Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сытуацыя зь Беларусьсю зьмянілася радыкальна». Шрайбман і Марозаў пра вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022»


Аляксандар Марозаў і Арцём Шрайбман
Аляксандар Марозаў і Арцём Шрайбман

Ці адбудзецца вайна падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022»? Ці непазьбежны збройны канфлікт у рэгіёне — раней ці пазьней? Ці сыйдуць расейскія войскі зь Беларусі пасьля вучэньняў?

Гэтыя і іншыя пытаньні абмяркоўваюць на канале Свабода Premium выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Ці будзе вайна падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022»?

Шрайбман

  • Я схіляюся да таго, што падчас вучэньняў (10–20 лютага) вайны, хутчэй за ўсё, ня будзе. Поўнамаштабнае ўварваньне з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі мне здаецца для яго зараз вельмі рызыкоўным сцэнарам. Ёсьць больш бясьпечныя палітычныя сцэнары.

Марозаў

  • Я мяркую, што 10–20 лютага вайны ня будзе. Пуцін анансаваў, што ён хоча напісаць яшчэ адзін ліст Захаду. Крэмль хоча працягнуць лінію «ціску» на Захад у межах умоўна-перамоўнага працэсу.
  • Другі момант — магчымасьці бразганьня зброяй яшчэ ня вычарпаныя. Вось караблі ідуць у акваторыю Чорнага мора, якія пакліканыя паказаць яшчэ большую рашучасьць. Раўнд яшчэ ня скончаны.

Ці пойдзе Ўкраіна на саступкі ў пытаньні Данбасу?

Марозаў

  • Дзяржсакратар ЗША Блінкен ясна сфармуляваў пазыцыю — мы за Менскія пагадненьні, але гэта сёньня магчыма, толькі калі Расея пагодзіцца са зьменай парадку іх рэалізацыі.
  • Прычына «зімовага крызісу» 2021–2022 году — у тым, што яшчэ на пачатку 2021 году спыніўся рух у межах «нармандзкага» фармату.
  • Мы ня бачым, каб Крэмль быў гатовы нешта памяняць у парадку рэалізацыі Менскіх пагадненьняў.
  • Не прынясуць вынікаў высілкі ані прэзыдэнта Францыі Макрона, ані канцлера Нямеччыны Шольца. У пытаньні Данбасу будзе заставацца тупік.

Шрайбман

  • Нават калі існуе мэтад імплемэнтацыі Менскіх пагадненьняў, які б задаволіў вялікіх гульцоў, частая памылка постсавецкай палітычнай аналітыкі — гэта недаацэнка суб’ектнасьці Ўкраіны.
  • Калі б Зяленскі ў адказ на ціск Парыжу ці Бэрліну памяняў сваю пазыцыю адносна Менскіх пагадненьняў, яго б зжэрлі палітычныя апанэнты. Гэта была б ганебная капітуляцыя пад ціскам. Адна справа — зьмякчаць пазыцыю ў выніку перамоваў, іншая — на фоне расейскіх войскаў на мяжы і прыніжальнага ціску сваіх жа саюзьнікаў.
  • Вайсковыя экспэрты кажуць, што на ўсходзе Ўкраіна трымае ў сталай боегатоўнасьці прыкладна каля 100 тысяч вайскоўцаў. Але важна разумець, што ў сэнсе ракетнага і авіяцыйнага патэнцыялу Расея дамінуе шматкроць.

Як Пуцін можа выйсьці зь цяперашняга крызісу?

Марозаў

  • Значная частка расейскай вярхушкі глядзіць на сытуацыю гэтак жа, як Пуцін, разумеючы яго лёгіку.
  • Лёгіка такая: калі зараз ня весьці рашучую барацьбу за «нэўтралітэт» Украіны, то праз 5 гадоў гэта будзе каштаваць даражэй, а праз 20 гадоў гэта будзе немагчыма.
  • У Крамлі лічаць, што адміністрацыя Зяленскага ідзе на Захад нават хутчэй, чым ішла адміністрацыя Парашэнкі.
  • У расейскай вярхушцы няма згоды наконт вайны. Але Пуцін вайну пакуль не абвяшчаў, ён пакуль толькі цісьне. У Расеі многія вельмі рады, што цяперашняе абвастрэньне адносінаў з Захадам прывяло да збліжэньня Расеі з Кітаем.

Шрайбман

  • Калі б Пуцін прызнаў незалежнасьць ДНР і ЛНР, гэта насамрэч магло б быць добрай навіной для рэгіянальнай стабільнасьці. Гэта азначала б, што Пуцін шукае, што б прапанаваць расейскай публіцы ў якасьці трафэю, які ён атрымаў ад гэтай напружанасьці.
  • Гэта будзе нагодай для нейкіх санкцыяў, не абавязкова самых моцных, гэта будзе нагодай для ўмацаваньня прысутнасьці NATO у рэгіёне. Але, парадаксальна, гэта магло б стаць фактарам разрадкі.
  • Аднак калі мэта — не Данбас, а Ўкраіна, разварот яе руху на Захад, то мяркую, што прызнаньне незалежнасьці ДНР і ЛНР альбо не адбудзецца, альбо ня будзе апошнім крокам. Маленькая апэрацыя не прывядзе да зварочваньня Ўкраіны са шляху да NATO, хутчэй наадварот.
  • Для Пуціна ёсьць рызыкі ад дээскаляцыі, але і ад эскаляцыі таксама. Калі ў расейскіх маці загінуць тысячы дзяцей на відавочна агрэсіўнай вайне, гэта будзе фактар дэстабілізацыі Крамля. Гэтаксама як у перабудову чыньнікам краху СССР была вайна ў Афганістане.

Ці непазьбежны збройны канфлікт — раней ці пазьней?

Марозаў

  • Стратэгія Пуціна — дачакацца такой дэстабілізацыі ва Ўкраіне, калі сама ўкраінская эліта пагодзіцца на «фінляндызацыю». Гэта і будзе з пункту гледжаньня Крамля аптымальным рашэньнем праблемы. Вайну нельга выключаць у гарызонце гэтага году, але мэта Крамля — зусім не вайна.

Ці выведуць расейскія войскі зь Беларусі пасьля завяршэньня вучэньняў?

Шрайбман

  • Гэта залежыць ад таго, што Пуцін атрымае ад перамоваў за гэтыя 10 дзён. Я ня выключаю, што «міргне» нейкая эўрапейская краіна. Пуціну ж не абавязкова атрымліваць гарантыю ад усяго NATO. Скажам, Францыя можа афіцыйна заявіць, што не прагаласуе за далучэньне Ўкраіны да альянсу. Можа, Пуціну гэтага будзе дастаткова. Тады можна ўявіць сабе вывад войскаў зь Беларусі.
  • Калі Крэмль, насуперак сваім абяцаньням, пакіне войскі ў Беларусі, гэта будзе паказьнікам, што агрэсія адбудзецца неўзабаве. Але бясконца трымаць войскі ў Беларусі немагчыма.
  • Я мяркую, што войскі затрымаюцца ня больш як на тыдзень.

Марозаў

  • Сытуацыя зь Беларусьсю зьмянілася радыкальна. Вайсковы «балькон» над Украінай цяпер ёсьць. Вайсковая супраца паміж Расеяй і Беларусьсю цяпер набыла такую інтэнсіўнасьць — 20 вучэньняў на год, што шэраг пытаньняў адпадае.
  • Вось пытаньне — ці будзе расейская вайсковая база? Дык пры такой інтэнсіўнасьці ратацыі не абавязкова нават, каб была сталая база. Рух войскаў мае на мэце інфармацыйны эфэкт. Для вайсковых аналітыкаў важны любы рух войскаў. Новыя вучэньні будуць узмацняць чаканьне вайны.

Шрайбман

  • Могуць вывесьці войскі, але пакінуць узбраеньні, каб захаваць гэты «балькон». Войскі, салдатаў, можна насамрэч вярнуць хутка.
  • Каб расейская вайсковая прысутнасьць перажыла Лукашэнку (паводле пляну Фёдара Лукʼянава), гэтая прысутнасьць павінная быць не ратацыйная, а менавіта сталая, патрэбная сталая база.
  • Досьвед Казахстану паказаў, што Такаеў, калі быў вельмі ўразьлівы, сказаў, што войскі АДКБ выходзяць. І яны выйшлі. Ня трэба недаацэньваць магчымасьці сувэрэна распараджацца сваёй тэрыторыяй.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG