Кампанія Synesis рыхтуецца абскардзіць у судзе ўключэньне ў санкцыйны пакет Эўразьвязу свайго заснавальніка Аляксандра Шатрова.
Кампанія Synesis, якая займаецца інфармацыйнымі тэхналёгіямі і якую падазраюць у дапамозе ўладам Беларусі выяўляць удзельнікаў мірных пратэстаў, заявіла пра гатоўнасьць абскардзіць у судзе ўключэньне ў чацьвёрты санкцыйны пакет Эўразьвязу свайго заснавальніка Аляксандра Шатрова.
У кампаніі назвалі ўключэньне Synesis у трэці пакет санкцый і Шатрова ў чацьвёрты несправядлівым, яно «абапіраецца на тыя ж абсурдныя і бяздоказныя тэзісы», таму кампанія лічыць іх неабгрунтаванымі.
«У той жа час новае рашэньне зьяўляецца чаканым, таму мы гатовыя абскардзіць яго ў самыя кароткія тэрміны і ўпэўненыя ў аб’ектыўным разглядзе справы ў эўрапейскім судзе».
Раней Synesis падаў у Эўрапейскі суд на ўключэньне кампаніі ў трэці пакет санкцый.
На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць 16 грамадзян Беларусі і 5 установаў. Да санкцыяў далучыліся таксама Вялікая Брытанія і Канада.