Як перадае тэлеканал «Мир 24», у Белавескай пушчы пералічваюць зуброў штогод бліжэй да зімы, калі яны па некалькі сотняў зьбіваюцца ў вялікія статкі. І хоць запаведнік раскінуўся на 160 гектарах, для іх расьсяленьня прыдатна менш за палову тэрыторыі.
Па словах навуковага супрацоўніка нацыянальнага парку «Белавеская пушча» Аляксея Буневіча, патрабуецца шмат грошай, каб падкарміць папуляцыю такога памеру ў пэрыяд халадоў. Акрамя таго, некаторыя пачалі заходзіць на сельскагаспадарчыя палеткі.
«Гэта ня фэрма, і тут нельга трымаць бясконцую колькасьць зуброў», — адзначыў навуковец.
На тэрыторыі Беларусі пражывае звыш 2 тысяч зуброў, таму паўстала неабходнасьць рэгуляваньня колькасьці жывёлін гэтага чырванакніжнага віду.
Адзін з варыянтаў — пашырэньне рэзэрвовага фонду, куды ўносяць старых і хворых зуброў, на якіх дазваляецца паляваньне. Цяпер у яго прапануюць дадаваць зьнясіленых і зусім слабых асобін. Такое паляваньне папулярнае ў іншаземцаў, якія гатовыя плаціць да 10 тысяч эўра.
Другі мэтад рэгуляцыі — перасяленьне зуброў ня толькі на тэрыторыі Беларусі, а і ў замежныя папуляцыі. Галоўнае пры гэтым — захаваць здаровы генафонд і ня страціць шматвяковы сымбаль краіны.