Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 лютага: 3 гады калёніі і 2,5 года «хіміі» за камэнтары пад відэа і фота; 2,5 года «хіміі» за абвінавачваньні Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Беларусі і праз паўтара года пасьля пачатку пратэстаў супраць фальсыфікацый і гвалту з боку сілавікоў Лукашэнкі не спыняецца перасьлед ягоных апанэнтаў. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

Машыністу з Воршы далі 2,5 года «хіміі» за абстрактны камэнтар пад фота ДАІшніка ў сацсетках

Як даведаліся праваабаронцы, 2 лютага суд Аршанскага раёну і Воршы разгледзеў справу Арцёма Ляшнеўскага, якога абвінавачвалі ў злачынстве паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Абраза прадстаўніка ўлады»). У віну мужчыну ставілі тое, што ў адной з сацсетак ён пакінуў абразьлівы камэнтар на адрас горадзенскага ДАІшніка Вайцяшонка.

Пра абвінавачанага вядома, што ён працуе машыністам і што на працы пра яго адзываюцца як пра сапраўднага прафэсіянала і станоўчага з усіх бакоў чалавека. Яго калегі даслалі ў суд хадайніцтва, у якім прасілі пакараць Арцёма не рэальнай, а «хатняй хіміяй», бо кваліфікаваных машыністаў не хапае і працоўны калектыў паручаецца за яго.

Таксама вядома, што пацярпелы адмовіўся ад маральнай кампэнсацыі і прасіў строга не караць Арцёма, а экспэрты доўга не маглі даказаць, што абразьлівы камэнтар тычыцца менавіта Вайцяшонка, бо напісаны ён быў вельмі абстрактна, без указаньня імёнаў. Але менавіта пад постам таго самага ДАІшніка Вайцяшонка.

Тым ня менш судзьдзя Сьвятлана Кузьмічонак прызначыла Ляшнеўскаму 2,5 года «хіміі». Менавіта такі тэрмін для абвінавачанага запрошваў і пракурор.

Жыхара Наваградзкага раёну асудзілі на 3 гады калёніі за камэнтар

Як паведамляе прэс-служба пракуратуры Горадзенскай вобласьці, 38-гадовага мужчыну пакаралі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Паводле сьледзтва, у кастрычніку 2021 году ў адным з «дэструктыўных» тэлеграм-чатаў ён пракамэнтаваў відэа, на якім «мужчына робіць стрэлы са зброі, выкрыкваючы пры гэтым лёзунгі». Пракуратура сьцьвярджае, што камэнтар мужчыны «падахвочваў іншых грамадзян да гвалтоўных супрацьпраўных дзеяньняў, у тым ліку з выкарыстаньнем зброі».

Крымінальную справу разглядаў суд Наваградзкага раёну. На падставе ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі мужчыну асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі.

Манціроўшчыку Берасьцейскага тэатру лялек далі 2,5 года «хіміі» за абвінавачваньні Лукашэнкі ў TikTok

Суд Маскоўскага раёну Берасьця разгледзеў справу 50-гадовага манціроўшчыка сцэны Берасьцейскага тэатру лялек Андрэя Шчыгеля, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 і ч. 2 арт. 368 КК РБ), паведамляе «Вясна».

Згодна з абвінавачаньнем, мужчына ў TikTok «запісаў зварот, у якім вінаваціў Лукашэнку ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкага злачынства, прадугледжанага арт. 139 КК РБ „Забойства“». Тэкст звароту, пра які ідзе гаворка, падчас судовага разгляду ня быў агучаны.

Таксама ў віну Аляксандру ставілі тое, што ў тым жа акаўнце ў TikTok ён выклаў яшчэ адзін відэазварот, у якім, згодна з вэрсіяй лінгвістычнай экспэртызы, «утрымліваліся абразы і ненарматыўная лексыка, накіраваныя ў адрас Лукашэнкі». На судзе іх таксама не зачыталі.

Агулам у пратаколе налічвалася 63 відэа са старонкі Аляксандра ў TikTok.

У выніку судзьдзя Тацяна Лаўранюк прысудзіла Шчыгелю 2,5 года «хіміі».

Справу палітзьняволенай актывісткі Юліі Гарачкі накіравалі ў суд

Пракуратура Менску перадала ў Менскі гарадзкі суд справу актывісткі грамадзкай арганізацыі «Наш дом» Юліі Гарачкі. Яе абвінавачваюць у падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).

Паводле матэрыялаў справы, Юлія «ад імя арганізацыі «Наш Дом» са жніўня 2020 году па 14 ліпеня 2021 году разам зь іншымі асобамі кампэнсавала і аплачвала штрафы, паслугі адвакатаў, дзяржаўныя пошліны і іншыя выдаткі, зьвязаныя з разглядам адміністрацыйных і крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці» супраць беларусаў. Дапамогу атрымалі ня менш за 178 чалавек, а агульная сума перавысіла 141 тысячу рублёў.

За кратамі Юлія амаль 7 месяцаў.

Сябра прэзыдыюму БСДП Людмілу Волкаву перавялі ў Менскі СІЗА №1

Паручальніцтвы старшыні БСДП Ігара Барысава і першага намесьніка старшыні БСДП Аляксея Сігаева аб зьмяненьні ёй меры стрыманьня не далі станоўчага выніку, паведамляе БСДП. Людмілу Волкаву перавялі ў сьледчы ізалятар №1 на вуліцы Валадарскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG