Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: журналістку Андрэеву перавялі ў іншы атрад; блогера Пальчыса і анархіста Дубоўскага перавезьлі ў Віцебск

абноўлена

Кацярына Андрэева
Кацярына Андрэева

У Беларусі па стане на 6 лютага 1035 палітвязьняў, і колькасьць іх штотыдня расьце.

Андрэева ў іншым атрадзе

Як стала вядома, перавод Кацярыны Андрэевай у іншы атрад гомельскай жаночай калёніі зьвязаны з накіраваньнем туды Марыі Калесьнікавай. Палітычных вязьняў звычайна не накіроўваюць у адзін атрад, ім забаронена размаўляць паміж сабою, піша «Белсат».

Цяпер у зьняволенай журналісткі новы адрас: Бахвалава Кацярына ПК № 4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Атрад 19.

Кацярына Андрэева праходзіла па адной крымінальнай справе з калегай Дар’яй Чульцовай. Журналісткі «Белсату» за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх затрымалі ў кватэры на «плошчы Перамен» у Менску, адкуль яны вялі стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, усярэдзіну забеглі спэцназаўцы.

Спачатку іх асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. 18 лютага ім прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Ад Соф’і Малашэвіч няма ніякіх зьвестак

Праваабаронцам стала вядома, што маці 19-гадовай Соф’і Малашэвіч згубіла зь ёй сувязь. 31 сьнежня дзяўчына даслала капэрту з малюнкамi, але Сьвятлана атрымала яго толькi 13 студзеня.

Апошні раз Малашэвіч тэлефанавала дадому 8 студзеня. Тады ж яна паведаміла, што яе перавялі ў 13-ы атрад. З таго часу маці не атрымлівае ні адказаў на лісты, ні званкоў з калёніі. Жанчына кажа, што у спэцчастцы не адказваюць, дзе знаходзіцца яе дачка-палітзьняволеная, а ў санчастцы працуе аўтаадказьнік.

Малашэвіч затрымалі 6 верасьня на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балёнчыкам з фарбай малявала на паверхні шчытоў агароджы, якую выставілі сілавікі. Дзяўчыне выставілі абвінавачаньне адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт.368, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 339. Суд пакараў яе 2 гадамі калёніі.

Эдуарда Пальчыса перавялі ў віцебскі СІЗА

Як стала вядома 6 лютага, на пачатку месяца 31-гадовага Эдуарда Пальчыса зь СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага перавялі ў віцебскі СІЗА-2.

Палітвязьня абвінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асоб, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў); арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак); арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

17 сьнежня Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калёніі.

Анархіста Дубоўскага этапавалі ў віцебскае СІЗА № 2

Дзьмітры Дубоўскі — актывіст анархісцкага руху, яго затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году. Яго, а таксама Ігара Аліневіча, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынкі ДАІ і Дзяржаўнага камітэту экспэртыз у Гомельскай вобласьці.

22 сьнежня 2021 году Дзьмітрыя Дубоўскага асудзілі на 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG