Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Абрамуку пагражае калёнія; Белавуса перавялі ў былую камэру Калесьнікавай; Лабковіч не атрымлівае лістоў ад родных

абноўлена

Павал Белавус
Павал Белавус

На 26 студзеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ў Беларусі 995 чалавек.

Фігуранту «справы карагодаў» Дзьмітрыю Абрамуку пагражае калёнія

Палітвязьня Дзьмітрыя Абрамука, якога цяпер утрымліваюць у віцебскім СІЗА № 2, чакае суд аб узмацненьні пакараньня, піша «Вясна».

У сьнежні-студзені яго па чатырох рапартах аб парушэньнях зьмясьцілі ў штрафны ізалятар на 40 сутак. Калі ён вярнуўся на «хімію» (ПУАТ — папраўчая ўстанова адкрытага тыпу), то пры паходзе ў краму пакінуў ПУАТ. Праз тры дні яго затрымалі і зьмясьцілі ў віцебскае СІЗА № 2. Цяпер яго праз суд могуць перавесьці ў калёнію.

Дзьмітры Абрамук — фігурант берасьцейскай «справы карагодаў». 15 сакавіка суд пакараў Дзьмітрыя двума гадамі «хіміі» па арт. 342 КК. Празь некалькі месяцаў яго асудзілі яшчэ на два гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі. Шляхам складаньня яму прызначылі тры гады «хіміі», адбываць накіравалі ў віцебскую ПУАТ № 9.

Праваабаронца Ўладзь Лабковіч: «Усе ў камэры чытаюць стосы лістоў, а я — ніводнага»

Маці праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча Людміла Ўладзімераўна расказала «Народнай Волі», што ліставаньне зь ім апошнім часам пагоршылася: яму перадаюць толькі некаторыя лісты ад сям’і.

«Я не атрымаў віншаваньняў са сьвятамі ад жонкі і дзетак, — напісаў Уладзімер Лабковіч. — Амаль не атрымліваю лістоў ад іх. Усе ў камэры чытаюць стосы лістоў, а я — ніводнага».

За паўгода зьняволеньня ў праваабаронцы значна пагоршылася здароўе. Людміла Ўладзімераўна кажа, што сын скардзіцца на частыя галаўныя болі і бяссоньне. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. На пытаньне пра настрой сына яна адказвае рытарычным пытаньнем: «Які можа быць настрой, калі ўсе дні народзінаў дзетак і яго любімыя сьвяты праходзяць безь яго?»

Уладзімера дома чакаюць дачка і двое хлопцаў-блізьнят, якім па 8 гадоў. Праваабаронца ў лістах да калег вельмі хвалюецца, што яны растуць бяз бацькі і ён ня можа браць удзелу ў іх выхаваньні.

Уладзімера Лабковіча затрымалі 14 ліпеня, разам з Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам. З таго часу праваабаронцы за кратамі.

Фігуранту «Пінскай справы» хочуць зьмяніць рэжым утрыманьня

Ігару Салаўю зьбіраюцца замяніць рэжым утрыманьня на больш жорсткі. 26 студзеня ў бабруйскай папраўчай калёніі № 2 пройдзе судовае паседжаньне, на якім будзе вырашана, ці зрабіць рэжым пінскаму палітвязьню больш строгім. Мужчыну пагражае перавод у магілёўскую турму.

Паўла Белавуса перавялі ў камэру, дзе сядзела Марыя Калесьнікава

«Пачуцьцё, нібыта спазьніўся на сустрэчу», — напісаў Павал Белавус і склаў верш з гэтай нагоды, які прыводзіць «Наша Ніва».

Пакой, сьцяна, два сэрцы на люстэрку.
І пах жаноцкі — тут была яна.
Цяпер тут я, нібыта на хвілінку
Спазьніўся на сустрэчу да відна.

Была адна, і грэла толькі коўдра.
Драўляны стол, алоўкі, сшытак, ноткі.
Знайшоў паштоўкі «Я з табой»​, «​Ўсё будзе добра»
​.
А зьнізу подпіс просты — эм ды кропкі.

Заснавальнік крамы symbal.by Павал Белавус за кратамі ўжо больш як 2 месяцы, з 15 лістапада 2021 году.

Яго тройчы асудзілі па адміністрацыйных справах (на 15, 13 і 7 сутак), а пасьля ён стаў падазраваным па крымінальнай справе (ч. 1, арт. 342), і яго перавялі ў СІЗА.

Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк даслала з-за кратаў ліст сыну

Фрагмэнт ліста апублікаваў яе муж Андрэй Шарэнда. Паводле яго, гэта першы ліст ад Паліны Шарэнды-Панасюк за апошнія 2 месяцы. У лісьце яна піша:

«Прывітаньне, мой любы і дарагі сыночак, гэта мама. Пакуль не магу абняць цябе так моцна і горача, як хачу, але спадзяюся неўзабаве гэта зрабіць. Ты нарэшце перарос мяне, буду цяпер глядзець на цябе зьнізу ўгару, а не наадварот. Нязвыкла, але я ганаруся, што ў мяне ты такі вырас, Славамір...»

Паліну Шарэнду-Панасюк зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу на 3 месяцы, да 18 сакавіка. Фактычна ПКТ адрозьніваецца ад ШЫЗА (карцара) толькі тым, што можна пісаць і атрымліваць лісты. На прагулкі выводзяць вельмі рэдка. Забароненыя ўсе віды перадачаў і пасылак, закупы ў турэмнай краме. Паводле Андрэя Шарэнды, яе чакае этап на Магілёў у «крытую» турму.

«Днямі да Паліны ўсё ж прарваўся адвакат. Нягледзячы ні на што, яна трымаецца, спрабуе жартаваць і перадае ўсім, хто ёй піша і хвалюецца за яе, вялікае „Прывітаньне“ і „Жыве Беларусь!“. Паліна верыць, што Беларусь хутка будзе вольнай, таму і мы не павінны схіляць галовы і рукі, а дзейнічаць!» — напісаў Андрэй Шарэнда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG