Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага
Украінскі салдат разглядае аскепкі зьбітага самалёта ў Кіеве 25 лютага

Украіна дае адпор расейскай агрэсіі. Расею выключылі з Рады Эўропы. Што адбывалася 25 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева ракетамі і авіянапад. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • Расея працягвае наступ па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, масава абстрэльвае цывільныя будынкі ў гарадах і мястэчках.
  • Кіеў і вобласьць пад масіраванымі авіяўдарамі. Вайскоўцы і палітыкі заклікалі ўкраінцаў стаць на абарону сталіцы.
  • Ужо больш за 50 тысяч уцекачоў пакінулі Ўкраіну.
  • Рада Эўразьвязу ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расейскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным сьпісе» разам з кіраўніцтвам Расеі і дэпутатамі Дзярждумы 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Расея пазбавілася сяброўства ў Радзе Эўропы, месца ў Эўрабачаньні і фінала Лігі чэмпіёнаў
  • Прэзыдэнт Украіны Зяленскі выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць нэўтральны статус Украіны.
  • Крэмль спачатку заявіў, што Пуцін гатовы накіраваць у Менск дэлегацыю для перамоваў з Украінай. Аднак пасьля заклікаў украінскіх вайскоўцаў зрынуць уладу ў Кіеве.
  • Кіраўнік Кітаю ўпершыню заклікаў Пуціна спыніць вайну ва Ўкраіне і сесьці за стол перамоваў
  • Кіеў: апэрацыяй Расеі ў паветранай прасторы кіруюць з тэрыторыі Менскай вобласьці. У беларускіх гарадах заўважылі шмат вайсковай тэхнікі. Лукашэнка 25 лютага не сказаў пра вайну ні слова.
  • ЗША ўвялі «зьнішчальны» пакет санкцыяў супраць Расеі, а таксама новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Новыя санкцыі ўзгадніў і Эўразьвяз, а ў другой палове дня дамовіліся пра замарозку ўсіх рахункаў Пуціна і Лаўрова.
06:10 25.2.2022

Раніцай у пятніцу каля 4:22 у Кіеве прагучала некалькі выбухаў у розных раёнах Кіева

У прыватнасці, выбухі прагучалі ў Пячэрскім і Галасееўскім раёнах сталіцы, у Пазняках. У Траешчынскім раёне Кіева ўжо каля 6 выбухаў.

«Толькі што працягнуліся ўдары па Кіеве крылатымі або балістычнымі ракетамі. Я пачуў два магутныя выбухі», – напісаў дарадца МУС Украіны Антон Герашчанка ў сваім Telegram-канале.

06:16 25.2.2022

Ракетныя ўдары ў Запароскай вобласьці

Дзяржпамежслужба Украіны паведамляе, што нанесены ракетны ўдар па памежнай частцы «Прыморскі пасад» у Запароскай вобласці. Ёсць загінулыя і параненыя.

06:19 25.2.2022

Ракета трапіла ў жылы будынак у Кіеве

Пасьля пачатку ракетнага абстрэлу Кіева зарарэўся жылы дом на вуліцы Кошыца. Пажар ліквідуюць супарцоўнікі МНС. Ёсьць пагроза абрушэньня.

06:31 25.2.2022

Ад абстрэлу Кіеве параненыя як мінімум тры цывільныя

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што паводле папярэдніх зьвестак, у выніку ракетнага абстрэлу жылога дома па вуліцы Кошыца, 7-А пацярпелі тры чалавекі, адзін з іх у цяжкім стане. Дом гарыць, існуе пагроза разбурэньня.

06:41 25.2.2022

Мінабароны Ўкраіны назвала колькасьць загінулых за першы дзень вайны расейскіх салдат


Паводле намесьніцы міністра абароны Ганны Маляр, у першы дзень вайны загінула каля 800 жаўнераў праціўніка. У палон патрапілі каля 20.

Ганну Маляр цытуе агенцтва УНІАН. Паводле Памежнай службы Украіны, новы наступ пачаўся прыкладна ў 4.20 ранку пятніцы 25 лютага. Паведамляецца пра паветраную атаку на Кіеў і Запарожжа. Дакладная колькасьць загінулых украінскіх жаўнераў невядомая. Мінабароны Расеі інфармацыю аб сваіх стратах ва Украіне не агучвае

06:44 25.2.2022

У Кіеве назвалі страты расейскай баявой тэхнікі

За 24 лютага ліквідаваны 7 самалётаў і 7 верталётаў расейцаў, больш за 30 танкаў, больш за 130 бронемашын расійскіх войскаў, якія ўварваліся ва Украіну, паведамляе УНІАН са спасылкай на офіс прэзыдэнта Ўкраіны.

07:01 25.2.2022

Дзяржсакратар ЗША: «Пуцін паспрабуе захапіць Кіеў і зьвергнуць украінскі ўрад»

Аб намерах Крамля ў вайне Энтані Блінкен расказаў у інтэрвію амэрыканскаму каналу CBS New, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Паводле Блінкена, у бліжэйшыя дні расейскія войскі паспрабуюць захапіць шэраг украінскіх гарадоў уключна з Кіевам. Вынікам гэтага, паводле прадстаўніка ўраду ЗША, павінна стаць стварэньне новага ўкраінскага ураду, ляяльнага Крамлю.

07:04 25.2.2022

Пажар пасьля бою ў Сумах

У абласным цэнтры Сумы працягваюцца баі з расейскім войскам. У горадзе пажары.

07:06 25.2.2022

Людзей эвакуявалі з пашкоджанага дома ў Кіеве

Каструкцыі шматпавярховага дому, у які трапілі ўламкі зьбітага самалёта, пашкоджаныя. Ратавальнікі эвакуавалі ягоных жыхароў. Як мінімум трое параненых.

07:10 25.2.2022

Расейская вайсковая тэхніка з Сумаў накіравалася да Кіева, гэта каля 350 км

Кіраўнік Сумскай адміністрацыі Дзьмітры Жывіцкі афіцыйна паведаміў пра абыход расейскімі войскамі Сумаў уначы 25 лютага. Па словах Жывіцкага, расейцы ўзялі ў кола горад Канатоп, іх тэхніка ідзе ў кірунку Кіева. Паміж Сумамі і сталіцай Украіны каля 350 кілямэтраў.

«Тэхніка з горада Сумы выйшла ў напрамку горада Кіева, вельмі шмат тэхнікі, якая прайшла транзытам, накіроўваецца на заходні кірунак», – расказаў Дзьмітры Жывіцкі. Ён таксама зьвярнуўся да ўсіх украінцаў, якія маюць зброю, аказаць супраціўленьне расейскім войскам.

07:15 25.2.2022

Польшча стварыла 9 пунктаў прыёму ўцекачоў ля мяжы з Украінай

У Польшчы на мяжы з Украінай створана 9 пунктаў прыёму бежанцаў, паведамляе Польскае радыё.

Прыёмныя пункты працуюць у гарадах Дарагуск, Даўгабычаў, Зосін і Грабеньне Люблінскага ваяводзятва і каля Корчава, Мэдыкі, Будамежжа і Красьценька ў Падкарпацьці. Дадатковы дзявяты пункт таксама будуецца на чыгуначнай станцыі Пшэмышль.

07:18 25.2.2022

23 ахвяры расейскага нападу ў Харкаўскай вобласьці

Паводле папярэдняй інфармацыі, 24 лютага ў Харкаўскай вобласьці ў выніку баявых дзеяньняў загінулі 23 мірныя жыхары, у тым ліку дзеці, сотні пацярпелых былі дастаўлены ў абласныя і гарадзкія бальніцы.

Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Рада» заявіў кіраўнік Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі Алег Сінегубаў. Ён падкрэсьліў, што ніводны адміністрацыйны будынак, жылы дом у Харкаве не быў захоплены ворагамі.

07:20 25.2.2022

Зяленскі стварыў стаўку вярхоўнага камандаваньня ў вайне з Расеяй

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб утварэньні Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага.

«У сувязі са збройнай агрэсіяй Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, што пагражае яе дзяржаўнай незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці, для забесьпячэньня стратэгічнага кіраўніцтва Узброенымі Сіламі Украіны, іншымі вайсковымі фарміраваньнямі і праваахоўнымі органамі, на падставе прапановы Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны ад 24 лютага 2022 года «Пра Стаўку Вярхоўнага Галаўнокамандуючага», адпаведна артыкулу 8 Закону Украіны «Пра абарону Украіны» пастанаўляю: утварыць стаўку Вярхоўнага Галаўнакамандуючага», -– гаворыцца ў дакумэнце.

07:26 25.2.2022

Ідзе бой за 80 км ад Кіева

У бок Кіева рухаюцца расейскія танкі, каля пгт Іванкоў завязаўся бой. Украінскія абаронцы падарвалі мост, каб спыніць рух акупантаў, паведамляе УНІАН са спасылкай на крыніцы ў арміі Ўкраіны. Ад Іванкава, які знаходзіцца на паўночны захад ад сталіцы Ўкраіны, да Кіева 80 кілямэтраў.

07:31 25.2.2022

СМІ паведамілі пра Выбухі ў Роўным


Раніцай у пятніцу, 25 лютага, у горадзе Роўна прагрымелі два выбухі, перадае УНІАН. Меркавана выбухі адбыліся ў раёне аэрапорту.

07:34 25.2.2022

Пажар у жылым доме Кіева патушылі, 20 параненых

«У 05:37 пажар у шматкватэрным жылым доме па вуліцы Кошыца 7А ліквідаваны на плошчы 100 кв мэтраў», – паведамілі УНІАН у Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацый Кіева. Удалося выратаваць 20 чалавек, паранены 8 чалавек. эвакуявалі 150 чалавек.

07:45 25.2.2022

Эўразьвяз ўзгадніў новы пакет санкцый у дачыненьні да Расеі за ўварваньне ва Ўкраіну

Пра гэта паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен. Паводле яе, новыя санкцыі закрануць 70% банкаўскага сэктара Расеі і асноўныя дзяржкампаніі, у тым ліку ваенную прамысловасьць.


ЭЗ таксама плянуе ўвесьці забарону на экспарт расейскай нафты, забараніць продаж самалётаў і авіяцыйнага абсталяваньня расейскім авіякампаніям. Пакет санкцый прадугледжвае таксама абмежаваньне продажу ў Расею паўправаднікоў і праграмнага забесьпячэньня.

07:52 25.2.2022

Украіна забараніла плацяжы ў Расею і Беларусь, а таксама валютныя апэрацыі з рублямі

Нацыянальны банк Украіны забараніў плацяжы арганізацыям у Расеі і Беларусі, а таксама апэрацыі з удзелам валют абедзьвюх краін, заявіў рэгулятар у ранкам пятніцы 25 лютага, паведамляе Reuters.

07:56 25.2.2022

Ракеты атакавалі аэрапорт у Роўна, трывога ў Львове

Аэрапорт горада Роўна трапіў пад ракетны удар каля 6.40 па украінскім часе. Роўна знаходзіцца побач з беларускай мяжой. Таксама раніцай 25 лютага паведамлілі пра паветраную трывогу ў Львове.

08:01 25.2.2022

У Кіеве фрагменты самалёта ўпалі на двухпавярховы жылы дом

Гэта здарылася па вуліцы Садовая, паведамляе УНІАН. Пачаўся пажар, які ўдалося патушыць. Абломкі самалёта ляжаць непадалёк.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG