Ад 4 лютага Мацкевіч пачынае галадоўку, мэтай якой ставіць дабіцца зьмены меры стрыманьня, заканчэньня сьледзтва і перадачы справы ў суд. Першыя дзесяць дзён ён будзе галадаваць на вадзе. Калі за гэты тэрмін патрабаваньні ня будуць задаволеныя, то пяройдзе на сухую галадоўку.
Свабода сабрала інфармацыю пра Ўладзімера Мацкевіча.
Зь сям’і рэпрэсаваных, таму нарадзіўся ў Сібіры
Уладзімер Мацкевіч зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Таму і месцам нараджэньня ў яго стаіць горад Чарамхова, што ў Іркуцкай вобласьці. Ён нарадзіўся ў 1956 годзе, а празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.
Былая жонка Сьвятлана Мацкевіч кажа, што Ўладзімер папрацаваў і фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.
Але марай было паступіць у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, і няхай ня зь першай спробы, але гэта ўдалося зрабіць.
Сьвятлана Мацкевіч успамінае, што ў час вучобы ў Ленінградзе ён моцна зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком, які ўзначальваў Георгій Шчадравіцкі. Менавіта гэтая асоба зрабіла ці не найбольшы ўплыў на погляды Мацкевіча.
Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе, то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. У Беларусь ён вяртаецца ў год першых прэзыдэнцкіх выбараў, а яшчэ праз год атрымлівае беларускае грамадзянства.
У 1990-я гады цесна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. А ў пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА).
«Пазнаёміўся праз дыскету з тэкстамі»
У той пэрыяд з Мацкевічам пазнаёміўся яго вучань і сябра, палітоляг Андрэй Ягораў.
«Першае знаёмства адбылося ў 1999 годзе, калі да мяне трапіла дыскета зь ягонымі тэкстамі розных гадоў. Я, студэнт паліталёгіі, тады падумаў, што ён піша такую аналітыку, якую б хацеў пісаць я сам. Мяне дзівіла, што ў ранейшых тэкстах даволі дакладна апісвалася палітычная сытуацыя, якая разгорнецца ў Беларусі ў будучыні. Тады мне захацелася пазнаёміцца асабіста.
Гэта было ў будынку РІПА на Караля, 4, дзе ён тады працаваў у мэтадычным аддзеле. Там адбываліся сэмінары „Філязофскага кола“, якое спрычынілася да выданьня „Найноўшага філязофскага слоўніка“. Там былі, апроч Мацкевіча, Аляксандар Грыцанаў, Уладзімер Абушэнка, Аляксей Бабайцаў, Мікалай Кацук. Усё самае галоўнае ў філязофіі Беларусі тады адбывалася ў гэтым пакойчыку на Караля. Былі там спрэчкі і на палітычныя тэмы», — кажа Ягораў.
«Калі я кажу, то кажу катэгарычна»
Як Мацкевічу ўдавалася гуртаваць вакол сябе інтэлектуальныя асяродкі? Тым больш што многія не маглі ўспрымаць ягоны характар і манеру паводзінаў.
«Мацкевіч мае парадаксальныя падыходы да Беларусі, да яе праблемаў, пры гэтым жорстка, катэгарычна ставіць пытаньні, і простых адказаў там не магло быць. Пра ўсё даводзілася разважаць. Ён крытычны, не даваў нікому спуску. Вельмі моцна ўражвала ягоная жорсткая манера стасункаў, шмат каго гэта абражала. Але калі ты таксама можаш крытычна гаварыць з Мацкевічам, вытрымліваеш гэта, то пачыналася нармальная камунікацыя», — успамінае Ягораў.
Што тычыцца няпростага характару і падыходаў, то Мацкевіч гэта і сам разумеў. У асноўным людзі альбо вельмі паважалі падыходы Мацкевіча, альбо зусім іх не ўспрымалі.
«У кнізе „Вызывающее молчание“ Мацкевіч расказвае пра сябе празь лірычнага героя, кажа, што ўжывае катэгорыі, а гэта зьвязвае з катэгарычнасьцю. „Калі я кажу, то кажу катэгарычна“. І вось гэтая катэгарычнасьць Мацкевіча выклікае шмат у каго раздражненьне, крыўдзіць. Ён наўпрост піша: калі я кажу „дыялёг“, то і маю на ўвазе катэгорыю „дыялёг“, а не „базар“, калі пішу „дупа“, то маю на ўвазе „дупу“. У звычайным жыцьці ён палемізуе гэтак жа. Гэта рэакцыя на стыль і форму камунікацыі», — працягвае Ягораў.
«Лукашэнка сказаў, каб на ТБ яго больш не было»
У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Прыкладна пасьля гэтага філёзаф, паводле словаў сяброў, становіцца пэрсонай нон-грата ў сыстэме адукацыі, зь ім адмаўляюцца працаваць унівэрсытэты, ён страчвае дзяржаўную працу.
Тым ня менш досьвед супрацы зь дзяржавай у Мацкевіча яшчэ быў. У 2003 годзе ён нечакана становіцца вядоўцам ток-шоў «Выбар» на наваствораным тэлеканале АНТ, але пасьпеў правесьці толькі 9 выпускаў. У той жа камандзе працаваў і рэжысэр Андрэй Курэйчык.
«Прыбралі яго адтуль ледзьве не на асабісты загад Лукашэнкі, калі той праглядзеў перадачу пра беларускую мову. Там было сапраўднае галасаваньне, і вельмі шмат людзей выступалі за больш шырокі ўжытак беларускай, у тым ліку дзяржаўнымі органамі. Лукашэнка нібыта сказаў, каб гэтага чалавека больш на ТБ не было», — згадвае Ягораў.
«Ён сапраўды харызматычны»
Сацыёляг, каардынатар Лятучага ўнівэрсытэту Тацяна Вадалаская таксама найперш пазнаёмілася з Мацкевічам праз тэксты, а потым адбылася і асабістая сустрэча.
«Я ня вельмі люблю слова „харызма“, але ён сапраўды харызматычны чалавек. Уладзімер адданы ідэям, ён ідзе наперад і стараецца нешта рабіць, гэта захоплівае. Гэта рэдкі чалавек, адданы мысьленьню, але і накіраваны на практычнасьць дзеяньняў», — кажа яна.
Пад практычнасьцю яна мае на ўвазе пошук шляхоў, якія будуць мяняць Беларусь. «Нават ягоны лёзунг „Думаць Беларусь“ — гэта пра зьмены ў краіне праз мысьленьне. Гэта не тэарэтычныя развагі, ён шмат удзельнічаў у стварэньні розных структураў. Калі гаварыць пра палітычную сфэру, то можна пачынаць успамінаць ад „Хартыі-97“, якая тады была спосабам сабраць людзей вакол ідэі, да некалькіх партый і Нацыянальнай плятформы. Усё, што ён мысьліць, ён спрабуе рэалізаваць».
Што тычыцца палітычнай дзейнасьці, то Мацкевіч быў сярод тых, хто падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.
«Філёзаф можа быць і на барыкадах»
Дзеля чаго філёзафу патрэбная палітыка? Ці ня мог ён заставацца ў чыстай навуцы?
«Мы нядаўна выдалі кнігу Ўладзімера, дзе ён разьбіраецца, у якіх адносінах знаходзяцца філязофія і палітыка. Ён кажа, што палітыка — гэта ня брудная справа. Палітыка, калі па Арыстотэлю, гэта мастацтва магчымага і месца, дзе вызначаюцца агульныя інтарэсы. Для яго палітыка немагчымая бяз мысьленьня. Філёзафу месца ў палітыцы, можа, не заўсёды на барыкадах, але і на барыкадах таксама. Філёзаф павінен дапамагаць зьмяняць рэальнасьць», — кажа Вадалаская.
«У ягонай філязофскай пазыцыі мысьленьне немагчымае бяз практыкі. А практыка разумеецца ў паняцьці Карла Маркса аб грамадзка-палітычнай практыцы. Мацкевіч ня можа быць адказным за сваю думку, калі гэта не пацьвярджаецца дзеяньнем. Ён крыўдзіцца, калі яго называюць тэарэтыкам, бо ён практык. Калі Мацкевіч разважае пра ўнівэрсытэт, то робіць спробу пабудовы ўнівэрсытэту, разгортвае кампанію, каб зьмяніць сыстэму адукацыі», — працягвае думку Ягораў.
Менавіта Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту. «Гэта ініцыятыва па стварэньні ў Беларусі прасторы і асяродку, дзе жыве і культывуецца вольнае мысьленьне, гэта рух да сучаснага Ўнівэрсытэту ў Беларусі і для Беларусі», — гаворыцца на сайце Лятучага.
Лятучы ўнівэрсытэт — гэта ўзор нефармальнай адукацыі. У рамках Лятучага ёсьць некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў. Раней заняткі адбываліся офлайн, цяпер перайшлі ў онлайн-прастору.
Тры асноўныя ідэі Ўладзімера Мацкевіча, на думку Тацяны Вадаласкай:
— Думка, якую ён праносіў праз усё жыцьцё, празь яе фармуецца яго культурная палітыка, — гэта «Думаць Беларусь». Беларусь можа быць зьмененая праз інтэлектуальнае разьвіцьцё, праз мысьленьне. Ён ёю гарыць заўжды.
— Ідэя Ўнівэрсытэту, чым ёсьць сучасны ўнівэрсытэт. У ім павінна быць ня толькі навучаньне, у ім адбываецца мысьленьне, а праз гэта адбываецца нацыятворчасьць.
— Ідэя Дыялёгу, грамадзка-палітычнага і г.д. Усе ягоныя дзеяньні накіраваныя на тое, што супярэчнасьці вырашаюцца праз дыялёг.
«У яго была ўстаноўка заставацца»
Многія кажуць, што Мацкевіч цудоўна разумеў, што можа быць арыштаваны, але ўсё адно прыняў цьвёрдае рашэньне заставацца ў Беларусі.
«У яго была ўстаноўка заставацца тут, прайсьці тое, што мусіць. Ён хрысьціянскі вернік, таму ў яго моцнае ўспрыманьне ўласнага прызначэньня. І гэта яго вядзе па жыцьці», — кажа спадарыня Тацяна.
Мацкевіч — пратэстант кальвінісцкага толку, але апошнім часам не далучаўся да ніводнай грамады. Менавіта зь ягонай верай у Бога і пратэстантызмам зьвязаная першая ў жыцьці галадоўка. У 2006 годзе Мацкевіч далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пайшлі на саступкі пратэстантам і пакінулі іх у спакоі.
«Гэта вельмі сур’ёзны крок. Ён лічыць, што галадоўку нельга пачынаць, калі не гатовы пайсьці да канца. Апошнія гады ён шмат пісаў пра тое, што трэба зрабіць, каб пратэст перамог, каб не было таго, што мы назіраем сёньня, рабіў шмат прапановаў, але гэта не было скарыстана. Цяпер ён выйшаў адзін на адзін з сыстэмай», — кажа Тацяна Вадалаская.
«Ён вельмі самавызначаны чалавек, калі нешта вырашае, то даводзіць да канца. Не абавязкова гэта толькі перамогі, бываюць і паразы. І тут я ўпэўнены, што ён пойдзе да канца. Для Мацкевіча важна захоўваць значэньне словаў, ён мае на ўвазе нарматыўны панятак „галадоўка“ і што яна пагражае сьмерцю», — згаджаецца Андрэй Ягораў.