На адукацыйнай мэдыя-плятформе «Лятучы ўнівэрсытэт» зьявіўся новы дыстанцыйны курс, прысьвечаны беларускім літаратарам, расстраляным бальшавікамі ў Курапатах у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.
Адукацыйны курс сабраў напрацаванае ў межах праекту «(Не)расстраляныя», створанага ў памяць пра «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі НКВД беспадстаўна расстраляла больш як сотню беларускіх паэтаў, пісьменьнікаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у іх ліку Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Юлі Таўбін, Платон Галавач, Янка Нёманскі, Юрка Лявонны і многія іншыя.
Курс дазваляе паглыбіцца ў жыцьцё і творчасьць 18-ці літаратараў, якія загінулі падчас сталінскіх рэпрэсій. Для кожнага зь літаратараў прадстаўленыя лекцыі ад гісторыкаў і літаратуразнаўцаў, песьні і вершы ў выкананьні музыкаў і звычайных людзей (#ланцугпамяці), артыкулы і фільмы пра іх, а таксама іх творы і спасылкі на кнігі.
«Калі ў 2020-м вы яшчэ не абралі сабе любімчыка з літаратараў 30-х, то адстаеце ад трэндаў. Akute выконвае верш Анатоля Вольнага, Re1іkt спявае Міхася Зарэцкага, здымаецца ўжо сёмы hіstory doc, а вы ўсё гэта прапусцілі? Трэба наганяць», — адзначаюць аўтары курсу.
- Праект «(Не)расстраляныя» уключае творчасьць расстраляных беларускіх літаратараў у сучасны культурны кантэкст, галоўная яго ідэя — «уваскрасіць зь нябыту» іх імёны і «аддаць даніну памяці».
- У межах праекту цягам году ў кнігарні «Логвінаў» праходзілі адкрытыя лекцыі, прысьвечаныя расстраляным бальшавікамі беларускім паэтам, пазьней была апублікаваная відэазборка лекцыяў.
- На вершы рэпрэсаваных паэтаў беларускія музыкі краіны стварылі песьні, і ў 2017 годзе быў апублікаваны поўны музычны альбом «(Не)расстралянай паэзіі», а таксама
- Кожнаму з паэтаў, згаданых у праекце, завялі старонкі на Facebook.
- У працяг музычнага праекту пачалася падрыхтоўка кнігі «(Не)расстраляныя», грошы на які зьбіралі на плятформе Ulej.by.
- Таксама праект падштурхнуў сучасных творцаў і журналістаў да дасьледаваньняў і стварэньня новых фільмаў і твораў, прысьвечаных «трагічным і яскравым 30-ым». Распачаўся флэшмоб #ланцугпамяці, у якім літаратары і грамадзкія актывісты чыталіь вершы расстраляных паэтаў.