Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія парушэньні зафіксавалі праваабаронцы ў першы дзень датэрміновага галасаваньня


Адкрытыя кабінкі для галасаваньня ў Зэльве
Адкрытыя кабінкі для галасаваньня ў Зэльве

22 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на рэфэрэндуме. ЦВК паведаміў, што за першы дзень нібыта датэрмінова прагаласавалі 6,19 працэнта выбарнікаў. Праваабаронцы фіксуюць парушэньні.

23 лютага Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла, што за два дні датэрміновага галасаваньня на рэфэрэндуме яўка грамадзян склала 14,53%.

27 лютага — дзень асноўнага галасаваньня на рэфэрэндуме, але датэрміновае галасаваньне пачалося 22 лютага, і праваабаронцы ўжо зафіксавалі шэраг парушэньняў.

У Зэльве кабінкі для галасаваньня стаяць так, каб былі відаць усе дзеяньні выбарнікаў. На кабінцы няма пярэдняй фіранкі.

На менскай «хіміі» — у ПУАТ № 55 — асуджаных прымушалі галасаваць датэрмінова. Усяго на гэтай «хіміі» адбываюць свае тэрміны 13 палітвязьняў.

За скаргі на парушэньні падчас рэфэрэндуму назіральніка зь Віцебску выклікалі ў пракуратуру на «прафіляктычную гутарку».

Вадзім Кузьмін зарэгістраваны назіральнікам на рэфэрэндум ад партыі «Справядлівы сьвет». Калі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня ён наведаў выбарчыя ўчасткі ў Чыгуначным раёне гораду, то адразу заўважыў парушэньні: ня вывесілі сьпісы чальцоў выбарчых камісіяў, а скрыні для бюлетэняў апячатаныя так, што пралазіць кулак.

Пакуль мужчына пісаў скаргі ў акруговую камісію ды пракуратуру, яму паведамілі, што назіраць за выбарчым працэсам ён ня зможа. Галоўная прычына — каранавірус. Калі назіральнік вярнуўся дадому, то яго выклікалі ў пракуратуру.

Таксама праваабаронцы фіксуюць заахвочваньне да датэрміновага галасаваньня ў шэрагу ўстановаў:

  • Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт — студэнтам абяцаюць чатыры выходныя, іх здымаюць з заняткаў і прымушаюць ісьці на ўчастак. З словаў навучэнцаў, «адмова не прымаецца»;
  • БНТУ — студэнтам абяцаюць выходныя з 25 па 28 лютага, калі абсалютна ўся група прагаласуе датэрмінова. З словаў іншага навучэнца, «ходзяць па інтэрнаце і пагражаюць высяленьнем».
  • «Гродна Азот» — гатовыя адпусьціць на дзьве гадзіны раней, калі прагаласуеш датэрмінова. Тых, хто прапісаны і жыве ў інтэрнатах, просяць больш настойліва;
  • Берасьцейская дзіцячая абласная лякарня — галоўны доктар «настойліва раіць прагаласаваць датэрмінова» і нават дазваляе схадзіць на ўчастак у працоўны час;
  • Віцебская акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны — «адпраўляюць па 15 чалавек на ўчастак зь лекцыі», а потым у якасьці ўзнагароды тых, хто прагаласаваў, адпускаюць дадому.
  • БДМУ — студэнтам абяцаюць выходны ў пятніцу, калі прагаласаваць датэрмінова.

Першы жыхар вёскі Старая Беліца Гомельскага раёну, які прыйшоў на датэрміновае галасаваньне, атрымаў у падарунак маласольныя агуркі.

Газэта «Вечерний Минск» падказвае чытачам, як галасаваць. 250 тысяч экзэмпляраў газэты жыхары Менску атрымалі бясплатна ў паштовыя скрыні. На тытульнай старонцы проста напісана «Скажи своё „да“».

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG