Сёньня ў Беларусі працуюць 1868 адвакатаў, гэта вынікае са зьвестак Міністэрства юстыцыі. Яшчэ нядаўна іх было больш за 2000, напісаў Дзьмітры Лаеўскі, былы абаронца Віктара Бабарыкі, пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.
«На 1 студзеня 2022 году ў іх у Міністэрстве юстыцыі значыліся 1868 адвакатаў. Гэта на больш як 9 млн насельніцтва РБ. Ня густа. Улічвайце, што з гэтых 1868 далёка ня ўсе актыўна практыкуюць, а крымінальнай абаронай займаюцца (не закранаючы пытаньне аб якасьці) ня больш за палову ад гэтай колькасьці», — зьвяртае ўвагу Лаеўскі.
За апошнія паўтара года дзясяткі адвакатаў улады пазбавілі ліцэнзій, некаторыя выйшлі з складу калегій самастойна. Таксама быў прыняты новы закон аб адвакатуры, паводле яго абаронцы ня могуць працаваць індывідуальна або ў адвакацкім бюро — толькі ў складзе юрыдычных кансультацый.