Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 лютага: 2,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар «Іуда» пад фота міліцыянта і штрафы за бел-чырвона-белыя малюнкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі і праз паўтара года пасьля пачатку пратэстаў супраць фальсыфікацый і гвалту з боку сілавікоў Лукашэнкі не спыняецца перасьлед ягоных апанэнтаў. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

За камэнтар «Іуда» ў «Одноклассниках» дворніку з Полацка далі 2,5 года «хатняй хіміі»

Суд Полацкага раёна і горада Полацка вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да 52-гадовага Аляксандра Ледака, якога абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), паведамляе «Вясна».

Згодна з матэрыяламі справы, мужчына яшчэ ў ліпені 2020 году напісаў пад фатаздымкам бабруйскага міліцыянта Андрэя Камара камэнтар «Іуда».

Па словах міліцыянта, камэнтар прычыніў яму «маральныя пакуты, падарваў яго аўтарытэт, асабістыя прафэсійныя якасьці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных спраў у вачах нявызначанай групы асобаў». Свае маральныя пакуты пацярпелы міліцыянт ацаніў у 1000 рублёў.

У выніку судзьдзя Андрэй Дзергачоў прызнаў Аляксандра Ледака вінаватым і прысудзіў яму 2,5 года «хатняй хіміі». Таксама суд абавязаў яго выплаціць 1000 рублёў пацярпеламу міліцыянту.

Дзьвюх жанчын у Полацку пакаралі вялікімі штрафамі за бел-чырвона-белыя малюнкі

Суд Полацкага раёну і горада Полацка вынес прысуд па крымінальнай справе, заведзенай па факце апаганьваньня збудаваньняў і псаваньня маёмасьці (арт. 341 КК). Абвінавачаныя — Вольга Трунова і Сьвятлана Фірсава, піша «Вясна».

Згодна з абвінавачваньнем, жанчыны наносілі надпісы і бел-чырвона-белыя выявы на слупах электраперадач, дрэвах, лаўках на прыпынках транспарту, асфальце. Таксама яны расклейвалі лісты паперы з чырвонай палоскай на белым фоне.

«Яны цудоўна разумелі, што робяць і хачу асобна падкрэсьліць, што гэтая сымболіка выкарыстоўвалася пад час Вялікай Айчыннай вайны пасобнікамі нямецкіх акупантаў. Яны зьняважылі старажылаў, якія памятаюць вайну і якіх шмат пражывае ў раёне... У гэтым асаблівы цынізм такіх дзеяньняў», — казаў у судзе пракурор.

Судзьдзя Віктар Баліко прысудзіў Святлане Фірсавай штраф у 6400 рублёў (200 базавых велічынь), а Вользе Труновай — 6080 рублёў (190 базавых).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG