Як паведамляецца на афіцыйным сайце ўкраінскай чыгункі, забарона на перамяшчэньне беларускіх калійных угнаеньняў уводзіцца на нявызначаны час.
Колькі перавозілі раней
Як паведамілі Свабодзе ў акцыянэрным таварыстве «Укразалізниця», у 2021 годзе зь Беларусі праз Украінскую чыгунку перавезьлі 11,8 мільёна тон грузаў з прызначэньнем ва Ўкраіну і для далейшага транзыту. Зь іх 693 тысячы тон склалі калійныя ўгнаеньні, у тым ліку 270 тысяч тон зь іх для ўкраінскіх прадпрыемстваў.
Паводле Ўкраінскай чыгункі, транзытны аб’ём калійных угнаеньняў у Турэччыну летась склаў 220 тысяч тон (62%), у Вугоршчыну — 64 тысячы тон (18%), Польшчу — 45 тысяч тон (13%), Румынію — 8 тысяч тон (2%).
Пры гэтым, паводле АТ «Укразалізниця», праз марскія парты Ўкраіны цягам 2021 году перавезьлі 281 тысячу беларускіх калійных угнаеньняў.
Што папярэднічала
У лютым 2022-га Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму тэлевядоўцу Ўладзіміру Салаўёву заявіў, што Ўкраіна прапанавала Беларусі арганізаваць транзыт калійных угнаеньняў праз сваю тэрыторыю.
Аднак, як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, з прапановай арганізаваць лягістыку паставак угнаеньняў зь Беларусі ў Эўропу празь Украіну зьвяртаўся менавіта беларускі бок.
На пачатку лютага генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты разам з генэральным дырэктарам ААТ «ГроднаАзот» Ігарам Ляшэнкам наведалі Адэсу і Львоў, дзе правялі перамовы зь некалькімі лягістычнымі кампаніямі для арганізацыі транзыту праз украінскія парты пасьля адмовы Літвы ад транзыту беларускіх калійных угнаеньняў па сваёй тэрыторыі.
З гэтай жа мэтай кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў наведалі і Турэччыну.
Як паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца, па выніках сваіх перамоў ва Ўкраіне і Турэччыне яны падрыхтавалі і перадалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі прапановы ў арганізацыі транзыту беларускіх угнаеньняў. Па інфармацыі Свабоды, размова ішла аб павелічэньні транзыту праз Украіну роўна на той аб’ём, які раней пастаўляўся празь Літву.