Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь яго зьдзекаваліся, ён трапіў у шпіталь і адтуль уцёк». Як палітвязьняў катуюць на «хіміі»


Умовы на фэрме ў Сушках
Умовы на фэрме ў Сушках

Свабода даведалася пра шматлікія парушэньні на «хіміі» ў вёсцы Сушкі Камянецкага раёну, дзе знаходзіцца папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 45.

Адміністрацыя цісьне на «палітычных» зьняволеных фізычна і псыхалягічна, яны маюць праблемы з атрыманьнем мэдыцынскай дапамогі. Фэрма, на якой працуюць «палітычныя», у жудасным стане.

Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Жудасныя ўмовы на фэрме
Жудасныя ўмовы на фэрме

Паводле атрыманай інфармацыі, адзін з палітычных зьняволеных у выніку зьдзекаў трапіў у шпіталь.

«Цяпер ён уцёк са шпіталя, яго шукаюць міліцыянты», — паведамілі Свабодзе.

Палітвязьні ў дадатак да іншых абмежаваньняў стаяць на «прафіляктычным уліку». Гэта значыць, ня могуць нікуды выйсьці без канвою, зьезьдзіць дахаты. Спатканьне з блізкімі — толькі на тэрыторыі «хіміі».

«У людзей ёсьць даведкі, што яны маюць права на лёгкую працу. Але ніхто на гэта не глядзіць. Усе мусяць працаваць ці на фэрме для кароў, ці на сьвінафэрме. Людзі атрымліваюць траўмы, ходзяць на працу з хворым сэрцам, з хворымі суставамі — няма нікому справы да гэтага. Працуюць на фэрмах з 4-5 раніцы і да 17 гадзін», — кажа крыніца.

Умовы на фэрме кепскія як для людзей, так і для кароў
Умовы на фэрме кепскія як для людзей, так і для кароў
Асьцярожна! Гэтае фота можа шакаваць і выклікаць стрэс.
Жахлівыя карціны на фэрме
Жахлівыя карціны на фэрме

Паводле яе, на фэрме ўмовы жахлівыя. Ня толькі для людзей, але і ў першую чаргу — для кароў. Жывёлы стаяць у гнаі, хварэюць, кульгаюць, здыхаюць.

«Здохлых кароў прымусілі грузіць на машыны „хімікаў“, прычым у старых пальчатках, — кажа крыніца. — Днямі ў інтэрнэце зьявіліся здымкі з гэтай фэрмы, і туды прыехала разьбірацца пракуратура. Міліцыя ўзмоцнена шукае тых, хто з „хіміі“ мог даслаць гэтыя здымкі».

Адмовіцца ад працы асуджаны ня можа. Немагчыма таксама зьмяніць працу па сваёй волі. Найчасьцей працоўнае месца «хіміка» не ўлічвае ані кваліфікацыі асуджанага, ані стану ягонага здароўя.

Другая крыніца Свабоды дадала, што адна з фэрмаў СВК «Белавескі», дзе працуюць «палітычныя», — «катавальня для зьняволеных».

«Людзям натуральна не даюць прысесьці ў час працоўнай зьмены. Усюды паставілі камэры назіраньня. Заробак у людзей невысокі. Людзі працуюць з сур’ёзнымі супрацьпаказаньнямі па стане здароўя», — дадала крыніца.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG