Мінчанку аштрафавалі на 1860 долараў за пяць сэрцэек у ліфце і надпіс «Жыве Беларусь»
У Мінскім раённым судзе за малюнкі сэрцэйка і надпісы «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ» на плафоне ліфта асудзілі 52-гадовую мінчанку Натальлю Сьляпцову. Вясной мінулага года яе за гэта арыштоўвалі на 22 сутак, але потым яшчэ распачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства. У судзе артыкул зьмянілі на больш мяккі — арт. 341 Крымінальнага кодэкса (псаваньне маёмасьці).
Каб вылічыць таго, хто пакідае пратэстныя надпісы і малюнкі, сілавікі ўсталявалі відэакамеру ў пляфоне ў ліфце. Пратэстныя надпісы па ўласнай ініцыятыве адмывала суседка.
У выніку, судзьдзя Алена Новікава прызначыла Сьляпцовай велічэзны штраф — 150 базавых велічыняў альбо 4800 рублёў (1860 долараў).
Затрымалі яшчэ аднаго жыхара Ваўкавыску
Гэта супрацоўнік ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» Мікалай Варапай. Па папярэдняй інфармацыі, яго абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП), паведамляе «Вясна».
Жонку палітвязьня Івашына выклікалі на допыт
Жонку зьняволенага журналіста Дзяніса Івашына выклікалі на допыт у сьледчы аддзел упраўленьня КДБ па Горадзенскай вобласьці ў якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, паведамляе БАЖ.
Пра якую канкрэтна справу вядзецца, у позве не паведамляецца. Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 году і фактычна адрэзаны ад камунікацыі з роднымі, сілавікі блякуюць любую перапіску з журналістам.
У няволі на гэты момант — 32 прадстаўнікі мэдыя.
Затрыманы ўчора Анатоль Латушка трапіў на Акрэсьціна
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што разам са стрыечным братам Паўла Латушкі затрымалі Лілію Ананян і Алену Маліноўскую. Вядома, што Алена мае непаўналетняга сына.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ім ставяць у віну ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) — нібыта яны малявалі па трафарэце на паштовых скрынях у пад’ездах жылога дома герб «Пагоня».
Усе яны цяпер знаходзяцца ў турме на Акрэсьціна.
Менчука асудзілі за ўдзел у пратэстах, пра яго сілавікам паведаміў былы прыяцель
Суд Ленінскага раёну Менску разгледзеў крымінальную справу кіроўцы аднаго з прадпрыемстваў гораду Барыса Самковіча, абвінавачанага ў арганізацыі або актыўным удзеле у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ), паведамляе «Вясна». Паводле абвінавачаньня, Барыс удзельнічаў у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году, а таксама ў адным з дваровых маршаў восеньню таго ж году.
Падставай для крымінальнай справы стаў данос аднаго з былых прыяцеляў Барыса, які, убачыўшы ў Instagram ягонае фота на фоне пратэстоўцаў, пераслаў яго празь нейкі час у міліцыю.
«Менсктранс» выставіў Самковічу пазоў на больш як 4 800 рублёў, які мужчына аплаціў да вынясеньня прысуду, каб «застацца на волі і ўтрымліваць сям’ю».
У выніку судзьдзя Таццяна Шоцік прысудзіла абвінавачанаму два гады «хатняй хіміі».
Асуджаную пэнсіянэрку абавязалі заплаціць 500 рублёў міліцыянту
Суд Рэчыцкага раёну вынес прысуд пэнсіянэрцы Людміле Хлусевіч. Жанчыну абвінавачвалі ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 369 Крымінальнага кодэксу «Зьнявага прадстаўніка ўлады». Судзьдзя Марына Кацуба прызначыла пэнсіянерцы пакараньне — 2 гады «хатняй хіміі», а таксама пастанавіла выплаціць пацярпеламу міліцыянту маральную шкоду ў памеры 500 рублёў, хоць той ацаніў свае пакуты ў 1000 рублёў, паведамляе «Вясна».
Людміла Хлусевіч ужо адбывае пакараньне за аналягічнае «злачынства»: 15 верасьня яе асудзілі паводле артыкула 369 КК да 1,5 года «хатняй хіміі». У пэнсіянэркі анкалягічнае захворваньне, падчас першага працэсу жанчына пакідала перадсьмяротную запіску.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах