Цэнзар не прапусьціў больш за 10 заказных лістоў да палітвязьня Ціхана Восіпава. Яму прынесьлі толькі акты аб іх зьнішчэньні.
Ціхан Восіпаў 31 студзеня адзначаў свой 26-ы дзень народзінаў. Каб віншаваньні дайшлі да палітвязьня, ягоная жонка Вольга прапанавала дасылаць яму заказныя лісты. У выніку хлопцу прынесьлі больш за 10 актаў аб зьнішчэньні лістоў. Пра гэта палітвязень напісаў жонцы. Ён пералічыў прозьвішчы тых, ад каго былі лісты, і падзякаваў ім за падтрымку, піша «Вясна».
«Усім ім, канечне, дзякуй. Але на жаль. Інакш я б з задавальненьнем адказаў бы ім», — паведаміў Ціхан.
Ціхана Восіпава летась у траўні асудзілі на 11 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за наезд на пяцёх вайскоўцаў падчас пратэстаў 10 жніўня 2020 году, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос.
Напісаць ліст Ціхану Восіпаву можна па адрасе: ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша, 183.