Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта мой найлепшы ўрок для маіх вучняў». Гісторыя настаўніка, які звольніўся праз палітыку


Настаўнік Дзьмітры. Фота з уласнага архіву.
Настаўнік Дзьмітры. Фота з уласнага архіву.

Паразмаўлялі з былым школьным настаўнікам гісторыі, намесьнікам дырэктара, які ў жніўні 2020-га валянтэрыў на Акрэсьціна, удзельнічаў у маршах і звольніўся са школы з палітычных прычын.

«Я закахаўся ў сюжэты з гісторыі Беларусі! Яны неверагодныя! „Гульня тронаў“ адпачывае»

Дзьмітры раней працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства, таксама быў намесьнікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, падпрацоўваў рэпэтытарам. Кажа, што шлях да выкладаньня гісторыі быў доўгі.

«Па-першае, паўплывала мая настаўніца гісторыі Марыя Аляксандраўна — яе ўрокі. Па-другое, яе сумленнасьць і прыстойнасьць як чалавека і як настаўніцы. Яе падыход да фармаваньня крытычнага мысьленьня і прычынна-выніковых сувязяў. Але ўсьвядомленае жаданьне пачало зьяўляцца ў 9–10 клясах. Я закахаўся ў сюжэты з гісторыі Беларусі! Яны неверагодныя! „Гульня тронаў“ адпачывае, — сьмяецца Дзьмітры. — У мяне быў адзіны складаны выбар — гэта гістфак Пэдагагічнага або Горадзенскага ўнівэрсытэту, таму што я вельмі люблю Горадню».

Першы досьвед выкладаньня ў школе Дзьмітры атрымаў падчас практыкі і вучобы ў магістратуры.

«Гэта была 24-я гімназія ў Менску. Я некалькі тыдняў замяняў пэдагога. А далей было разьмеркаваньне ў 95-ю школу, потым была 17-я гімназія, у якой я працаваў да лістапада 2020 году».

Хлопец кажа, што найлепшае ў працы — гэта дзеці.

Дзьмітры з вучнямі. Фота з уласнага архіву
Дзьмітры з вучнямі. Фота з уласнага архіву

«Дзеці — гэта крыніца натхненьня. Яны крыніца твайго росту, як прафэсіянала і чалавека. Калі ты адкрыты да іх, яны адкрытыя да цябе. Яны — найлепшыя сябры на працы. Зь імі ты становісься лепшым. Вельмі клясна бачыць, як яны растуць як людзі, як асобы».

Дзьмітры з вучнямі. Фота з уласнага архіву
Дзьмітры з вучнямі. Фота з уласнага архіву

Праблемы ў школе зьявіліся ад самага пачатку працы. Яны розныя і іх шмат, прызнаецца Дзьмітры.

«У маладога пэдагога — гэта заробак, які хочацца абняць і плакаць, — усьміхаецца хлопец. — Гэта неадпаведнасьць таго, чаму цябе вучаць ва ўнівэрсытэце, і таго, з чым ты рэальна сутыкаесься на працы, велізарны разрыў у гэтым пляне. Вельмі слабая матэрыяльна-тэхнічная база, недасканаласьць заканадаўства ў галіне адукацыі, юрыдычная неабароненасьць пэдагогаў і сыстэмы ў цэлым перад іншымі ведамствамі. Тут можна цэлы артыкул напісаць асобны, асабліва аб працы намесьнікам дырэктара».

Хлопец прызнаецца, што хацеў працаваць намесьнікам дырэктара, каб разнастаіць і зрабіць больш цікавай вучобу для дзяцей, але памыліўся.

«У першую чаргу ты „выканаўца“, „кантралёр“. Усё астатняе ідзе на другі і нават трэці плян. Самым складаным была бессэнсоўная папяровая праца, якая не патрэбная нікому, акрамя праверак. Часам здаралася, што дакумэнты былі ў электронным выглядзе, але правяраючым патрэбныя папяровыя вэрсіі, каб былі прыгожыя папкі. Я лічу, што праца намесьніка па выхаваўчай працы павінна быць крэатыўнай і рабіць жыцьцё школьнікаў лепшым у сьценах самой гімназіі. Але на справе на гэта проста няма часу. Распаўсюдзь квіткі ў тэатры-музэі, зьбяры на хакей, прывядзі на суботнік. Праца хутчэй па абслугоўваньні і выкананьні загадаў зьверху. Вось асноўны крытэрый эфэктыўнасьці. Хоць цэнтрам павінны быць вучні, іх інтарэсы і разьвіцьцё».

Дзьмітры з вучнямі. Фота з уласнага архіву
Дзьмітры з вучнямі. Фота з уласнага архіву

«Я адчуваў сябе як чалавек, які ня здрадзіў сабе»

Летам 2020 году Дзьмітры на палову стаўкі працаваў настаўнікам гісторыі ў гімназіі, а зь верасьня павінен быў ісьці на поўную стаўку.

«Першы раз я зьявіўся ў гімназіі ў панядзелак, 17 жніўня, пасьля 4 дзён валянтэрства ля Акрэсьціна. У мяне быў яшчэ тыдзень адгулаў, і я проста ім скарыстаўся. Я адчуваў сябе тады ўжо адасоблена, мне здавалася, тое, што адбываецца на працы, зусім ня важна. Важна толькі тое, што адбывалася ў краіне, у грамадзтве».

Дзьмітрый кажа, што яго выклікала дырэктарка гімназіі, але яна была вельмі асьцярожная ў размове і ня ціснула.

«Бачная была яе разгубленасьць. Была толькі просьба „не падымаць хвалю ў гімназіі“. І такая пазыцыя захоўвалася яшчэ некалькі месяцаў. Толькі адзін раз я пачуў просьбу аб тым, каб я зьняў белы бранзалет. Было вельмі шмат словаў падтрымкі ад калег, людзі прыходзілі, дзякавалі. Многія калегі бачылі мяне на маршы настаўнікаў 14 жніўня. Ведалі, што я нейкі час быў валянтэрам пад Акрэсьціна. А я адчуваў сябе як чалавек, які ня здрадзіў сабе. Я адчуваў і адчуваю сябе лёгка. Мне ня сорамна ні як чалавеку, ні як настаўніку. Лічу, што гэта мой найлепшы ўрок для маіх вучняў».

«Мяне зьдзівілі калегі, якія лічылі, што „няма чаго лезьці“, „мала білі“»

Дзьмітры кажа, што адчуваў вялікую хвалю падтрымкі.

«Мае вучні і настаўнікі ведалі, бачылі ўсё і разумелі ўсё выдатна. Бацькі таксама. Многія пісалі ў сацсетцы словы падтрымкі. Было прыемна.

Гэта ўсё вельмі дапамагала. З вучнямі мы абмяркоўвалі сытуацыю на перапынках. Яны задавалі шмат пытаньняў. Шмат сем’яў я сустракаў на маршах».

Хлопец прыняў дакладнае рашэньне сысьці пасьля таго, як сілавікі ўварваліся ў дом на вуліцы Арлоўскай, пагражалі людзям і абражалі. На Дзьмітрыя гэта моцна паўплывала.

«Памятаю фразу адной калегі, калі разганялі сілай жаночы марш: „Ня нас жа бʼюць“. Уяўляеце? Гэтыя людзі працуюць з нашымі дзецьмі. Асабліва мяне зьдзівілі калегі, якія лічылі, што „няма чаго лезьці“, „мала білі“. Такіх была меншасьць, але ўсё ж».

Дзьмітры прызнаецца, што самым складаным у рашэньні сысьці было — як паведаміць пра гэта дзецям.

«І ня толькі ў клясе, дзе я быў клясным кіраўніком. Я патлумачыў сваю пазыцыю кожнай клясе, у якой вёў урокі. Свой апошні ўрок у кожнай клясе я пачынаў з гэтай размовы, тлумачачы ўсё сумленна. Гэта было самым складаным. Вельмі сумна было разьвітвацца зь некаторымі калегамі, якія, як і я, перажывалі і перажываюць за тое, што цяпер адбываецца і ў грамадзтве, і ў адукацыі».

Сям’я і блізкія хлопца паставіліся з разуменьнем і падтрымалі яго. Дзьмітры працягвае кантактаваць з былымі вучнямі і іх бацькамі.

«Я на сувязі з многімі вучнямі розных гадоў выпуску. Зь некаторымі стэлефаноўваемся, са многімі перапісваемся. Абмяркоўваем іх посьпехі, пляны. Можна сказаць, што мы ўжо добра сябруем», — усьміхаецца настаўнік.

«Важна перастаць скідаць на пэдагога, кляснага кіраўніка ці школу не ўласьцівыя ім функцыі»

Хлопец кажа, што зусім не шкадуе аб сваім сыходзе са школы.

«Зараз я выкладаю онлайн. Рыхтую да цэнтралізаванага тэставаньня. Я не шкадую, таму што я ў прафэсіі і выкладаю па сёньняшні дзень».

Дзьмітры працягвае займацца і самаадукацыяй.

«Пляную стаць мэнэджарам адукацыйных праектаў і праграм, ці нешта блізкае да гэтага. Тое, што спатрэбіцца нашай новай сыстэме адукацыі ў будучыні. Шмат плянаў у гэтым кірунку. Ну і, канечне, хачу далей выкладаць гісторыю і грамадазнаўства».

На пытаньне, што варта зьмяніць у сыстэме адукацыі, Дзьмітры адказвае так:

«Рэформа сыстэмы адукацыі — гэта доўгі і паэтапны працэс. Для пачатку трэба наладзіць дыялёг пра рэформу з рознымі зацікаўленымі бакамі. Гэта вышэйшая школа, бізнэс, грамадзкі сэктар і г. д. Рэформа адукацыі — гэта новы сацыяльны запыт розных груп грамадзтва. Які вобраз выпускніка ў нас павінен быць? Нам трэба вырашыць асноўныя пытаньні, перш чым пераходзіць да практычных крокаў. Вялікія зьмены спачатку немагчымыя. Але як настаўнік скажу, што для пачатку важна перастаць скідаць на пэдагога, кляснага кіраўніка ці школу не ўласьцівыя ім функцыі, якія цяпер навязваюцца мясцовымі органамі ўлады розных узроўняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG