Бычкоўскага і Пархамовіча судзілі ажно па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх і распальваньне варожасьці, і пагроза гвалтам сілавікам, і неправамернае авалоданьне кампутарнай інфармацыяй. Суд быў закрытым, але выданьне «Наша Ніва» сабрала тое, што вядома пра гэтую гісторыю.
Паводле «Нашай Нівы», затрымалі абодвух мужчын яшчэ ўвосень 2020 году. 22 кастрычніка прыйшлі з ператрусам да Арцёма Пархамовіча, які працаваў у «Белтэлекаме» спэцыялістам па продажах. 3 лістапада 2020 году затрымалі Аляксея Бычкоўскага — проста на працы.
«Мужа зьбілі, калацілі да паўсьмерці пры затрыманьні, — расказала „Нашай Ніве“ Тацяна, жонка Аляксея Бычкоўскага. — Бо я гаварыла з тымі, хто бачыў яго пасьля затрыманьня, муж быў у жудасным стане, па іх словах.
Я не хачу нават гаварыць, што зь ім рабілі — гэта проста прынізьліва для яго. Але мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасьць...
Дзе яго білі, я ня ведаю. Але я гаварыла з калегамі мужа, яны расказалі, што сілавікі пасадзілі яго ў бус — і машына яшчэ даволі доўга стаяла проста каля будынка „Белтэлекаму“ на Матусевіча. Пасьля толькі яго даставілі ў Сьледчы камітэт. А сам муж напісаў у адным зь лістоў пра дарогу ў СК: „Я думаў, што проста не даеду“.
Ну і пасля ж было „пакаяльнае“ відэа, дзе бачна, як ён выглядае.
Мне пазваніў адвакат, каб я прынесла мужу рэчы ў Сьледчы камітэт. Я прыехала на машыне зь дзецьмі. Адзін зь сілавікоў сеў да мяне ў машыну — і мы паехалі ў нашую кватэру на ператрус. Там забралі амаль усю тэхніку, тэхнічныя прылады мужа, напрыклад, прыборы з працы, флэшкі.
Пасьля затрыманьня Аляксея зьмясьцілі на Акрэсьціна, затым — Валадарка. На Валадарцы было больш-менш нармальна, але ўсё ж іншае стаўленьне да палітычных. Былыя сукамэрнікі мужа расказвалі, што ў душ ці на допыты „звычайных“ зьняволеных водзяць без кайданкоў, а „палітычных“ абавязкова ў кайданках, а першы час яшчэ і з сабакам».
Жонка Бычкоўскага кажа, што пра нейкую перадачу інфармацыі ў тэлеграм-каналы яе мужам яна не ведала.
«Спачатку я нават ня мела ніякай інфармацыі, за што мужа затрымалі. І калі ўжо даведалася — ня верыла, не разумела, як гэта магло быць, — расказвае яна. — Наколькі я ведаю цяпер, сам факт усё ж быў. Але і на Аляксея, і на Арцёма павесілі прыкладна па 100 чалавек, нібыта кожны зьліў іх зьвесткі.
Але, па маёй інфармацыі, колькасьць на самай справе ў разы меншая. Муж і Арцём Пархамовіч хоць і працавалі ў адным будынку, але ў розных падразьдзяленьнях, нават не былі знаёмыя.
А праходзяць па адной справе толькі таму, што скідвалі інфармацыю ў адзін тэлеграм-канал. Там жа ў гэтай справе фігуруе Сафія Сапега, праўда, не ведаю, у якім статусе.
Тое, што ў справе згадваецца пра нейкую аплату ў крыптавалюце — гэта пра Пархамовіча, не пра майго мужа».
Бычкоўскі і Пархамовіч год правялі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Спатканьняў з роднымі ім не давалі.
Суд па справе пачаўся 25 лістапада 2021 года. Абодвух вінавацілі па васьмі артыкулах крымінальнага кодэксу:
- арт. 364 — «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»;
- ч. 1 арт. 366 — «Гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак»;
- арт. 365 — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў»;
- арт. 198 — «Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста»;
- арт. 352 — «Неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй» (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021);
- арт. 389 — «Пагроза ў дачыненьні да судзьдзі або народнага засядацеля»;
- ч. 2 арт. 203-1 — «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных»;
- ч. 3 арт. 130 — «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці».
«Паводле вэрсіі абвінавачваньня, былыя супрацоўнікі «Белтэлекаму» ў 2020 годзе перадалі адміністратарам экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў пэрсанальныя і іншыя асабістыя дадзеныя больш чым 150 асоб з ліку кіраўнікоў і супрацоўнікаў розных праваахоўных органаў, судзьдзяў, журналістаў, работнікаў сфэры адукацыі і мэдыцыны, грамадзкіх дзеячаў, — пісала «Вясна» пра пачатак суду..
Бычкоўскага і Пархамовіча вінавацілі, што яны перадалі пэрсанальныя зьвесткі пра больш чым 200 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных службоўцаў:
«Перададзеныя зьвесткі былі разьмешчаныя ў публічным доступе, а супрацоўнікі і іх сем’і былі падвергнутыя булінгу, у кагосьці пацярпела маёмасьць».
Працэс закрылі па хадайніцтву пракуроркі Натальлі Сакаловай «у мэтах бясьпекі сямʼі пацярпелага і яго асабістых зьвестак, а таксама ў мэтах нераспаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў». Палітвязьні выступалі супраць, але судзьдзя зрабіла пасяджэньне закрытым. У адказ на гэтае рашэньне Пархамовіч заапладзіраваў, за што атрымаў папярэджаньне ад судзьдзі.
«На судзе Аляксей прызнаў віну часткова: што выкарыстаў інфармацыю. Але пра пагрозы сілавікам, экстрэмізм ён нічога не прызнаваў, — кажа жонка Бычкоўскага. — Арцём віну не прызнаваў.
Але далі ім абсалютна аднолькава, па 11 гадоў калёніі, плюс яны мусяць сплаціць вялікія кампэнсацыі пацярпелым — тым, чые дадзеныя яны перадавалі.
Судзьдзя зачытвала: каму 500 рублёў, каму 1000, каму 2 тысячы. Тыя, у каго пасада ніжэйшая, прасілі меншыя сумы, тыя, у каго пасада вышэйшая — больш. Мяркуючы па пошліне, цяпер мой муж мусіць сплаціць каля 30 тысяч даляраў. Арцём Пархамовіч — трохі менш.
Муж — закрыты чалавек, па ім не будзе бачна, што яму кепска, таму ён ня выказаў эмоцый падчас агучваньня прысуду. Арцём Пархамовіч таксама трымаўся нармальна.
Але да мяне прыходзілі лісты, у якіх муж пісаў, што ў шоку, бо пракурор просіць 12 гадоў. І гэта пры тым, што тое першая судзімасьць, частковае прызнаньне віны...
Калі судзьдзя сказала: „11 гадоў“ у мужа сьлёз не было, але было бачна, што яму няпроста. У абвінавачаньні было 8 артыкулаў, але падчас выраку судзьдзя агучыла толькі тры ці чатыры, па якіх сказала, што муж вінаваты. Сярод іх дакладна быў артыкул 130 КК (распальваньне варожасьці)».
Цяпер Тацяна, жонка Аляксея Бычкоўскага, засталася адна з двума малымі дзецьмі: 5 і 2 гадоў.
«Гэта муж мой, куды мне падзецца, буду чакаць. Ён жа зрабіў тое, што зрабіў, ня з мэтай фізычнай расправы, а з мэтай грамадзкага асуджэньня — каб праз гэта спыніўся гвалт над людзьмі», — кажа жанчына.