Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разарві ланцугі». На знак салідарнасьці з палітзьняволенай Вольгай Гарбуновай у розных краінах сьвету прайшоў танцавальны флэшмоб


Флэшмоб у Варшаве.
Флэшмоб у Варшаве.

14 лютага ў падтрымку Вольгі Гарбуновай і іншых палітвязьняў ва Ўкраіне, Літве, Польшчы, Нямеччыне і іншых краінах сьвету прайшоў флэшмоб «#RiseForOlga».

Палітзьняволеная Вольга Гарбунова, абаронца правоў і інтарэсаў жанчын, былая кіраўніца шэлтэру «Радзіслава», у турме з 9 лістапада 2021 году.

У 2016 годзе Вольга стала ініцыятаркай флэшмобу One Billion Rising (Мільярд паўстанцаў) у Менску. Дзякуючы ёй Беларусь тады далучылася да сусьветнай танцавальнай кампаніі, якая стартавала ў 2012 годзе і праходзіць у 190 краінах.

Як адзначае фэм-група Каардынацыйнай рады, у песьні Тэны Кларк, пад якую выконваецца танец, ёсьць такія словы:

«Я танцую, таму што кахаю, танцую, таму што мару, танцую, таму што мне надакучыла, танцую, каб спыніць крыкі, танцую, каб разбурыць асновы, танцую, каб спыніць боль, танцую, каб перавярнуць усё з ног на галаву... Прыйшоў час разарваць ланцугі. Давай, давай! Разарві ланцуг».

Сябра фэм-групы Каардынацыйнай Рады Сьвятлана Гатальская згадвала ў сацсетках, як «14 лютага 2018 году яна з Вольгай Гарбуновай танцавалі разам».

— Мы з Оляй танцуем плячо ў плячо, і гэта ня проста радасьць агульнай справы і каштоўнасьцяў, гэта перажываньне асабістага пэрсанальнага вопыту яднаньня і сястрынства ў моманце. Сёньня мы танцавалі безь цябе, Оля, у розных гарадах і краінах, танцавалі за цябе. Я ведаю, што ты танцавала з намі там, у турме. Я ведаю. Я ведаю, што мы яшчэ будзем разам танцаваць 14 лютага, бо па-іншаму ня можа быць.

Сёлета гэты танец беларусак і беларусаў у розных краінах і гарадах сьвету — праява салідарнасьці з Вольгай Гарбуновай, заклік разарваць ланцугі, якія трымаюць яе ў турме, кажа ўдзельніца флэшмобу філёзаф Вольга Шпарага.

У Беларусі больш за 150 палітзьняволеных жанчын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG