Арышт былога сьледчага, на яго твары сінякі
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», 1 лютага ў Менску ў гандлёвым цэнтры затрымалі 28-гадовага былога сьледчага Мікіту Старажэнку. Папярэдне, яму інкрымінуецца «распальваньне варожасьці групай асобаў» паводле ч. 3 арт. 130 КК. Ён звольніўся са Сьледчага камітэту ў 2020 годзе пасьля выбараў на знак нязгоды з палітыкай дзейнай улады.
4 траўня 2021 году Старажэнка, як і іншыя сілавікі, што звольніліся ў знак пратэсту, быў пазбаўлены Лукашэнкам званьня старшага лейтэнанта юстыцыі запасу. Пасьля звальненьня Мікіта працаваў юрыстам. У красавіку летась яго арыштоўвалі на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаваньне».
Пазьней пралукашэнкаўскі тэлеграм-канал апублікаваў відэа з экс-сьледчым Мікітам Старажэнкам. На твары Мікіты бачныя сьляды пабіцьця. Ён кажа, што перадаў кантакты двух супрацоўнікаў ГУБАЗіКа і намесьніка начальніка СК па Менску ў пратэставы тэлеграм-канал, назвы якога ня памятае.
Асуджаную на «хатнюю хімію» арыштавалі за парушэньне рэжыму
Рэгіну Лавор, асуджаную на 2 гады «хатняй хіміі», арыштавалі на 10 сутак за парушэньне рэжыму адбываньня «хатняй хіміі». Пра гэта паведаміў тг-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Стваральніцу і першую дырэктарку Івейскага музэю нацыянальных культур Рэгіну Лавор у верасьні мінулага году асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Яе абвінавацілі ў абразе начальніка Івейскага РАУС і старшага інспэктара. На «хатняй хіміі» жанчына знаходзіцца з 1 сьнежня, але ёй ужо выпісалі пакараньне за парушэньне рэжыму.
Палітзьняволенага праваабаронцу Алеся Капуцкага чацьвёрты раз запар арыштавалі на 15 сутак
Нагадаем, Алеся затрымалі яшчэ 17 сьнежня ў Маладэчна. Гэтым разам на яго зноў склалі пратакол па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў), але ўжо за захоўваньне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў з мэтай распаўсюджваньня, паведамляе «Вясна».
Алесь мусіў выйсьці на волю 31 студзеня пасьля 45 сутак арышту ў ІЧУ, але на яго склалі новы пратакол. 2 лютага суд у Маладэчна пакараў праваабаронцу 15-дзённым арыштам. Агулам Алесь будзе ўтрымлівацца за кратамі 60 дзён.
Па словах адваката, Капуцкі трымаецца добра, але перадачы да гэтага часу не перадаюць. Сёньня яму нават выдалі лісты паперы і ручку.
«Выкрыквалі лёзунгі „Міліцыя з народам!“». Чарговы прысуд у Жлобіне за жнівеньскія падзеі 2020 году
У судзе Жлобінскага раёну 1а лютага вынесьлі чарговы прысуд за падзеі жніўня 2020 году. У «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) абвінавацілі мясцовага жыхара Алега Пайташа, піша «Вясна».
Згодна з абвінавачаньнем, Алег 9 жніўня 2020 году з 21-00 да апоўначы «не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, выходзіў на праезную частку, станавіўся ў счэпку, замінаў руху грамадзкага транспарту, пляскаў у далоні, крычаў, сьвісьцеў, выкрыкваў лёзунг „Міліцыя з народам!“»
Той жа ноччу яго затрымалі міліцыянты, а суд пакараў у адміністрацыйным парадку. Па «крыміналцы» хлопца затрымалі праз 14 месяцаў — 14 кастрычніка 2021 году — і да суда ўтрымлівалі ў СІЗА.
Судзьдзя Мікалай Сяргеевіч пастанавіў пакараць Алега 1,5 гадамі «хіміі».
15 сутак за эмодзі ў «Аднаклясьніках»
Жыхара Бабруйску 12 студзеня затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу ў яго кватэры, паведамляе «Вясна». Згодна з рапартам міліцыянта, затрымлівалі яго падчас «правядзеньня апэратыўна-вышуковых і прафіляктычных мерапрыемстваў па выяўленьні асобаў, якія прытрымліваюцца экстрэмісцкіх поглядаў». Па словах мужчыны, ён не распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы, а паставіў «кляс» пад публікацыяй, таму яна адразу адлюстравалася на яго старонцы.
Жыхар Бабруйску віны ў гэтым ня бачыць. Але судзьдзя Тацяна Тарабуева непрызнаньне віны расцаніла як «жаданьне ўхіліцца ад адказнасьці за здзейсьненае» і арыштавала яго на 15 сутак.