Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман у інтэрвію тэлеканалу CNN Prima News паставіў пад сумнеў сур’ёзнасьць пагрозы ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Расейцы «не вар’яты», заявіў ён у нядзелю, 6 лютага. Паводле Зэмана, Расея разумее, што ў выпадку нападу набудзе значна менш, чым страціць з прычыны санкцый Захаду, якія прыйдуць за эскаляцыяй.
Чэскі лідэр ахарактарызаваў канфлікт вакол Украіны як «вайну словаў», якую, на яго думку, падаграваюць як Расея, так і заходнія дзяржавы. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы, які таксама займае пасаду галоўнакамандуючага Ўзброеных сіл Чэхіі, выступіў супраць накіраваньня вайскоўцаў у іншыя краіны ў рамках узмацненьня ўсходняга флянгу NATO.
Зэман назваў «бразганьнем зброяй» магчымае накіраваньне чэскіх сіл у суседнюю з Украінай Славаччыну. Пры гэтым чэскі міністар замежных справаў Ян Ліпаўскі раней сьцьвярджаў, што накіраваньне дадатковых сіл Паўночнаатлянтычнага альянсу ва ўсходнія дзяржавы блёку паслужыць і бясьпецы самой Чэхіі.
Рэакцыя МЗС Украіны
Між тым выказваньні афіцыйнай Прагі не засталіся незаўважанымі ў Кіеве. «Яшчэ адна спроба прэзыдэнта Зэмана нашкодзіць ўкраінска-чэскім адносінам завершыцца чарговай няўдачай», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба. Разам з тым кіраўнік чэскага зьнешнепалітычнага ведамства Ліпаўскі, на думку Кулебы, «прадстаўляе адказны ўрад, які разумее, якую небясьпеку Чэхіі і Эўропе ў цэлым нясе агрэсія Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны».
Расейскія войскі ля ўкраінскай мяжы
Напружанасьць у адносінах Захаду і Расеі за апошнія месяцы вырасла. Расея з другой паловы 2021 году перакінула ў анэксаваны Крым і да мяжы з Украінай больш за 100 тысяч вайскоўцаў, патлумачыўшы гэта вайсковымі вучэньнямі. Лідэры заходніх краін баяцца, што Масква рыхтуецца да вайны. Крэмль адмаўляе пляны такой апэрацыі і абвінавачвае Захад ва ўзбраеньні Ўкраіны і правядзеньні манэўраў каля расейскіх межаў.