Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CIT пра расейскія войскі каля Ўкраіны: «Як відаць, ідзе выхад на стартавыя пазыцыі для магчымага наступу»


Фота, апублікаваныя на старонцы Conflict Intelligence Team
Фота, апублікаваныя на старонцы Conflict Intelligence Team

Міжнародная дасьледніцкая група Conflict Intelligence Team 21 лютага апублікавала новую ацэнку сытуацыі каля межаў з Украінай.

«У апошнія дні мы заўважылі, што характар руху расейскай тэхнікі каля межаў Украіны рэзка зьмяніўся, — пішуць дасьледнікі CIT. — Калі раней тракавую тэхніку (танкі, БМП, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі) везьлі амаль выключна на чыгуначных плятформах і танкавых транспартэрах, то цяпер яны амаль усюды звычайна рухаюцца сваім ходам. Больш за тое, часта гэты рух ідзе за лічаныя кілямэтры ад мяжы. Танкі, іншая тэхніка ідуць разам зь цяжкімі агнямётнымі сыстэмамі, хоць апошнія і адносяцца да іншага роду войскаў (радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны) — больш за ўсё гэта падобна на фармаваньне баявых парадкаў батальённых тактычных групаў. Мы лічым, што перакідваньне сілаў зь іншых рэгіёнаў падышло да канца, і, як відаць, ідзе выхад на стартавыя пазыцыі для магчымага наступу».

Акрамя таго, CIT публікуе сьведчаньні, што некаторыя расейскія салдаты (і кантрактнай, і тэрміновай службы) каля мяжы знаходзяцца ў цяжкіх умовах: сьпяць у набітых бітма памяшканьнях і не атрымліваюць цэнтралізаванага харчаваньня.

«Доўга трымаць войскі ў такіх умовах немагчыма, таму ў бліжэйшыя дні можна чакаць альбо наступу, альбо частковага адводу войскаў прынамсі ў тыя буйныя лягеры, дзе мы іх назіралі дагэтуль (на момант напісаньня гэтага паведамленьня ніякага адводу мы не назіраем)».

CIT таксама паведамляе, што на тэрыторыі цэнтральнай гарадзкой лякарні гораду Шабекіна, усяго за 5 кілямэтраў ад мяжы, разгорнуты палявы шпіталь, які можа выкарыстоўвацца ў выпадку наступальных дзеяньняў у Харкаўскай вобласьці Ўкраіны.

«Дагэтуль мы бачылі разгортваньне шпіталёў толькі ў палявых лягерах і толькі на паўночным захадзе Крыму ці ў Беларусі», — пішуць дасьледнікі CIT.

«Урэшце, мы назіраем перакідваньне інжынэрнай тэхнікі, раней не залучанай у канцэнтрацыю. У Краснадарскім краі непадалёк ад Крымскага мосту заўважылі вайсковыя грузавікі з мэталічнымі канструкцыямі, якія дасьледнік Том Балак апазнаў як сярэдні аўтадарожны разборны мост САРМ. Ён можа выкарыстоўвацца для аднаўленьня падарваных мастоў праз Дняпро або Чангарскую пратоку, якая вядзе з Крыму ў Херсонскую і Запароскую вобласьці».

Усё гэта дасьледнікі CIT лічаць сьведчаньнямі далейшага рыхтаваньня магчымай апэрацыі Расеі супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG