Reuters са спасылкай на прэсавую службу Міністэрства абароны ЗША паведамляе, што 10 лютага старшыня Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Марк Мілі меў гутарку са сваім беларускім калегам.
Пасада генэрала Мілі ў вайсковай герархіі ЗША аналягічная пасадзе кіраўніка генэральнага штабу Ўзброеных сілаў у іншых краінах.
Кіраўнік генэральнага штабу беларускага войска, першы намесьнікам міністра абароны — Віктар Гулевіч. Аднак у паведамленьні Пэнтагону наўпрост не пазначанае імя суразмоўцы генэрала Мілі.
Пра тое, што бакі абмеркавалі пытаньні бясьпекі, паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства абароны Беларусі.
Паведамляецца, што размова амэрыканскага і беларускага высокапастаўленых вайскоўцаў адбылася ў той момант, калі Расея праводзіць вайсковыя вучэньні ў Беларусі і на Чорным моры пасьля канцэнтрацыі сваіх войскаў ля межаў Украіны.
«Тэлефонны званок спрыяў камунікацыі паміж абодвума вайсковымі кіраўнікамі, каб зьменшыць імавернасьць памылак і ацаніць пэрспэктыву эўрапейскай бясьпекі», — заявіў палкоўнік Дэйв Батлер, прэсавы сакратар старшыні Абʼяднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША.