Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Знака этапавалі ў віцебскую калёнію; арыштаваных у «справе Зельцара» пераводзяць у СІЗА па месцы жыхарства

абноўлена

Максім Знак у судзе.
Максім Знак у судзе.

У Беларусі на 10 студзеня 964 чалавекі прызнаныя палітвязьнямі.

Знака этапавалі ў калёнію

Палітзьняволенага Максіма Знака зь СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску этапавалі папраўчую калёнію № 3 «Віцьба», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Сам Максім Знак у лістах зазначае, што пакуль ён на карантыне.

Максім Знак — адвакат, сябра Каардынацыйнай рады, паэт, музыка, спартовец, трыятляніст. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам «стварыў экстрэмісцкае фармаваньне».

Марыю Калесьнікаву перавялі зь СІЗА № 1 Менску

Адвакаты спрабуюць даведацца, куды этапавалі Марыю, паведамляе ТГ-канал Віктара Бабарыкі.

Былую настаўніцу перавялі ў віцебскі СІЗА

Былую настаўніцу зь Мёраў Эму Сьцепулёнак, якую затрымалі ў «справе Зельцара», перавялі з жодзінскай турмы ў віцебскі СІЗА № 2. 68-гадовая жанчына за кратамі ўжо больш за тры месяцы, піша «Вясна».

«Цяпер я ў Віцебску, у СІЗА-2. Нас усіх накіравалі па СІЗА па месцы жыхарства. У Мёрах СІЗА няма, таму — Віцебск. Ніякага руху ў справе няма наагул. Бязглузьдзіца поўная і невядомасьць... 30 сьнежня будзе тры месяцы, як мы сядзім», — піша ў апошнім лісьце на волю Эма Сьцепулёнак.

Яна паведамляе, што ўмовы ўтрыманьня ў Віцебску вонкава лепшыя, але папраўдзе нават горшыя за тыя, што былі ў сьледчай турме ў Жодзіне.

«Харчаваньне аднастайнае, мэдабслугоўваньня практычна няма (падала тры заявы да тэрапэўта, але так і не прыняла мяне)». А ціск скача. Пасьцельнага рэжыму ня маю. Наагул, на людзей тут напляваць. У Жодзіне было нашмат лепей», — піша палітзьняволеная.

Яна піша, што засталася зусім адна ў Беларусі. Усё жыцьцё аддала школе і дзецям, дапамагала сястры, якая цяпер жыве ў расейскім Санкт-Пецярбургу. Прызнаецца, што ў турме пазнаёмілася з многімі выдатнымі людзьмі, якія падтрымліваюць яе.

Абвінавачанаму ў «акце тэрарызму» ў дачыненьні да ўдзельнікаў праўладнага аўтапрабегу адмаўляюць у шпіталізацыі

Разгляд справы Руслана Слуцкага ў судзе Полацкага раёну доўжыцца амаль месяц. Мужчыну вінавацяць у замаху на «прывядзеньне ў непрыдатнасьць чыгуначных шляхоў зносін» (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК), а таксама «акце тэрарызму» (ч. 1 арт. 289 КК).

Актам тэрарызму сьледзтва палічыла раскіданыя на дарозе ня менш за 12 самаробных «вожыкаў» і мэталічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь». Агулам пацярпелымі па справе прызнана больш за 70 чалавек.

«Вясна» даведалася, што суд над Слуцкім перанесены на нявызначаны час з той прычыны, што ў абвінавачанага моцныя болі ў сьпіне. Вядома, што яму зрабілі ўколы. Гэта ня першы выклік лекараў. Праваабаронцы зазначаюць, што часам Слуцкі ня можа нават падняцца з ложка. Аднак у шпіталізацыі яму адмаўляюць. Раней паведамлялася, што ў зьняволенага выяўленая дабраякасная пухліна мозгу, якая таксама прычыняе яму болі.

Праваабаронца «Вясны» Стэфановіч выйшаў з турэмнага шпіталя

У шпіталі Валянцін Стэфановіч прабыў каля трох тыдняў з пнэўманіяй, паведамляе «Вясна».

У першых лістах у 2022 годзе Стэфановіч змог расказаць пра тое, як адзначыў сьвята на «Валадарцы», пра віншаваньні сукамэрнікаў і салідарнасьць беларусаў з волі.

«У 22:00 быў адбой і разэткі вырубілі, так што віншаваньні Рыгорыча мы не глядзелі :) Ну, і навагоднія праграмы таксама. Ніякіх выключэньняў у гэтыя дні для нас не было. Усё як заўсёды, і нават горш, бо ўвагі ў гэтыя дні да нас было больш, чым звычайна. Вось так мы і сустрэлі Новы год.

Канечне, у такія сьвяты кожны тут думае пра сваіх родных, каханых, зь якімі мы ўсе ў вымушаным расстаньні цяпер. Таму сумна ўсім, канечне, у такія сьвяты. Як і нашым родным сумна было адзначаць Новы год бяз нас. Але што тут зробіш, такі лёс. Затое ў адчыненае акно мы чулі гук навагодніх пэтардаў і фаервэркаў. Як нам падалося, ён пачаўся ў 23:34. Хаця, магчыма, нам так толькі падалося».

Валянцін Стэфановіч падкрэсьліў, што атрымаў шмат віншавальных паштовак, у тым ліку ад зусім незнаёмых людзей.

«Ня ўсім я пасьпеў адказаць, але я вельмі ўдзячны людзям за іх падтрымку і салідарнасьць, удзячны, што не забываюць пра мяне, пра іншых нашых вязьняў. Гэта надзвычай важна, гэта тое, чаго ў нас ніхто не адбярэ і не забароніць, — наша салідарнасьць. Вельмі хацелася б спадзявацца, што болей ня прыйдзецца сустракаць Новы год у турме. Аднак можа быць па-рознаму. Заўсёды ўзгадваю Алеся [Бяляцкага], які вось другі раз тут апынуўся, а ў наступным годзе яму, між тым, 60 гадоў. Спадзяюся, што хутка сустрэнемся. Трэба верыць у цуды і ў лепшае. Усё будзе добра!»

Валянцін Стэфановіч — намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна». Яму 49 гадоў. Яго затрымалі 14 ліпеня і абвінавацілі спачатку ў арганізацыі беспарадкаў, а пазьней — і ў няплаце падаткаў.

Цяпер у зьняволеньні сямёра вясноўцаў. Гэта старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзь Лабковіч, каардынатарка валянтэраў Марфа Рабкова, актывісты з Гомля Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца ды валянтэр Андрэй Чапюк.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG