Міністэрства аховы здароўя зафіксавала за суткі 7,3 тысячы хворых на каранавірус. У наступную суботу ня пройдуць сустрэчы выпускнікоў у школах — праз эпідэмічную сытуацыю. Тым часам школы не адмаўляюцца ад масавых мерапрыемстваў з удзелам дзяцей, якія найбольш уразьлівыя ў гэтую «омікронную» хвалю.
У менскім палацы дзяцей і моладзі «Золак» 5 лютага плянуюць урачыста прымаць школьнікаў у піянэры. На мерапрыемстве будуць дзеці з розных школаў і гімназій сталіцы. Апроч прыёму ў піянэры, палац практычна штодзень ладзіць спартовыя і культурныя масавыя падзеі для дзяцей.
«Самы час зьбіраць дзяцей! І куды глядзяць бацькі?», — зазначыў чытач Свабоды.
У гімназіі № 25 Менску ў канцы студзеня пры «аншлягу» школьнікаў прайшла «Школа актыўнага грамадзяніна». У гімназіі № 1 Горадні — пазашкольнае мерапрыемства «Кола фартуны».
Навучэнцаў школы № 70 Гомля з парушэньнямі слыху 1 лютага звадзілі на адкрыцьцё выставы жывапісу ў бібліятэку.
У школе № 19 Гомля правялі «дынамічную перамену».
У мазырскай школе № 2 правялі для школьнікаў сустрэчу зь міліцыянтам. Дзясяткі дзяцей сядзелі ў актавай залі бяз масак і сацыяльнай дыстанцыі.
Пра гэтым эпідэмічная сытуацыя працягвае ўплываць на навучальны працэс. Так, на старонцы школы № 47 Гомля напісана, што вечар сустрэчы выпускнікоў адмяняецца «ў сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй і высокім працэнтам пэдагогаў, якія захварэлі».