11 лютага адзначаецца Міжнародны дзень жанчын і дзяўчат у навуцы. І найперш хочацца сказаць, што жанчынам у навуцы цяжка. Як і ў іншых сфэрах, ім даводзіцца ня проста добра рабіць сваю працу, а бесьперапынна даказваць, што яны вартыя сваёй пазыцыі нават з улікам таго, што яны жанчыны. І няважна, як шмат яны дасягнуць і колькі шкляных столяў праб’юць. Іх гэта ніколі не абароніць ад сэксізму і дамаганьняў.
Гэта пачынаецца яшчэ на стадыі вучобы ва ўнівэрсытэце — выкладчыкі дазваляюць сабе непрыстойныя жарты і фізычныя заляцаньні, і гэта ня мае для іх аніякіх наступстваў. Я добра памятаю, як прыніжаў студэнтак у БДУ выкладчык вышэйшай матэматыкі, і як студэнткі аддзяленьня сацыялёгіі на кансультацыі да аднаго з выкладчыкаў хадзілі ўдвох, каб ён ня лез цалавацца. Цудоўная атмасфэра для акадэмічнага разьвіцьця!
Наўрад ці кагосьці можна шакаваць гісторыяй пра выкладчыка, да якога на іспыт трэба прыходзіць у макіяжы ці ў кароткай сукенцы, альбо расповедам пра тое, як выкладчык адмаўляўся вяртаць залікоўку, пакуль дзяўчына ня сходзіць зь ім на спатканьне. Але дагэтуль не прынята адкрыта казаць, што гэта адна з прычын, чаму жанчын у навуцы менш за мужчын. Вось яскравая гісторыя з галоўнага ўнівэрсытэту Расеі, дзе студэнткі заявілі пра дамаганьні з боку выкладчыкаў.
Затое з кожнага праса нам расказваюць, што тыя, хто хоча прабіцца, абавязкова праб’юцца. Той факт, што пад «прабіваньнем» маецца на ўвазе акурат навучаньне і праца ва ўмовах сэксізму і дамаганьняў, звычайна маскіруюць эўфэмізмамі тыпу «трэба разумець спэцыфіку навуковага асяродзьдзя». Але я перакладу. Гэта значыць «трэба зьмірыцца з патрыярхальным ладам у грамадзтве, дзе статусны мужчына фактычна мае права на эмацыйны і сэксуальны гвалт у розных праявах».
І нават калі жанчына прабіваецца, перадузятае стаўленьне да яе і сэксуальная агрэсія нікуды не зьнікаюць. І гэта ня нейкая лякальная асаблівасьць. У мэдыя трапляюць гісторыі студэнтак і жанчын-навукоўцаў з розных краін: з Мэксыкі, ЗША і іншых. Колькі гісторый застаюцца нерасказанымі, немагчыма даведацца.
І калі на гвалт у маргінальным асяродзьдзі грамадзтва рэагуе як на нейкае непазьбежнае зло (а калі яно непазьбежнае, дык і ня трэба зь ім змагацца), дык злоўжываньні з боку статусных навукоўцаў успрымаюцца альбо як фантазіі помсьлівых жанчын, альбо зноўку ж як непазьбежная «пабочка» мужчынскай геніяльнасьці.
Як пра хамаватых дактароў з комплексам Бога кажуць: «Ну затое хірург ён добры», так і пра навукоўцаў, якія дамагаюцца студэнтак і каляжанак, кажуць: «Ну затое праца зь ім — добры радок у рэзюмэ», або «Ну затое ён так шмат зрабіў для навукі». Але як шмат маглі б зрабіць для навукі гэтыя жанчыны, калі б вучыліся і працавалі ў здаровым асяродзьдзі? Як шмат губляюць грамадзтвы, калі пахабныя жаданьні статусных мужчын лічаць больш важнымі за разьвіцьцё жанчын-навукоўцаў?
Сьледам за Міжнародным днём жанчын і дзяўчат у навуцы мусіць быць Міжнародны дзень смутку аб навуковых адкрыцьцях, якія жанчынам не далі зрабіць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.