Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адказаў Лукашэнку на пагрозу вайны і спыненьня гандлю: «Пацярпіць не Ўкраіна»


Уладзімір Зяленскі (справа) на сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у Кіеве 8 лютага
Уладзімір Зяленскі (справа) на сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у Кіеве 8 лютага

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што Беларусь у выпадку спыненьня гандлю з Украінай страціць больш, чым украінская эканоміка.

«Нядаўна таварыш, адзін чалавек зь Беларусі таксама заявіў, што калі будзе эскаляцыя з боку Расеі, то яны адразу спыняць пастаўку ва Ўкраіну энэргарэсурсаў. Чалавек сказаў такія словы, і як мы павінны на іх рэагаваць?» — сказаў Уладзімір Зяленскі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам на супольным зь ім брыфінгу ў Кіеве 8 лютага.

Украінскі прэзыдэнт дадаў, што з 6 мільярдаў даляраў агульнага аб’ёму двухбаковага гандлю ўкраінскія пастаўкі ў Беларусь складаюць 1,5 мільярда, а пастаўкі Беларусі ва Ўкраіну — 4,5 мільярда даляраў. «Дык калі краіны пачынаюць абмяжоўваць гандаль, то хто ў гэтым выпадку пацярпіць? Дакладна, пацярпяць простыя людзі. Калі ёсьць жаданьне перайсьці ў каменны век, то можам так рабіць: нешта забароніць Беларусь, нешта забароніць Украіна. Хто пацярпіць? Вырашаюць заўсёды палітыкі, а пакутуюць людзі, тым больш вы бачыце, што ў гандлі дакладна большая частка не Ўкраіны», — патлумачыў Уладзімір Зяленскі.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў у інтэрвію расейскаму тэлебачаньню, што ў выпадку эскаляцыі між Украінай і Расеяй Беларусь спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў і электраэнэргіі.

Уладзімір Зяленскі дадаў, што ў часе перамоваў з Эманюэлем Макронам найперш абмяркоўвалася тэма мірнага працэсу на Данбасе, а таксама дээскаляцыі на межах Украіны.

У гэтым кантэксьце францускі прэзыдэнт падкрэсьліў, што менскія дамоўленасьці і іх выкананьне — адзіны шлях дасягненьня міру. Эманюэль Макрон дадаў, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін ня лічыць сябе «ініцыятарам напружанасьці на межах Украіны». «Ён сказаў, што ён рэагуе (на зьмену бясьпекі), але мы бачым базы расейскага кантынгенту ў Беларусі, манэўры, і гэта ўсё ён (Пуцін) апраўдвае ціскам і напружанасьцю», — паведаміў прэзыдэнт Францыі.

Уладзімір Зяленскі адрэагаваў наступным чынам: «Я ня ведаю суб’екта ў Эўропе, які мог бы ціснуць на Расейскую Фэдэрацыю вельмі моцна. Прынамсі, дэакупацыя нашай дзяржавы пакуль што не адбываецца. Таму першы крок — у нас ёсьць пляцоўкі, у нас ёсьць нармандзкі фармат, і мы вельмі пазытыўна рэагуем на сустрэчу дарадцаў, што адбудзецца ў найбліжэйшыя дні. І лічу, што пасьля гэтай сустрэчы, калі ёсьць адкрытасьць, то магчымая і сустрэча лідэраў, на якой можна прадэманстраваць сваю суб’ектнасьць і адкрытасьць».

Прэзыдэнт Украіны таксама назваў «пераборам» выказваньне Ўладзіміра Пуціна на адрас Украіны: «Нравится, не нравится, терпи, моя красавица».

«Я, напэўна, адкажу па-расейску, каб аўтар афарызму зразумеў мой адказ. Безумоўна, ёсьць рэчы, зь якімі не паспрачаесься з прэзыдэнтам Расеі. Украіна сапраўды прыгажуня. А „мая“, як ён кажа, — тут ужо перабор. Наконт „цярпі, мая прыгажуня“, я лічу, што Ўкраіна вельмі цярплівая, таму што гэта мудрасьць, і гэта важна ня толькі для Ўкраіны, а і для ўсёй Эўропы. І вельмі важна для расейцаў. Таму што ад нашага цярпеньня залежыць эскаляцыя зь іншага боку. Мы абараняем сваю краіну, мы на сваёй тэрыторыі. Наша цярпеньне ўплывае на правакацыі, калі мы на іх не адказваем, а паводзімся вельмі годна. Таму ў цярпеньні — мудрасьць», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Эманюэль Макрон прыбыў ва ўкраінскую сталіцу з Масквы, дзе напярэдадні, 7 лютага, ён правёў перамовы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Сёньня, 8 лютага, яны правядуць тэлефонную размову па выніках перамоў у Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG