Эўразьвязу ўзгаднілі замарожваньне пэрсанальных банкаўскіх рахункаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова. Афіцыйнае рашэньне мае быць прынята пазьней сёньня. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі крыніцы ў Брусэлі.