Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022» афіцыйна стартавалі, на іх разгарнулі «Іскандэр-М»

абноўлена

Калёна расейскай вайсковай тэхнікі на вучэньняў у Беларусі
Калёна расейскай вайсковай тэхнікі на вучэньняў у Беларусі

Расейска-беларускія вучэньні пачаліся, як і плянавалася, 10 лютага. Пасьля манэўраў, як запэўніваюць у Крамлі, расейскія войскі пакінуць Беларусь.

Баявыя разьлікі зэнітнага ракетнага комплексу С-400 Усходняй вайсковай акругі заступілі на баявое дзяжурства супрацьпаветранай абароны ў складзе Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі на палігоне ў Берасьцейскай вобласьці ў ходзе праверкі сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы.

«Асабісты склад адпрацаваў разгортваньне баявой тэхнікі на пазыцыях і пачаў выкананьне задач у кантролі паветранай прасторы ў вызначанай зоне адказнасьці», — паведаміла Міністэрства абароны Расеі раніцай 10 лютага.

Раней асабовы склад падразьдзяленьняў супрацьпаветранай абароны Ўсходняй вайсковай акругі зьдзейсьніў марш камбінаваным спосабам працягласьцю больш за 9 тысяч км з пункту дысьлякацыі ў Хабараўскім краі. Расейскія разьлікі зэнітнага ракетнага дывізіёну таксама правялі інжынэрнае абсталяваньне, маскаваньне стартавых пазыцый, камандных пунктаў і абслугоўваньне тэхнікі.

Экіпажы самалётаў Су-25 Паветрана-касьмічных сіл Расеі выканалі вучэбна-баявыя задачы ў выяўленьні замаскаваных аб’ектаў, якія імітуюць пункты кіраваньня, браняваную і аўтамабільную тэхніку суперніка. Лётчыкі ВКС Расеі адпрацавалі авіяцыйны ўдар па наземных цэлях з выкананьнем розных відаў манэўру на палігоне ў Берасьцейскай вобласьці, піша Мінабароны Расеі.

Упершыню афіцыйна паказана разгортваньне на тэрыторыі Беларусі АТРК «Іскандэр-М» Узброеных сілаў РФ, пра якія раней паведамлялі толькі ўскосна.

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны. Акрамя іх, для правядзеньня вучэньняў плянуюць выкарыстаць чатыры вайсковыя аэрадромы — у Мачулішчах, Лідзе, Баранавічах і Лунінцы.

Месцы разьмяшчэньня расейскіх войскаў у часе вучэньняў Саюзная рашучасьць-2022
Месцы разьмяшчэньня расейскіх войскаў у часе вучэньняў Саюзная рашучасьць-2022

У той жа час відавочцы паведамляюць, што збор расейскай вайсковай тэхнікі і салдатаў заўважалі і ў іншых месцах Беларусі. Нават там, дзе вайсковых палігонаў няма і ніколі не было. Найбольш такіх паведамленьняў з Рэчыцы, што за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

Паводле сьведчаньняў жыхароў гораду, расейцы ў Рэчыцы ня толькі разгружаюць зброю з чыгуначных плятформаў, але і занялі як мінімум два закінутыя заводы. Гэта падвысіла рызыку расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны з Поўначы.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG