Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Знак упершыню закупіўся ў турэмнай краме; Статкевіч расказаў пра галоўнае «месца сілы»


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

На 31 студзеня ў Беларусі 1004 палітвязьні. 

Статкевіч пра месцы сілы

Жыхарцы Беларусі прыйшоў ліст ад палітвязьня Мікалая Статкевіча. У сваім лісьце жанчына пыталася, ці ёсьць у яго любімыя мясьціны ў Беларусі або «месцы сілы», мо б ён хацеў атрымаць фаздымкі адтуль.

«Што да майго месца сілы, то ў маёй сытуацыі яно ня можа быць па-за мной. Інакш гэтую апору лёгка можна адабраць. І столькі ж гадоў у такіх месцах спрабуюць прачытаць, даведацца, на што ты абапіраесься. Таму пункт апоры павінен быць унутры цябе, у тваіх прынцыпах, ідэалах, характары. Тады пазбавіць яе цябе можна толькі разам з жыцьцём. А любімыя мясьціны ў мяне, вядома, ёсьць. Але цяпер яны недаступныя. Хаця можна ўспамінаць.

Разумею, як цяжка спадзявацца на хуткія перамены і ўперціся ў гэтую сьцяну. Шанцы на іх на самай справе былі. Але іх марна растрацілі яшчэ ў самым пачатку. Але галоўнае тады і потым было зроблена — зроблены непазьбежнымі павольныя зьмены. І працэс ужо пайшоў. Усё будзе добра. Толькі беражыце сябе і, галоўнае, ня падайце духам!»

Скурко пра Каляды і характар

Палітзьняволены супрацоўнік «Нашай нівы» Андрэй Скурко даслаў ліст з-за кратаў, які апублікавала ягоная жонка Паўліна Скурко.

«Нашы ўчынкі і павароты лёсу, апроч разгортваньня тут і цяпер, могуць закладаць і праграмаваць рэакцыі на дзесяцігодзьдзі наперад. Таму трэба ўсьведамляць адказнасьць. І захоўваць жалезны спакой», — піша палітвязень з турмы.

Таксама Андрэй успамінае сьвяткаваньне Калядаў, калі ён быў падлеткам, прызнаецца, што ў турме сьвяточныя дні, калі не напоўніш іх сэнсам сам, такія самыя, як і ўсе іншыя. Акрамя таго, Скурко дзеліцца назіраньнямі з гісторыі ўсходніх балтаў і параўноўвае беларускую палітычную сытуацыю зь іншымі краінамі.

Знак пра памідоры са сьмятанай

Прыйшоў ліст і ад палітвязьня Максіма Знака. Юрыст піша праз краты бацьку, што наведаў турэмны «гіпэрмаркет», дзе ўзяў станкі і пену для галеньня, кубкі і шхельдоўку (так Знак называе туалетную паперу). Максім кажа, што зможа наведваць краму недзе раз на 10 дзён.

«Зь ежы ўзяў і зьеў у гонар таматааматара памідоры са сьмятанай, і яшчэ — тварагу 2 пачкі. О-о-о! Які кайф — памідоры са сьмятанай! Еў, ажно за вушамі хрумсьцела. Што яшчэ там бачыў, але не купіў — сыр (звычайны і мацарэла), садавіну (бананы, апэльсіны, яшчэ штосьці), пэкінскую капусту, цыбулю, яшчэ нейкую садавіну-гародніну, каўбасы некалькі гатункаў, у тым ліку і сухія, ласось вялікі кавалак (17 рублёў), малако/вяршкі стэрылізаваныя і яшчэ шмат-шмат чаго. Жыць можна, і смачна!»

Таксама Знак купіў у турэмнай краме запальнічку, ніткі ды іголку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG